Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́ЙНЭ-ВА́ГНЕРЭ

(Heine-Vāgnere; Гейне-Вагнер) Жэрмена Леапольдаўна (н. 23.6.1923, Рыга),

латышская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Латв. кансерваторыю (1950). У 1950—75 салістка Латв. т-ра оперы і балета. Дасканалае вак. майстэрства спалучаецца ў яе творчасці з яркім драм. талентам. Сярод партый: Банюта («Банюта» А.Калніньша), Спідола («Агонь і ноч» Я.Медыня), Гундэга («Прынцэса Гундэга» А.Скултэ), Леанора, Дэздэмона, Аіда, Тоска, Віялета («Трубадур», «Атэла», «Аіда», «Тоска», «Травіята» Дж.Вердзі), гал. партыі ў операх Р.Вагнера «Тангейзер», «Лаэнгрын», «Валькірыя» і інш. Выканала партыі сапрана ў 9-й сімфоніі Л.Бетховена, «Рэквіеме» Вердзі, «Асуджэнні Фауста» Г.Берліёза і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1957.

т. 5, с. 135

ГЕ́ЙРАЎСКІ

(Heyrovský) Яраслаў (20.12.1890, Прага — 27.3.1967),

чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.

Тв.:

Рус. пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.Кута).

т. 5, с. 135

ГЕЙТАНАГА́МІЯ

(ад грэч. geitōn сусед + ...гамія),

апыленне ў межах адной расліны ў выніку пераносу пылку з кветкі на кветку. Напр., у парасонікавых раслін насякомыя поўзаюць па ўсім суквецці і пераносяць пылок, сабраны на адной кветцы, на рыльца песціка другой кветкі. Пры гейтанагаміі ў некат. раслін насенне зрэдку не ўтвараецца.

т. 5, с. 135

ГЕ́ЙТСХЕД

(Gateshead),

горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі, у канурбацыі Тайнсайд. Каля 100 тыс. ж. (1994). Порт на р. Тайн, разам з Ньюкаслам, з якім злучаны мастамі, утварае буйны трансп. вузел. Прам-сць: машынабудаванне, гумавая, харч., швейная, паліграфічная. Прамысл. парк Тым-Валі. Музей, маст. галерэя.

т. 5, с. 135

ГЕЙХЕ́РА

(Heuchera),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (Н. americana), гібрыдная (Н. hybrida) і крывава-чырвоная (Н. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 135

ГЕЙЦ Ніна Мікалаеўна

(11.1.1912, Баку — 7.12.1983),

бел. актрыса. Скончыла дзярж. драм. курсы пры Бел. тэхнікуме сцэн. мастацтва (1932) і да 1971 працавала ў Бел. т-ры імя Я.Купалы. Яе гераіні — простыя жанчыны, натуральныя, жыццёвыя, каларытныя: Бабка («Салавей» З.Бядулі), Куліна («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Аўгіння («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Бабка («Таня» А.Арбузава), Бальзамінава («Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага) і інш.

т. 5, с. 135

ГЕ́ЙША,

у Японіі прафесійная спявачка, танцоўшчыца, абучаная весці свецкую гутарку, што забаўляе наведвальнікаў чайных домікаў ці гасцей на прыёмах, банкетах і інш.

т. 5, с. 136

ГЕ́ЙШТАР

(Gieysztor) Аляксандр (н. 17.7.1916, Масква),

польскі гісторык. Бацька Гейштара паходзіў са шляхецкага роду (в. Ізбішча Барысаўскага пав., цяпер Лагойскі р-н). Гейштар вучыўся ва ун-тах Варшавы і Парыжа. У 1946—89 праф., дэкан гіст. ф-та Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1980—91 дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве. Чл. (з 1972) і старшыня (1981—84, 1990—92) Польскай АН, чл. многіх акадэмій Еўропы. Чл. кіраўніцтва (1965) і старшыня (1980—85) Міжнар. к-та гіст. навук. Выкладчык і ганаровы доктар буйнейшых ун-таў Еўропы. Даследуе еўрап., у т. л. польскае, сярэдневякоўе, гісторыю гарадоў і культуры Рэчы Паспалітай, даследуе спец. гіст. дысцыпліны.

Тв.:

: Mitologia Słowian. Warszawa, 1982.

т. 5, с. 136

ГЕ́ЙШТАР Леанід Рыгоравіч

(н. 15.10.1936, г. Гомель),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Гомельскі ун-т (1969). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 1000 м (1960), свету і Еўропы на дыстанцыі 10 000 м (1963), Еўропы на дыстанцыі 10 000 м (1961). Пераможца Спартакіяд народаў СССР на дыстанцыях 10 000 м (1959), 1000 і 10 000 м (1963), чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1961—63) і 10 000 м (1959—63). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з С.Макаранкам.

т. 5, с. 136

ГЕ́ЙШТАР Якуб

(Якуб Казімір Станіслаў) Станіслававіч (18.4.1827, маёнтак Мядэкшы Ковенскага пав., цяпер Кедайнскі р-н Літвы — 15.11.1897),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це (1844—48). З пач. 1860-х г. адзін з кіраўнікоў памешчыцкай партыі «белых» у Літве і Беларусі. У лют. 1863 узначаліў паўстанцкі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, выступаў супраць К.Каліноўскага і інш. рэв. дэмакратаў. 12.8.1863 арыштаваны, высланы напачатку ва Уфу, пасля новага следства — на катаргу ў Сібір. З 1873 у Варшаве. Аўтар «Успамінаў 1857 — 1865 гадоў» (1913), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863—64.

Літ.:

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

Г.В.Кісялёў.

т. 5, с. 136