Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІВАНО́Ў (Юрый Сцяпанавіч) (н. 3.2.1922, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія),

ваенны дзеяч, журналіст. Ген.-лейт. (1981). Скончыў Пушкінскае танк. вучылішча (1942), Акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1957). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт. франтах, камандзір танка і ўзвода танкаў. У 1957—74 служыў у БВА, камандзір батальёна, палка, дывізіі, нам. камандуючага 7-й танк. арміі. У 1974—77 ваен. саветнік на Кубе. У 1977—83 нам. камандуючага Прыволжскай ваен. акругі. З 1983 у адстаўцы, жыве ў Мінску. Аўтар публікацый на ваен.-патрыят. тэматыку, брашур «Салдацкая доблесць і воінскі абавязак», «Баявы летапіс беларускіх палкоў» (абедзве 1994), «Творцы ратнай славы» (1995) і інш.

т. 7, с. 154

ІВАНО́Ў (Якаў) (Якушка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Майстар беларускай рэзі. Працаваў пераважна ў Маск. дзяржаве. У канцы 1666 пераведзены з Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Маскву. Разам з інш. бел. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), рабіў разную мэблю, узорыстыя аконныя рамы і інш.

т. 7, с. 154

ІВАНО́Ў (Яніс) (9.10.1906, г. Прэйлі, Латвія — 27.3.1983),

латышскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Латв. кансерваторыю (1931, клас Я.Вітала), з 1944 выкладаў у ёй (праф. з 1955). З 1931 на радыё, у 1945—61 маст. кіраўнік муз. вяшчання Латв. радыё. Аўтар 21 сімфоніі (1933—83, у т.л. 6-я «Латгальская», 1949; 8-я, 1956, 13-я, 1969), 5 сімф. карцін і паэм, 3 канцэртаў для інструментаў з арк. (1938—59), камерна-інстр., вак., фп. твораў, музыкі да кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэміі Латвіі 1959, 1970.

Літ.:

Карклиньш Л.А Янис Иванов. Л., 1986.

т. 7, с. 154

ІВАНО́Ў (Яўген Аляксеевіч) (18.12.1924, г. Арэнбург, Расія — 3.7.1985),

бел. матэматык. Чл.-кар. АН Беларусі (1977), д-р фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Пінскі настаўніцкі ін-т (1950), БДУ (1956). З 1959 у Мінскім дзярж. пед. ін-це, з 1962 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1970 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыфракцыі эл.-магн. хваль. Распрацаваў метад строгага рашэння задач дыфракцыі хваль на некалькіх целах правільнай геам. формы. Пабудаваў алгарытмы лікавага рашэння задач, якія рэалізуюцца на ЭВМ па стандартных праграмах.

Тв.:

Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;

Таблицы сфероидальных волновых функций и их первых производных. Т. 1—2. Мн., 1973—76 (у сааўт.).

Я.А.Іваноў.

т. 7, с. 154

ІВАНО́Ў (Яўген Пятровіч) (н. 21.1.1939, в. Дзернавая Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гематалогіі і пералівання крыві. Д-р мед. н. (1973), праф. (1974). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995), ганаровы д-р Бірмінгемскага ун-та (1991, Вялікабрытанія). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1988 дырэктар Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві. Навук. працы па клінічнай гематалогіі, гемастазіялогіі, эпідэміялогіі, лейкеміі ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай, трансплантацыі касцявога мозга.

Тв.:

Диагностика нарушений гемостаза. Мн., 1983;

Руководство по гемостазиологии. Мн., 1991.

т. 7, с. 154

«ІВАНО́Ў»

(«Iwanow»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл. 25—26.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 700-га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, аператыўнай групы, спец. аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і с.-г. прадукцыі. Мэта аперацыі: разгром партыз. фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і вываз насельніцтва з вёсак Баравіца, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцяроўка, Печы, Рубеж, Уюноўка, размешчаных на Пд ад шашы Беразіно—Бялынічы. У ходзе аперацыі сустрэчнымі баямі партыз. атрады палкоў 113, 121 і 208-га разграмілі аўтакалону, нанеслі адчувальныя страты карнікам. Аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.

У.І.Пасэ.

т. 7, с. 154

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.Г.Нікіцін.

т. 7, с. 155

ІВАНО́ЎСКІ (Дзмітрый Іосіфавіч) (9.11.1864, c. Ніз Ленінградскай вобл., Расія — 20.4.1920),

расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі, адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). З 1890 у Бат. лабараторыі Пецярбургскай АН, з 1895 у Пецярбургскім, з 1901 праф. у Варшаўскім, з 1915 — у Данскім ун-тах. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, уплыве кіслароду на спіртавое браджэнне ў дражджэй, стане хларафілу ў раслінах, значэнні караціну і ксантафілу, устойлівасці хларафілу да святла; па глебавай мікрабіялогіі. Эксперыментальна даказаў існаванне нябачнага ў мікраскоп узбуджальніка тытунёвай мазаікі, які праходзіў праз бактэрыяльныя фільтры. Гэтая праца стала пачаткам вучэння пра вірусы.

Літ.:

Овчаров К.Е. Д.И.Ивановский. М., 1952.

т. 7, с. 155

ІВАНО́ЎСКІ (Уладзімір Іванавіч) (28.1.1936, Мінск — 8.1.1987),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт Беларусі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). Працаваў у Ансамблі песні і танца БВА (1962—65), Дзярж. акад. харавой капэле Беларусі (1965—69). З 1969 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1981 — Бел. філармоніі. Выступаў у операх бел. кампазітараў: Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Джардана Бруна («Джардана Бруна» С.Картэса); сярод інш. партый: Вадэмон («Іаланта» П.Чайкоўскага), Самазванец («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Манрыка, Дон Карлас («Трубадур», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі).

Б.С.Смольскі.

т. 7, с. 155

ІВАНО́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.7.1867, г. Вышні Валачок, Расія — 4.1.1939),

рускі і бел. філосаф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1890). Прыват-дацэнт Маскоўскага (1899—1903 і 1914—17), Казанскага (1904—12) ун-таў, праф. Самарскага (1918—21) ун-та і БДУ (1921—27). Даследаваў праблемы асацыятыўнай псіхалогіі, гісторыі філасофіі і культуры, логікі і метадалогіі навукі, светапоглядныя асновы і дыялектыку інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека. Перакладаў працы А.Бэна, У.Джэмса, Р.Дэкарта, Дж.С.Міля, У.Мінта і інш.

Тв.:

Движение к распространению университетского образования в России. М., 1900;

Ассоциационизм психологический и гносеологический. Ч. 1. Казань, 1909;

Методологическое введение в науку и философию. Т. 1. Мн., 1923.

т. 7, с. 155