СІНЮ́ХА (Polemonium),
род кветкавых раслін сям. сінюхавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. і Паўд. Амерыкі, радзей у Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. блакітная (P.caenileum), нар. назвы гадзіннік, аструшка, рабінка. Трапляецца па берагах рэк, на вільготных лугах, у хмызняках. Інтрадукаваны С.: каўказская (P. caucasicum), мяса-чырвоная (P. carneum), паўзучая (P. reptans).
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, неразгалінаваныя. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані С. блакітнай маюць да 30% сапанінаў, смолы, арган. к-ты, эфірны алей. Лек., дэкар., меданосныя расліны.
А.М.Скуратовіч.
т. 14, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)