Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАСТА́ЦКАЕ ЧЫТА́ННЕ,

публічнае выкананне твораў л-ры; від эстрады.

Вытокі М.ч. ў мастацтве дэкламацыі Стараж. Грэцыі і Рыма. У жанры М.ч. выступалі вядомыя зах.-еўрап. акцёры [браты Каклен, В.​Дэжазэ (Францыя), І.​Кайнц (Германія), Г.​Ірвінг (Англія) і інш.]. Выразнае вуснае слова — у аснове нар. мастацтва скамарохаў, акынаў, ашугаў. У Расіі як прафес. М.ч. зарадзілася ў 19 ст. на вечарах літ. чытанняў М.​Шчэпкіна. Майстрамі М.ч. былі В.​Качалаў, І.​Масквін, Дз.​Арлоў, І.​Ільінскі і інш.

На Беларусі заснавальнікам М.ч. лічыцца Сімяон Полацкі (у 1656 падрыхтаваў дэкламацыю «Прывітальныя вершы цару Аляксею Міхайлавічу»). У пач. 20 ст. з М.ч. выступалі акцёры т-ра Буйніцкага (А.​Бурбіс, В.​Буйніцкая, П.​Швайка, Я.​Хвеакціст і інш.), у 1920—30-я г. — У.​Галубка (С.​Бірыла, А.​Блажэвіч, В.​Вазнясенскі, Г.​Качынская і інш.). З 1940-х г. М.ч. развіваецца як самастойны від выканальніцтва. Сярод бел. чытальнікаў Р.​Дзідзенка, Г.​Дзягілева, М.​Зорын, М.​Казінін, І.​Лакштанаў, Г.​Рыжкова, А.​Слесарэнка, М.​Шышкін. Па радыё і тэлебачанні з М.ч. выступалі і выступаюць артысты Г.​Глебаў, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, І.​Шаціла, В.​Анісенка, Ф.​Варанецкі, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, М.​Захарэвіч, Р.​Маленчанка, В.​Тарасаў, Б.​Уладамірскі, В.​Шушкевіч і інш.

Літ.:

Аксенов В.Н. Искусство художественного слова. 2 изд. М., 1962;

Смоленский Я.М. Искусство звучащего слова. М., 1967;

Каляда А.А. Выразнае чытанне. 3 выд. Мн., 1989.

А.​А.​Каляда.

т. 10, с. 193

МАСТА́ЦКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

прафесійная падрыхтоўка жывапісцаў, скульптараў, графікаў, спецыялістаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, маст. канструявання, мастацтвазнаўцаў.

У краінах Стараж. Усходу, Грэцыі, Рыме мастацтву вучыліся ў майстроў, якія перадавалі свае веды і вопыт вучням. У сярэднявеччы было пашырана цэхавае навучанне. З 16 ст. ў Еўропе пачалі адкрывацца маст. школы-акадэміі. У Расіі ў 17 ст. М.а. атрымлівалі ў Аружэйнай палаце ў Маскве, з 1711 у Рысавальнай школе пры Пецярбургскай друкарні; з 1757 цэнтрам маст. адукацыі стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў.

На Беларусі ў 19 ст. вял. ролю ў падрыхтоўцы мастакоў адыгралі Віленская мастацкая школа, Віленская школа малявання, Полацкая езуіцкая акадэмія і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна, рысавальны клас (1899), школы-студыі Я.​Кругера (1906) у Мінску, Ф.​Пархоменкі ў Магілёве. У 1920-я г. створаны маст. школы і студыі ў Мінску, Гаралку, Оршы, Полацку, Гомельская мастацкая студыя, Віцебскае маст. вучылішча, у 1947 — Мінскае мастацкае вучылішча. Спецыялістаў з вышэйшай М.а. рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі.

