Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРО́ЗАЎ (Вячаслаў Мікалаевіч) (н. 4.4.1929, г. Іванава, Расія),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1953). Да 1989 працаваў уласным карэспандэнтам газ. «Пионерская правда» па Беларусі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове для дзяцей і юнацтва. Аўтар дакумент. аповесцей «У разведку ішоў хлапчук» (1959), «Хто запаліў касцёр» (1962), «Валодзеў фронт» (1975), «Бачу бераг» (1980), сцэнарыяў дакумент. кінафільмаў «Пакараны ў 41-ым» (1967), «На краі свету на сваім караблі» (1970), «Карабель прыняў імя» (1977, усе «Беларусьфільм») і інш.

Тв.:

Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з І.В.Марозавым).

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАЎ (Георгій Фёдаравіч) (19.1.1867, С.-Пецярбург — 9.5.1920),

расійскі лесазнавец, батанік і географ; адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі. Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1893); з 1901 праф. у ім, з 1918 праф. Таўрычаскага ун-та ў г. Сімферопаль. Стварыў вучэнне аб лесе як біягеацэналагічнай, геагр. і гіст. з’яве. Распрацаваў вучэнне пра тыпы лесанасаджэнняў, развіў уяўленне аб змене лясных парод і іх згуртаванняў.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71.

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАЎ (Дзмітрый Кузьміч) (31.3. 1912, в. Казіміраўка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.1.1981),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі фін.-эканам. тэхнікум (1932), Маскоўскае пях. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Зах. і 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад камандаваннем палк. М. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на ПдУ ад Віцебска ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. Удзельнік вызвалення Вільнюса, Каўнаса, штурму Кёнігсберга, Пілаў, вайны з Японіяй. Да 1956 у Сав. Арміі.

Дз.К.Марозаў.

т. 10, с. 125

МАРО́ЗАЎ (Змітрок Змітравіч) (н. 2.1. 1954, пас. Язбы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1975). З 1979 на камсамольскай рабоце ў г.п. Бялынічы і ў Мінску, з 1986 у Дзяржаграпроме Беларусі. Друкуецца з 1977. Аўтар зб. вершаў «Пад небам бусліным» (1982), «Хлеб і памяць», «Хлебны верасень» (абодва 1988, за апошні прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988), «Ачышчэнне сяўбой» (1992), «Сын чалавечы» (1993), «Баліць душа па Беларусі» (1996) і інш. Піша вершы і апавяданні для дзяцей (зб-кі «Азбука агранома Валошкі», 1989; «Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі», 1995; «Агародніна», 1996; «Гэта праўда ці мана...», 1997), публіцыст. нарысы («I скажуць унукі», 1994). Аўтар першага ў еўрап. паэзіі вянка вянкоў санетаў (зб. «Апакаліпсіс душы», 1991). У вершах — тэма кахання, чарнобыльскія праблемы, любоў да роднай зямлі, філас. роздум пра духоўную інертнасць сучасніка, шчырасць пачуццяў.

Тв.:

Прадчуванне. Мн., 1991;

Залатая кніга беднага. Мн., 1994;

«Святло рамонкаў палявых». Мн., 1997;

Гронкі зорных суквеццяў. Мн., 1998.

І.У.Саламевіч.

т. 10, с. 125

МАРО́ЗАЎ (Ігар Вячаслававіч) (н. 18.5. 1954, Мінск),

бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар. арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).

Тв.:

Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.М.Марозавым);

Архитектурная герменевтика. Мн., 1999.

С.А.Сергачоў.

т. 10, с. 125

МАРО́ЗАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (7.7.1854, в. Барок Някоўзскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 30.7.1946),

дзеяч рас. рэв. руху, вучоны. Ганаровы акад. АН СССР (1932). З 1874 у маскоўскім гуртку чайкоўцаў, удзельнічаў у «хаджэнні ў народ». У 1875 арыштаваны і асуджаны па «працэсе 193-х». У 1878 уступіў у арг-цыю «Зямля і воля», з 1879 — чл. Выканкома «Народнай волі». У 1881 зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пасля вызвалення ў 1905 займаўся навук.-пед. дзейнасцю. У 1918—46 дырэктар Прыродазнаўча-навук. ін-та імя Лесгафта. Працы па хіміі (прадказаў існаванне інертных элементаў, выказаў пацверджаныя пазней меркаванні аб складанай будове атама і магчымасці атрымання атамнай энергіі), матэматыцы, астраноміі, метэаралогіі, гісторыі рэлігіі і культуры. Аўтар успамінаў і вершаў.

Тв.:

[Вершы] // Муза в храме науки: Сб. стихотворений. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Н.А.Морозов ученый-энциклопедист. М., 1982; Озеров В.С. Н.А.Морозов. Л., 1966; Твардовская В.А. Н.А.Морозов в русском освободительном движении. М., 1983.

т. 10, с. 125

МАРО́ЗАЎ (Міхаіл Ільіч) (1.1.1922, г. Барысаў Мінскай вобл. — 24.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1939). У Вял. Айч. вайну на Зах., Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Укр. франтах. Артыл. батарэя на чале з старшым лейт. М. вызначылася ў жн.вер. 1943 пры вызваленні Украіны. У баі за плацдарм на р. Сейм паранены М. працягваў кіраваць агнём батарэі, забяспечыў прарыў абароны праціўніка і вызваленне шэрагу нас. пунктаў.

М.І.Марозаў.

т. 10, с. 125

МАРО́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 12.2.1933, С.-Пецярбург),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1959—89 саліст Марыінскага т-ра. Сярод партый: Дасіфей, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова), Бястужаў і Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Андрэй Сакалоў («Лёс чалавека» І.Дзяржынскага), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава). Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

У.В.Мароз.

т. 10, с. 125

МАРО́ЗАЎСКАЯ СТА́ЧКА 1885,

забастоўка рабочых на прадзільнай ф-цы Ц.Марозава ў мяст. Нікольскае (цяпер у межах г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл., Расія) 19—29.1.1885. Выклікана зніжэннем зарплаты і вял. штрафамі (да 50 % заробку). Удзельнічала каля 8 тыс. чал. Стачка задушана ўзбр. сілай.

Больш за 600 чал. арыштавана. Следства выявіла карціну злоўжыванняў фабрыканта. У маі 1886 суд прысяжных у г. Уладзімір апраўдаў 33 удзельнікаў стачкі, у т.л. кіраўнікоў. М.с. паўплывала на выданне ўрадам 15.6.1886 закона аб штрафах, які абмяжоўваў іх памер і накіроўваў штрафныя сумы на агульныя патрэбы саміх рабочых, змяшчаў і інш. ўступкі рабочым.

Літ.:

Пробуждение: К 100-летию Морозовской стачки. М., 1984.

т. 10, с. 125

МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.

т. 10, с. 125