Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫМДЗЮ́НЫ,

вёска ў Гервяцкім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка. Цэнтр калгаса. За 30 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 250 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Солы. 288 ж., 110 двароў (2001). Бел. і літоўская сярэднія школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 13, с. 509

РЫ́МЕНШНАЙДЭР ((Riemenschneider) Тыльман) (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),

нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.

Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.

т. 13, с. 509

РЫМІ́НСКІ (Міхал) (1769?, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 1.1.1797),

танцоўшчык, спявак і драм. акцёр. Прыгонны А.​Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетнай школе ў Паставах у Ле Ду (пазней выкладаў у ёй). У 1785—94 першы танцоўшчык трупы «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступаў на каралеўскіх сцэнах як драм. акцёр і спявак і ў Нац. т-ры. Магчыма, у 1795 працаваў у варшаўскіх антрэпрызах С.​Галніцкага і К.​Аўсінскага. У 1795—97 у балетнай трупе ў Львове. У часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў найб. папулярным балетным ’артыстам. Сярод партый: Гілас («Гілас і Сільвія»), Капітан Сандор («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Алонза («Кора і Алонза»), Адоніс («Венера і Адоніс»), Марк Антоній («Клеапатра і Марк Антоній»).

т. 13, с. 510

РЫМКЕ́ВІЧ (Феліцыян Васілевіч) (1799, г. Магілёў —17.12.1851),

бел. вучоны ў галіне ўнутр. медыцыны. Д-р медыцыны (1821). Скончыў Віленскі ун-т (1820), дзе і працаваў (з 1826 праф.). У 1832—42 у Віленскай Медыка-хірург. акадэміі (з 1834 ардынарны праф.). У 1831 удзельнічаў у барацьбе з халерай у Слуцку, Слоніме, Віцебску. Навук. працы па аўскультацыі сэрца і сасудаў, дыягностыцы хвароб печані, сэрца, дзіцячых і венерычных хвароб. Выдаў «Лекцыі па шпітальнай тэрапіі» (1932 1832).

т. 13, с. 510

РЫ́МНІК (Rîmnic),

рака ў Румыніі (прыток р. Сірэт), пры якой 22.9.1789 адбылася бітва ў час рус.-тур. вайны 1787—91. Рус.-аўстр, войскі (25 тыс. чал., з іх 7 тыс. рускіх) пад агульным камандаваннем А.В.Суворава перамаглі ўчацвёра большую тур. армію (каля 100 тыс. чал.) вял. візіра Юсуф-пашы, якую знянацку атакавалі і разбілі ў 4 лагерах паміж рэкамі Рымна і Р. Рускія і аўстрыйцы страцілі каля 700 чал., туркі, паводле розных звестак, ад 6 да 20 тыс. забітымі і параненымі. Перамога каля Р., за якую Сувораў атрымаў тытул графа Рымнікскага — узор разгрому намнога большых сіл праціўніка ў выніку рашучых, імклівых дзеянняў войск і палкаводца.

т. 13, с. 510

РЫ́МСКАЕ ПРА́ВА,

сістэма права Стараж. Рыма. Уключала прыватнае права і публічнае права. Мела распрацаваную сістэму норм, якія рэгулявалі розныя віды маёмасных адносін, рэчавых правоў. Прыватнае Р.п. з’явілася класічным правам грамадства, заснаванага на прыватнай уласнасці. Яно было запазычана (рэцэптавана) многімі краінамі.

т. 13, с. 510

«РЫ́МСКАЕ ПЫТА́ННЕ»,

канфлікт паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай, які ўзнік пасля заняцця ў 1870 італьян. войскамі Рыма і далучэння Папскай вобласці да Італьян, каралеўства. Папа Пій ІХ адмовіўся прызнаць ліквідацыю Папскай дзяржавы і адхіліў гарантыі італьян. ўрада сваёй асобе, абвясціўшы сябе «вязнем» Ватыканскага палаца. Доўгі час «Р.п.» ўскладняла адносіны паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай. Канчаткова ўрэгулявана ў 1929 пры папе Пію XI у адпаведнасці з Латэранскімі дагаворамі 1929.

т. 13, с. 510

РЫ́МСКАЯ КУ́РЫЯ,

сукупнасць устаноў, падначаленых папе рымскаму як кіраўніку каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан. Узнікла ў 12 ст. на базе розных устаноў папскага двара. Уключае розныя кангрэгацыі (царк. мін-вы), вышэйшыя царк. суды і канцылярыі, у т. л., напр., дзярж. сакратарыят, функцыі якога падобныя да функцый мін-ва замежных спраў у інш. дзяржавах.

т. 13, с. 511

РЫ́МСКАЯ НУМАРА́ЦЫЯ, рымскія лічбы,

умоўныя знакі для запісу лікаў у непазіцыйнай (рымскай) сістэме лічэння. Узніклі каля 500 да н.э. ў этрускаў і выкарыстоўваліся ў Стараж. Рыме.

Знакі для дзесятковых разрадаў: I = 1, X = 10, C = 100, M = 1000, для іх палавін: V = 5, L = 50, D = 500. Натуральны лік запісваецца камбінацыяй такіх лічбаў. Пры гэтым, калі меншая лічба стаіць пасля большай, то яны складаюцца, а калі меншая перад большай — меншая адымаецца ад большай. Напр., VI = 5 + 1 = 6, IV = 5−1 = 4. Выконваць арыфм. дзеянні над вял. лікамі ў такім запісе нязручна, таму Р.л. карыстаюцца вельмі абмежавана.

т. 13, с. 511

РЫ́МСКАЯ О́ПЕРА, Тэатр оперы (Teatro dell Opera),

адзін з лепшых оперных т-раў Італіі. Адкрыты ў 1880 у Рыме пад назвай т-р «Кастанцы» (ад прозвішча імпрэсарыо) у будынку, пастаўленым паводле праекта арх. А.​Сфандрыні. З 1928 пасля рэканструкцыі — Каралеўскі оперны т-р, з 1946 сучасная назва. На сцэне т-ра ўпершыню былі пастаўлены некат. оперы П.​Масканьі, Дж.​Пучыні і інш., а таксама творы Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі, Ж.​Маснэ, В.​А.​Моцарта, Г.​Даніцэці, К.​Дэбюсі і інш. У рэпертуары т-ра таксама творы М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага. На сцэне Р.о. выступалі вядомыя спевакі Х.Даркле, Б.​Джыльі, Р.​Страчары, М.Калас, Э.Каруза, Ф.​Карэлі і інш. Сярод дырыжораў т-ра: П.​Маг, Л.​Матачыч, К.​Франчы.

т. 13, с. 511