Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).

т. 11, с. 27

МУРАВА́НКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ, Маламажэйкаўская царква-крэпасць,

помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.

А.М.Кулагін.

Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.Гразноў.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.

т. 11, с. 27

МУРАВА́НЫ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 500 м на Пн ад в. Селішча Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Валун цёмна-шэрага гнейсу з жылкамі шаравата-белага кварцу, уключэннямі мускавіту. Даўж. 5,7 м, шыр. 3,2 м, выш. бачнай часткі 1,7 м, у абводзе 14,7 м, аб’ём 31 м³, маса каля 82 т. Мае выцягнутую прасападобную форму і трэшчынаватую паверхню. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.Ф.Вінакураў.

т. 11, с. 27

МУРАВЕ́ЙКА (Іван Андрэевіч) (н. 21.10. 1921, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1939), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). З 1948 у любанскай раённай газеце Друкуецца з 1936. Аўтар зб. вершаў «Песня над палямі» (1955). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (1981), «Я прыдумаў казку» (1985). У кн. «Прынёс з вайны» (1991) — франтавыя запісы, вершы, апавяданні пра аднапалчан і інш.

т. 11, с. 28

МУ́РАВЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Брагінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Чэрнеў, на тэр. торфаўчастка Мураўна. Створана ў 1982. Пл. 1,68 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 7,5 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Сярэдняя Брагінка па падвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 4,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, гасп.-быт. мэт.

т. 11, с. 28

МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн. ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.

Літ.:

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.

І.А.Паўлоўская.

т. 11, с. 28

МУРАВІ́ЦКІ (Лука Захаравіч) (31.12.1917, в. Доўгае Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 30.11.1941),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Барысаглебскае ваен. авіяц. вучылішча (1938). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941: пілот знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант М. суправаджаў трансп. самалёты ў блакіраваны Ленінград, прыкрываў з паветра разгрузку чыг. эшалонаў, збіў 3 самалёты праціўніка, 3 вер. тараніў ням. бамбардзіроўшчык. Загінуў у баі.

Л.З.Муравіцкі.

т. 11, с. 28

МУРАВІ́ШЧЫНА, Муравішчынскі канал,

ручай у Слуцкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Вял. Сліва (бас. р. Прыпяць). Даўж. 21,3 км. Пачынаецца за 2,5 км на У ад в. Амговічы. Прыток — ручай Сліўка (злева). Рэчышча каналізаванае.

т. 11, с. 28

МУРАГІ́,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 24 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,59 км², даўж. каля 2,6 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 19,4 м, даўж. берагавой лініі каля 5,8 км. Пл. вадазбору 102 км². Схілы катлавіны выш. да 36 м, парэзаныя ярамі. Берагі нізкія, пясчаныя, ’пад хмызняком. У прыбярэжнай зоне дно пясчанае, глыбей — ілістае. Мелкаводны ўсх. заліў зарос. Упадае шмат ручаёў.

т. 11, с. 28

МУРА́ДАЎ (Шырын) (уста Шырын; 18.8.1880, г. Бухара, Узбекістан — 12.2.1957),

узбекскі нар. дойлід. Засл. дз. маст. Узбекістана. (1943). Ганаровы чл. АН Узбекістана (1943). Мастак-арнаменталіст, рэзчык па ганчы. Развіваў традыцыі ўзб. нар. арнаменту. Ствараў дэкар. кампазіцыі для аздаблення жылых дамоў Бухары (1895—1910-я г.) і палаца Сітараі-Махі-хаса каля Бухары (1912—14). Аўтар разнога дэкору Бухарскай залы Т-ра оперы і балета імя Наваі ў Ташкенце (1947) і інш. Рэстаўрыраваў арх. помнікі. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Ноткин И.И. Бухарская резьба по ганчу в работах усто Ширина Мурадова. Ташкент, 1961.

т. 11, с. 28