Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРСКІ́Я ІГО́ЛКІ,

іголкавыя (Syngnathidae), сямейства рыб атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 50 родаў, больш за 180 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некат. віды — у прэсных вадаёмах. У Азоўскім, Балтыйскім, Каспійскім, Чорным і Японскім м. трапляюцца 3 роды: марскія канькі, іголкі-рыбы (Syngnathus) і марское шыла (Nerophis).

Даўж. да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некат. відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.

Марскія іголкі: 1 — даўгарылая, 2 — марское шыла; 3 — пухлашчокая.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я КАРАСІ́ (Diplodus),

род рыб сям. спаравых атр. акунепадобных. 14 відаў. Часам М.к. наз. усіх прадстаўнікоў сям. спаравых, у т.л. з родаў боапсаў (Boops), зубаноў (Dentex), пагелаў (Pagellus), паграў (Pagrus) і інш. Пашыраны пераважна ў субтропіках Атлантычнага і зах. ч. Індыйскага акіянаў. У Чорным м. трапляецца 9 відаў, у т.л. М.к. звычайны, або ласкір (D. annularis). Жывуць у прыбярэжных водах.

Даўж. да 30 см. Кормяцца водарасцямі і доннымі беспазваночнымі. Многія М.к. — гермафрадыты (функцыянуюць спачатку як самцы, потым як самкі або наадварот). Аб’екты промыслу.

Марскі карась звычайны.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я КА́РТЫ.

Адлюстроўваюць рэльеф марскога дна і адзнакі глыбінь, склад грунтоў, берагавую лінію, рэльеф і прыкметныя прадметы на беразе, марскія шляхі, навігацыйныя небяспечнасці (водмелі, рыфы, скалы, буруны і інш.), навігацыйнае абсталяванне (маякі, створныя знакі і інш.), звесткі пра магнітнае схіленне, элементы гідралогіі (цячэнні, прылівы, граніцы льдоў і інш.). Прызначаны для забеспячэння суднаходства, вывучэння і выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я КА́ЧАЧКІ (Lepadomorpha),

надсямейства вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. 3 сям., больш за 450 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах, трапляюцца да глыб. 8 км. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да скал, камянёў або прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), некат. ўтвараюць своеасаблівы паплавок і трымаюцца пад паверхняй вады.

Даўж. цела да. 6 см, укрыта вапністымі пласцінкамі; пярэдняя ч. галавы ператворана ў падоўжаную (да 75 см) голую або лускаватую сцяблінку, якой М.к. прымацоўваюцца да субстрату. Кормяцца пераважна планктонам, водарасцямі. адфільтроўваюць іх з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Гермафрадыты і раздзельнаполыя. Некат. ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.

Л.Л.Нагорская.

Марскія качачкі.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я КО́НІКІ (Hippocampus),

род рыб сям. іголкавых атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных морах. Жывуць каля берагоў у зарасніках марской травы, водарасцей і каралаў.

Даўж. да 20 см. Формай цела нагадваюць шахматную фігуру — каня. У самцоў у канцы хваста знаходзіцца вывадковая камера, дзе яны выношваюць ікрынкі. Кормяцца пераважна дробнымі ракападобнымі. Здольныя выдаваць нізкія гукі з амплітудай 500—4800 Гц, якія нагадваюць шчоўканне пальцамі.

Марскія конікі: 1 — даўгарылы; 2 — еўрапейскі.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я КО́ЦІКІ,

2 роды вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Паўн. М.к. (Callorhinus) прадстаўлены відам С. ursinus, паўд. М.к. (Arctocephalus) — 6 відамі (часам вылучаюць да 9). Паўн. М.к. пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак., паўд. — ва ўмераных і ўмерана-халодных водах Паўд. паўшар’я; 1 від — на а-вах Галапагас. Рэгулярна мігрыруюць. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў да 2,1 м, маса да 300 кг, самак адпаведна да 1,5 м і 65 кг. Самцы (секачы) цёмна-бурыя, самкі — шаравата-карычневыя. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У час размнажэння ўтвараюць логавішчы. Палігамы, у гарэме да 50 самак. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці. Аб’ект промыслу (каштоўнае футра).

Марскі коцік паўночны.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я ЛІЛЕ́І членістыя

(Articulata),

падклас беспазваночных жывёл кл. крынаідэй тыпу ігласкурых. Вядомы з пач. мезазою (каля 200 млн. гадоў назад). 4 атр., каля 700 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, трапляюцца да глыб. 10 км.

Цела чашкападобнае, уверх уздымаецца венчык перыстых, разгалінаваных прамянёў — «рук» (да 200) даўж. да 35 см. Маюць вапняковы шкілет з пласцінак рознай формы і памераў. У сцябліністых М.л. уніз ад чашачкі адыходзіць сцябло даўж. да 1 м, якое прымацоўваецца да грунту. У бессцябліністых М.л. — шматлікія рухомыя адросткі, з іх дапамогай некат. формы здольныя плаваць і поўзаць па дне. Кормяцца планктонам, дэтрытам. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія лілеі: 1 — стэфанаметра; 2 — лампраметра.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я ЛЬВЫ,

4 роды, 4 віды сям. вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны: каліфарнійскі, уласна М.л. (Zalophus californianus) у Паўн. паўшар’і па берагах Ціхага ак., астатнія — аўстралійскі (Neophoca cinerea), новазеландскі (Phocarctos hookeri) і паўд. амерыканскі М.л. (Otaria byronia) — у Паўд. паўшар’і. Жывуць статкамі. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў 2—3,6 м, маса 200—520 кг, самак адпаведна 1,5—3 м і 50—230 кг. Валасяное покрыва кароткае. аднатоннае, ад светла-шэрага да карычневага. У старых самцоў поўсць на шыі і верхняй ч. тулава больш доўгая і нагадвае грыву льва (адсюль назва). Кормяцца рыбай і галаваногімі малюскамі. У летне-асенні перыяд утвараюць логавішчы. Палігамы. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу. Каліфарнійскіх М.л. часта дрэсіруюць для цыркаў.

Марскі леў каліфарнійскі.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я МЫ́ШЫ,

рыбы, гл. Ліравыя.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.

Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія павукі: 1 — німфон; 2 — каласендэіс.

т. 10, с. 136