Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНЮ́ХА,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1978), жалезістая мінеральная лінза. Размешчана за 2 км на ПнЗ ад в. Астравы Вілейскага р-на Мінскай вобл., на аднайм. балоце, у пойме р. Зуйка Даўж. да 100 м, шыр. 50—60 м, магутнасць тоўшчы да 20 см, глыб. залягання 1,1 м. Характарызуецца жалезістай мінералізацыяй у тарфяным пакладзе, якая прадстаўлена калоідным протамагнетытам, гнёздамі гематыту і магнетыту, а таксама калоідным і зярністым сцяжэннямі сідэрыту і вівіяніту. Канцэнтрацыя мінералаў жалеза да 40%. С. — адзінае ва Усх. Еўропе месцазнаходжанне жалезістай мінералізацыі, якая ўтварылася ва ўмовах павышаных гідрадынамічных уласцівасцей адкладаў. Пры змене фізіка-хім. умоў асяроддзя мінералізацыя пераўтворыцца ў балотную руду.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 409

СІНЮ́ХА (Polemonium),

род кветкавых раслін сям. сінюхавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. і Паўд. Амерыкі, радзей у Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. блакітная (P.caenileum), нар. назвы гадзіннік, аструшка, рабінка. Трапляецца па берагах рэк, на вільготных лугах, у хмызняках. Інтрадукаваны С.: каўказская (P. caucasicum), мяса-чырвоная (P. carneum), паўзучая (P. reptans).

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, неразгалінаваныя. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані С. блакітнай маюць да 30% сапанінаў, смолы, арган. к-ты, эфірны алей. Лек., дэкар., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 409

СІНЮ́ХА.

цыяноз, сінюшная афарбоўка скуры і слізістых абалонак чалавека. Больш відавочная на твары, губах, пальцах рук і ног. Абумоўлена высокай колькасцю ў крыві адноўленага гемаглабіну (больш за 50 г/л пры норме да 30 г/л). Бывае сімптомам розных захворванняў (найб. часта назіраецца пры дыхальнай недастатковасці і захворваннях сэрца); пры прыроджаных пароках сэрца бывае прыроджаная С. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

М.​З.​Ягоўдзік.

Сінюха блакітная.

т. 14, с. 409

Сінюцін Мікалай Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІНЯГО́ВА,

вёска ў Пасецкім с/с Старадарожскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Старыя Дарогі. Цэнтр калгаса. За 22 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 170 км ад Мінска. 408 ж., 169 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 121-й стралковай дывізіі.

т. 14, с. 409

СІНЯГО́РСКАЯ,

вёска ў Студзёнкаўскім с/с Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 7 км на У ад г. Сянно, 63 км ад Віцебска, 22 км ад чыг. ст. Бурбін. 304 ж., 110 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 410

СІНЯГУ́Б (Сяргей Сілавіч) (13.12.1851, с. Бяляеўка Вальнянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна —2.11.1907),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. З 1871 вучыўся ў Пецярб. тэхнал. ін-це. З 1872 чл. т-ва чайкоўцаў. Адзін з арганізатараў рабочых гурткоў у Пецярбургу і прапагандыстаў у асяроддзі рабочых. У 1873 арыштаваны і зняволены ў Петрапалаўскую крэпасць. Паводле «працэсу 193-х» (1877—78) асуджаны да 9 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбываў на Кары. З 1881 на пасяленні ў Чыце. Аўтар успамінаў «Запіскі чайкоўца» (выд. 1929), рэв. вершаў, надрукаваных у нелегальных зборніках.

т. 14, с. 410

СІНЯ́К (Echium),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).

Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сіняк звычайны.

т. 14, с. 410

СІНЯ́К (Gyroporus cyanescens),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ў жн.вер. на пясчанай глебе ў хвойніках і дубровах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 6—15 см, пукатая, потым распасцёртая, сухая, апушаная, светла-бурая або саламяна-жоўтая*. Мякаць белая, на зломе хутка і моцна сінее (адсюль назва). Трубачкі свабодныя з белымі або ружавата-бураватымі порамі. Ножка выш. 7—8 см, клубнепадобная, аднаго колеру з шапкай. Споры гладкія, яйцападобныя, светла-жаўтаватыя. Ядомы.

Сіняк.

т. 14, с. 410

СІНЯКО́Ў (Генадзь Мікалаевіч) (н. 30.1.1942, в. Болдырава Кесавагорскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1966 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі, фотахіміі, люмінесцэнцыі біялагічна важных тэтрапірольных малекул. Вызначыў асаблівасці электроннай будовы аніёнаў хларафілападобных злучэнняў. Устанавіў механізм фотахім. аднаўлення парфірынаў.

Тв.:

Промежуточные продукты реакции восстановления порфиринов и их строение (разам з А.​М.​Шульгой, Г.​П.​Гурыновічам) // Биофизика. 1978. Т. 23, № 1;

Взаимодействие анионных форм Fe-октаэтилпорфирина с метанолом // Журн. прикладной спектроскопии. 2000. Т. 67, № 5.

т. 14, с. 410