Па асобных маст. спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка ў Беларускай політэхнічнай акадэміі, Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускім універсітэце культуры, Брэсцкім універсітэце, Віцебскім універсітэце, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, Гомельскім універсітэце, Гродзенскім універсітэце, Магілёўскім універсітэце. Спецыялістаў з сярэдняй М.а. рыхтуюць Мінскае, Гомельскае маст. вучылішчы, Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў (гл. Беларускі ліцэй мастацтва), Віцебскае і Гродзенскае вучылішчы мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Маладзечанскае музычнае вучылішча, Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Віцебскае вышэйшае прафес. вучылішча нар. маст. промыслаў, Бабруйскае вышэйшае прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва, Кобрынскае вышэйшае прафес. вучылішча выяўл. мастацтва і маст. промыслаў, Мінскі гар. вучэбна-прафес. цэнтр дэкар.-прыкладнога мастацтва, Мірскае маст. прафес.-тэхн. вучылішча рэстаўрацыйна-буд. работ. На Беларусі працуюць (1999): 24 дзіцячыя маст. школы, Мінскі маст. ліцэй пры Бел. АМ, 76 сярэднеадукацыйных школ з маст. ухілам, 6 з муз.-маст., 2 з муз.-выяўл. і харэаграфічным, 16 з архітэктурна-выяўл., 116 з агульнаэстэт. ухілам, маст. аддзяленні пры дзіцячых школах мастацтваў, студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва пры Нац. цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Мінскім Палацы дзяцей і моладзі, гар. і раённых дамах культуры, дамах нар. рамёстваў. Для ўдасканалення майстэрства мастакоў існуюць Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі, мастацтвазнаўцаў — аспірантуры пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Бел. АМ, Бел. акадэміі музыкі, Віцебскім ун-це, Бел. ун-це культуры.

Р.​І.​Кароткін.

т. 10, с. 193

МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).

2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп. Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.

т. 10, с. 193

МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я рэспубліканская Беларускага саюза мастакоў. Адкрыта ў 1973 у Мінску, да 1991 наз. Палац мастацтваў. Мае 3 выставачныя залы — жывапісу (пл. 1450 м²), графікі (пл. 670 м²), дэкар.-прыкладнога мастацтва (пл. 500 м²), вестыбюль з антрэсолямі (пл. 745 м², выкарыстоўваецца для экспазіцый), канферэнц-залу (на 100 месцаў). Невял. дворык з дэкар. вадаёмамі і малымі арх. формамі з’яўляецца дадатковай экспазіцыйнай плошчай для скульптуры і керамікі пад адкрытым небам. Прызначана для правядзення перыяд. выставак (персанальных, групавых, рэсп., замежнага мастацтва) і прапаганды мастацтва.

Пабудавана паводле праекта арх. С.​Мусінскага, Н.​Краўковай. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, асіметрычны гал. ўваход якога падкрэслены вял. казырком. Пілоны падтрымліваюць гал. верхні аб’ём, прарэзаны жалезабетоннымі рэбрамі і падзелены на 2 часткі: ніжняя абліцавана керамічнай пліткай. верхняя мае стужачнае шкленне і завяршаецца вельмі высунутым карнізам.

Б.​А.​Крэпак, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Мастацкая галерэя рэспубліканская.

т. 10, с. 193

МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,

від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.

Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.

На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.​Агрызка, В.​Ваткіна, В.​Гантар, І.​Лісоўская, В.​Рабіновіч, Ю.​Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.​Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).

т. 10, с. 193

МАСТА́ЦКАЯ КРЫ́ТЫКА,

творчая дзейнасць па вытлумачэнні, інтэрпрэтацыі, аналізе і ацэнцы твораў мастацтва, а таксама па ўсведамленні з’яў сучаснага маст. працэсу, кірункаў, відаў і жанраў маст. творчасці; раздзел мастацтвазнаўства. Уключае літаратурную крытыку, тэатральную крытыку, кінакрытыку (гл. ў арт. Кіназнаўства), музычную крытыку (гл. ў арт. Музыказнаўства), крытычную дзейнасць у галіне пластычных мастацтваў (сустракаецца і трактоўка паняцця «М.к.» ў вузкім сэнсе — у якасці аналізу, вытлумачэння і ацэнкі твораў пластычных мастацтваў). Метадалогіяй М.к. выступае эстэтыка, якая непасрэдна зыходзіць з мастацтвазнаўчых ведаў. М.к. суадносіць з’явы мастацтва з жыццём, грамадскімі і эстэт. ідэямі свайго часу ў параўнанні з інш. этапамі культ.-гіст. развіцця чалавецтва, разглядае сучасны маст. працэс як пэўны этап гісторыі мастацтваў і як праяўленне яе агульных законаў. М.к. грунтуецца на сістэме эстэт. ацэнкі і суджэннях густу эстэтычнага, шырока карыстаецца метадамі інтэрпрэтацыі і аналізу маст. твораў з мэтай вылучэння асаблівасцей зместу і формы, вызначэння іх эстэт. і маст. каштоўнасцей. З анталагічнага пункту гледжання М.к. носіць суб’ектыўны характар, аднак імкнецца да аб’ектыўнасці, выяўлення аб’ектыўнай падставы ацэнкі. М.к. мае дваістую накіраванасць. Звяртаючыся і да творцы, і да публікі, яна з’яўляецца своеасаблівым «правадніком», які забяспечвае «адваротную сувязь» ва ўсёй сістэме маст. культуры грамадства: з аднаго боку, адзначае пазітыўныя (або негатыўныя) тэндэнцыі сучаснага маст. працэсу, садзейнічае ўдасканаленню творчасці мастакоў; з другога — выступае важным сродкам фарміравання ідэалу эстэтычнага, эстэт. культуры, маст. густу, эстэтычнага выхавання, эстэт. ўспрымання рэцыпіентаў мастацтва.

