ІВАНО́ЎСКІ (Дзмітрый Іосіфавіч) (9.11.1864, c. Ніз Ленінградскай вобл., Расія — 20.4.1920),
расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі, адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). З 1890 у Бат. лабараторыі Пецярбургскай АН, з 1895 у Пецярбургскім, з 1901 праф. у Варшаўскім, з 1915 — у Данскім ун-тах. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, уплыве кіслароду на спіртавое браджэнне ў дражджэй, стане хларафілу ў раслінах, значэнні караціну і ксантафілу, устойлівасці хларафілу да святла; па глебавай мікрабіялогіі. Эксперыментальна даказаў існаванне нябачнага ў мікраскоп узбуджальніка тытунёвай мазаікі, які праходзіў праз бактэрыяльныя фільтры. Гэтая праца стала пачаткам вучэння пра вірусы.
Літ.:
Овчаров К.Е. Д.И.Ивановский. М., 1952.
т. 7, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)