Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КОЛЕРАФАТАГРАФІ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

святлоадчувальныя матэрыялы (плёнка, папера і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў фатаграфіі для атрымання каляровых фатагр. відарысаў, а таксама рэактывы для іх хім. апрацоўкі і дапаможныя матэрыялы. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.

т. 8, с. 390

КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.

Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.​Ліберман і К.​Грэбе (1869); О.​Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 390

КО́ЛЕРЫ НАПА́ЛУ — колеры свячэння металу, якія залежаць ад т-ры нагрэву. Для сталі характэрны колеры: цёмна-карычневы (550), карычнева-чырвоны (630), цёмна-чырвоны (680), цёмна-вішнёвы (740), вішнёвы (770), ярка- або светла-вішнёвы (800), светла-чырвоны (850), ярка-чырвоны (900), жоўта-чырвоны (950), жоўты (1000), ярка- або светла-жоўты (1100), жоўта-белы (1200), белы (1300). Да з’яўлення пірометраў і аўтам. вымяральных прылад па колерах на працягу вякоў вызначалі т-ру нагрэву металаў.

т. 8, с. 390

КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,

радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.

т. 8, с. 390

КО́ЛЕСАВА (Алена Фёдараўна) (8.6.1920, в. Колесава Яраслаўскага р-на, Расія — 11.9.1942),

удзельніца партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). З 1941 медсястра, з групай разведчыц неаднаразова пераходзіла лінію фронту для дыверсійнай работы ў тыле ворага. З мая 1942 камандзір дыверсійнай групы, якая ў Бары саўскім і Крупскім р-нах разграміла 6 гарнізонаў, з удзелам інш. груп узарвала 11 эшалонаў ворага і інш. Загінула ў баі. На яе магіле ў г.п. Крупкі помнік.

А.Ф.Колесава.

т. 8, с. 390

КО́ЛЕСЕНЬ (Віктар Пятровіч) (н. 10.10.1944, в. Пагарэлае Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1996). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1965). З 1974 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па ўдасканаленні тэхналогій павелічэння прадуктыўнасці свіней, уплыву тэхнал. фактараў на якасць свініны.

Тв.:

Влияние уровня сырого протеина и обменной энергии в комбикорме на качество туш и мяса свиней (разам з В.​М.​Галушка) // Науч. основы развития животноводства в Республике Беларусь. Мн., 1994. Вып. 25;

Формирование мясной продуктивности у свиней с различной живой массой и толщиной шпика // Там жа. 1995. Вып. 26.

т. 8, с. 390

КО́ЛІ (Мікалай Джэмсавіч) (Якаўлевіч; 17.8.1894, Масква — 3.12.1966),

расійскі архітэктар. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (з 1950) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (з 1957). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1922). У 1920—41 выкладаў у маскоўскіх вышэйшым тэхн. вучылішчы імя Баўмана, арх. ін-це. Сярод работ: асн. збудаванні Днепрагэса (у сааўт.) і жылыя кварталы ў г. Запарожжа (1927—31) на Украіне, станцыі метро «Кіраўская» (1935) і «Павялецкая-кальцавая» (1949) у Маскве, праекты аднаўлення гарадоў Цвер (1945), Рыга (1946) і інш. Адзін з аўтараў «Эскіза планіроўкі Мінска» (1944), праекта стадыёна «Дынама» ў Мінску (1947—54).

т. 8, с. 390

КОЛІБАКТЭРЫЁЗ,

тое, што эшэрыхіёз.

т. 8, с. 390

КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],

прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл. Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл. Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл. Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.

т. 8, с. 390

КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),

англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Идея истории;

Автобиография. М., 1980.

т. 8, с. 391