Пачаткі М.к. трапляюцца ў трактатах філосафаў Індыі, Кітая, Стараж. Грэцыі, Рыма. Імкненне да навук. абгрунтавання мастацтва, яго крытычнага і гіст. вытлумачэння склалася ў эпоху Адраджэння; узніклі крытэрыі ацэнкі маст. твораў, звязаныя з вызваленнем навукі і мастацтва ад царк. норм. З сярэдзіны 18 ст. М.к. існуе як грамадскі ін-т, спецыфічны феномен у культуры і развіцці соцыуму. Вял. значэнне для яе развіцця мела дзейнасць Д.​Дзідро, Ш.​Бацё, Г.​Лесінга, І.​В.​Гётэ, эстэт. канцэпцыі класічнай ням. філасофіі. У развіццё рус. М.к. 19 ст. вял. ўклад зрабілі В.​Бялінскі, які вызначаў М.к. як «рухомую эстэтыку», і У.​Стасаў.

Элементы М.к. ў бел. культуры трапляюцца ўжо ў эпоху Адраджэння ў перакладной («Аповесць пра Трою», «Александрыя») і мемуарна-летапіснай (Баркулабаўскі летапіс) л-ры, філас.маст. і публіцыстычнай творчасці Ф.​Скарыны, Міколы Гусоўскага, С.​Буднага. У 17 ст. асобныя сістэмы эстэт. крытэрыяў стварылі на бел. зямлі Сімяон Полацкі і М.​Сарбеўскі, якія распрацоўвалі пытанні паэтыкі, красамоўства, выяўл. мастацтва. Праблемы М.к. займалі значнае месца ў творчасці пачынальніка новых бел. л-ры і т-ра В.​Дуніна-Марцінкевіча. У 2-й пал. 19 ст. асн. прынцыпамі М.к. былі абвешчаны рэалізм і народнасць, што сталі падмуркам творчасці бел. пісьменнікаў-дэмакратаў Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча і інш. На чале прафес. М.к. ў пач. 20 ст. стаялі Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, З.​Бядуля, а таксама публіцысты «нашаніўскага» перыяду. У 1920-я г. значны ўклад у развіццё бел. М.к. зрабіў М.​Шчакаціхін. У сав. час паступова сфарміравалася новая плынь М.к., звязаная з тэорыяй мастацтва і развіццём відаў мастацтва. Яна адыграла значную ролю ў развіцці прафес. мастацтва. Развіццё М.к. прывяло да ўзнікнення Саюза літ.-маст. крытыкаў Беларусі (1997).

Літ.:

Долгов К.М. Эстетика и художественная критика. М., 1972;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. М., 1977;

Щукина Т.С. Теоретические проблемы художественной критики. М., 1979;

Борев Ю.Б. Искусство интерпретации и оценки. М., 1981;

Баранов В.И., Бочаров А.Г., Суровцев Ю.И. Литературно-художественная критика. М., 1982;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

В.​А.​Салееў.

т. 10, с. 194

МАСТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.

Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.

У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн. маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав. традыцыі, засваення візант. хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап. маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл. Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел. нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл. Адраджэнне нацыянальнае).

