РЫ́МЕНШНАЙДЭР ((Riemenschneider) Тыльман) (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),

нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.

Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.

т. 13, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)