Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕРЭКСУ́РЫ (манг.),

пахавальныя збудаванні 1-га тыс. да н.э. і 6—10 ст. н.э. ў Манголіі, Тыве і Забайкаллі. Размешчаны пераважна ў катлавінах і па далінах буйных рэк. Уяўляюць сабой каменныя насыпы (курганы), акружаныя квадратнай ці круглай каменнай агароджай з дадатковай кальцавой выбрукоўкай.

т. 8, с. 240

КЕ́РЭР (Рудольф Рыхардавіч) (н. 10.7.1923, Тбілісі),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Чымкенцкі настаўніцкі ін-т (1952), Ташкенцкую кансерваторыю (1957), у 1957—61 выкладаў у ёй. З 1961 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1979 праф.). У рэпертуары творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў і сучасных аўтараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1961). З канца 1980-х г. жыве за мяжой.

т. 8, с. 240

КЕ́САН-СІ́ЦІ (Quezon City),

горад на Філіпінах, на в-ве Лусон. Засн. ў 1940. Названы ў гонар першага прэзідэнта Філіпін М.Кесана. У 1948—76 афіцыйная сталіца краіны, знаходзіцца ў складзе Вял. Манілы. 1,7 млн. ж. (1994). Прам-сць: лёгкая, харч., хім., металаапрацоўчая. Ун-т. Цэнтр ядзерных даследаванняў.

т. 8, с. 240

КЕ́САР,

візантыйская, стараслав. і стараж.-рус. назва рым. імя і імператарскага тытула Цэзар (лац. Caezar) праз грэч. kaisar — манарх, уладар.

т. 8, с. 240

КЕ́САРАВА (Алена Паўлаўна) (5.10.1910, Вільня — 17.3.1972),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р біял. н. (1960), праф. (1961). Скончыла Смаленскі мед. ін-т (1931). З 1949 заг. кафедры Бел. ін-та фіз. культуры, з 1964 у БДУ. Навук. працы па праблеме рэгуляцыі тонусу шкілетных мышцаў чалавека, уплыву заняткаў спортам на растучы арганізм.

Тв.:

Тонус скелетных мышц и его регуляция у здорового человека. Мн., 1960.

т. 8, с. 240

КЕ́САРАВА СЯЧЭ́ННЕ, кесарскае сячэнне

[ад lex Caesarea — у Стараж. Рыме царскі (кесараў) закон, што дазваляў рабіць такую аперацыю],

хірургічная аперацыя з мэтай дастаць плод і паслед з поласці маткі праз разрэз яе сценкі Адрозніваюць К.с абдамінальнае (брушна-сценачнае) і похвеннае. Робяць К.с. пры жывым плодзе, калі ёсць пагроза для жыцця маці і плода, калі нармальныя роды немагчымы (вузкі ці дэфармаваны таз, рэзкія рубцовыя змены похвы, узрост жанчыны — 30 і больш гадоў, вял. плод і інш.). Пры вострых і моцных крывацёках, некаторых хваробах К.с. робяць нават пры мёртвым ці нежыццяздольным плодзе для выратавання маці.

І.У.Дуда.

т. 8, с. 240

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраекг» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

КЕ́СЛЕР (Карл Фёдаравіч) (1.12.1815, Дамраў Кёнігсбергскай акругі, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 15.3.1881),

расійскі заолаг. Чл.-кар. Пецярб. АН (1874). Скончыў Пецярб. ун-т (1838). З 1844 у Кіеўскім, у 1861—73 у Пецярб. ун-це (з 1867 рэктар). Навук. працы па іхтыяфауне Чорнага, Аральскага, Каспійскага мораў, бас. рэк Нява, Волга, Анежскага і Ладажскага азёр, фауне пазваночных еўрап. ч. Расіі.

Тв.:

Путешествие с зоологической целью к северному берегу Черного моря и в Крым в 1858 г. Киев, 1860.

т. 8, с. 240

КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),

у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.

Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.

На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.

В.Ф.Валошын.

Кесоны купала Пантэона ў Рыме.

т. 8, с. 241

КЕСО́Н у тэхніцы,

1) агараджальная, пераважна жалезабетонная, канструкцыя для ўтварэння пад вадой або ў воданасычаным грунце рабочай прасторы, свабоднай ад вады. Складаецца з кесоннай камеры і надкесоннага збудавання, для зносін з паверхняй мае шлюзавы апарат. Выкарыстоўваецца пры збудаванні масіўных фундаментаў, апор і інш. 2) Драўляная або метал. скрыня для частковага асушэння падводнай ч. судна з мэтай рамонту ці агляду. Унутр. бок скрыні мае выраз па форме абводу ўчастка на корпусе судна, які асушаецца.

3) Стальныя скрынкі, якія выкарыстоўваюцца ў шахтавых металург. печах і ў газавых каналах мартэнаўскіх печаў; ахаладжаюцца цыркулюючай у іх вадой або метадам выпаральнага ахаладжэння.

4) Полы каробчаты ланжэрон, які ўспрымае намаганні, што дзейнічаюць на крыло самалёта.

Кесон у будаўніцтве: 1 — шлюзавы апарат; 2 — надкесоннае збудаванне; 3 — кесон; 4 — рабочая камера.

т. 8, с. 241