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 194

МАСТА́ЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

гл. ў арт. Літаратура.

т. 10, с. 194

«МАСТА́ЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА»,

выдавецтва Дзярж. к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1972 у Мінску на базе рэдакцый маст. і дзіцячай л-ры выд-ва «Беларусь». Выпускае арыгінальныя творы пісьменнікаў Беларусі на бел. і рус. мовах, кнігі па літ.-знаўстве і крытыцы, творы замежных пісьменнікаў, зборы твораў і выбр. творы, літ. спадчыну, дакумент., публіцыстычную л-ру. Да стварэння выд-ва «Юнацтва» (1981) выдавала л-ру для дзяцей і юнацтва. У складзе выд-ва рэдакцыі: паэзіі і прозы; збораў твораў, выбр. твораў і перакладной л-ры, гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Мае выдавецкія серыі: «Першая кніга паэта» (з 1968), «Першая кніга празаіка» (з 1971), «Паэзія народаў свету» (з 1971), «Бібліятэка замежнай прозы» (з 1983), «Скарбы сусветнай літаратуры» (з 1989), «Бібліятэка беларускай класікі» (з 1990), «Памяць» (з 1996), «Беларуская паэзія XX стагоддзя», «Беларуская проза XX стагоддзя» (абедзве з 1998) і інш.

Выдавала серыі: «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы», «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш.; штогоднікі: паэзіі — «Дзень паэзіі» (1965—94), замежнай л-ры — «Далягляды» (1975—92), публіцыстыкі — «Сучаснік» (1977—89), л-ры народаў СССР — «Братэрства» (1982—92). Асвоіла выпуск факсімільных («Вянок» М.​Багдановіча, «Жалейка» Я.​Купалы, «Песні-жальбы» Я.​Коласа, «На этапах» М.​Танка і інш.) і мініяцюрных выданняў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы выдала верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» на 83 мовах свету. Выдала зборы твораў К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Я.​Коласа (т. 1—14, 1972—78), К.​Крапівы (т. 1—5, 1974—76), А.​Куляшова (т. 1—5, 1974—77), Я.​Маўра (т. 1—4, 1975—76); П.​Броўкі (т. 1—7, 1975—78), І.​Шамякіна (т. 1—6, 1977—79), А.​Якімовіча (т. 1—3, 1978—80), М.​Танка (т. 1—6, 1978—81), Я.​Брыля (т. 1—5), М.​Лужаніна (т. 1—4; абодва 1979—81), І.​Мележа (т. 1—10, 1979—85), В.​Быкава (т. 1—4, 1980—82), П.​Панчанкі (т. 1—4, 1981—83), І.​Навуменкі (т. 1—6, 1981—84), У.​Карпава (т. 1—5, 1983—85), М.​Гарэцкага (т. 1—4), П.​Глебкі (т. 1—4), П.​Пестрака (т. 1—5; усе 1984—86), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985—89), А.​Бачылы (т. 1—3, 1986—87), К.​Кірэенкі (т. 1—3, 1986—88), А.​Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), У.​Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), П.​Броўкі (т. 1—9, 1987—92), К.​Чорнага (т. 1—6, 1988—92), А.​Пысіна (т. 1—2, 1989), А.​Асіпенкі (т. 1—3, 1989—90), М.​Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), І.​Пташнікава (т. 1—4, 1990—92), С.​Гаўрусёва (т. 1—2), Я.​Пушчы (т. 1—2; абодва 1993—94) і інш. Выдае зборы твораў: Я.​Купалы ў 9 т. (т. 1—5, 1995—98), Н.​Гілевіча ў 6 т. (т. 1, 1996), Р.​Барадуліна ў 5 т. (т. 1—2, 1996—98), К.​Крапівы ў 6 т. (т. 1—2, 1997) і інш. У серыі «Памяць» выйшлі кн. «Валожынскі раён» (1996), «Мазыр і Мазырскі раён» (1997). Дырэктары: М.​Ткачоў (1972—79), М.​Дубяпецкі (1979—86), А.​Бугэвіч (1986—87), В.​Грышановіч (1987—93), С.​Андраюк (1993—95), Г.​Марчук (з 1996).

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 194

МАСТА́ЦКАЯ САМАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

гл. Самадзейнае мастацтва.

т. 10, с. 195