Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРКШЭЙДЭРЫ́Я (ням. Markscheiderei ад Mark мяжа + scheiden раздзяляць),

галіна горнай навукі, звязаная з прасторава-геам. вымярэннямі (маркшэйдэрскімі здымкамі) у нетрах Зямлі або на ўчастках яе паверхні пры распрацоўцы і эксплуатацыі радовішчаў карысных выкапняў і горных работах. Маркшэйдэрскія работы выконваюць з дапамогай дальнамераў, нівеліраў, тэадалітаў, лазерных прылад і інш.

т. 10, с. 122

МАРК АЎРЭ́ЛІЙ (Marcus Aurelius),

рымскі імператар; гл. Аўрэлій Марк.

т. 10, с. 114

МА́РЛА ((Marlowe) Крыстафер) (6.2.1564, г. Кентэрберы, Вялікабрытанія — 30.5. 1593),

англійскі драматург; заснавальнік жанру «высокай трагедыі» эпохі Адраджэння. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1587). У сваёй творчасці спалучаў гуманіст. погляды і вучонасць з традыцыямі англ. нар. т-ра. Першая трагедыя «Тамерлан Вялікі» (паст. 1587—88) — драматызаваная біяграфія чалавека, надзеленага незвычайнай воляй. У п’есах «Мальтыйскі яўрэй» (паст. каля 1588) і «Трагічная гісторыя доктара Фауста» (паст. 1592) выступіў з сатырай на тагачаснае грамадства. Аўтар гіст. хронікі «Эдуард II» (паст. 1593), паэмы на міфалагічны сюжэт «Геро і Леандр», трагедыі «Парыжская разня» (абедзве не закончаны). Узбагаціў мову трагедыі інтанацыямі, вобразнасцю і фразеалогіяй лірычнай паэзіі.

Тв.:

Рус. пер.Соч. М., 1961.

Літ.:

Парфенов А.Т. Кристофер Марло. М., 1964.

т. 10, с. 122

МА́РЛЯ (ад франц. marli кісяя),

лёгкая, празрыстая, гіграскапічная баваўняная тканіна. Звычайна белага колеру. Выкарыстоўваюць пераважна ў медыцыне (перавязачны матэрыял), а таксама ў швейнай вытв-сці, паліграфіі.

т. 10, с. 122

МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км2 прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.

А.П.Шчураў.

т. 10, с. 122

МАРМЕЛА́Д (франц. marmelade ад партуг. marmelada ад marmelo айва),

жэлепадобны кандытарскі выраб (цукеркі). Адрозніваюць М. фруктова-ягадны, які атрымліваюць уварваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай (дадаюць харч. к-ты і фарбавальнікі, пахучыя рэчывы), і жэлейны, у састаў якога ўваходзіць таксама агар-агар або пекцін.

т. 10, с. 122

МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),

французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).

т. 10, с. 122

МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),

рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.

Літ.:

Современные секты в России. М.; СПб., 1995.

А.А.Цітавец.

т. 10, с. 122

МАРМУЛЁЎ (Міхаіл Глебавіч) (8.11.1917, в. Арцёмаўка Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.4.1985),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. арганізаваў партыз. атрад «Буравеснік» (са снеж. 1941 яго камандзір), са снеж. 1943 камандзір брыгады «Буравеснік» (дзейнічала на тэр. Уздзенскага, Рудзенскага, Пухавіцкага р-наў), партызаны якой правялі больш за 150 баявых аперацый. Пасля вайны на сав. рабоце.

М.Г.Мармулёў.

т. 10, с. 122

МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),

поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.

т. 10, с. 122