Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРКЕ́ВІЧ (Ануфрый [1750) (?),

Навагрудчына — 1807 ?], бел. юрыст, асветнік. Скончыў Віленскі ун-т. У адзінай вядомай сваёй працы «Пра ўдасканаленне прыроды ў стварэнні чалавека» (Вільня, 1806) выклаў ідэі эвалюцыянізму, матэрыялізму ў антрапагенезе, антрапалагічнага гуманізму. Чалавек для яго — вынік працяглай дзейнасці прыроды ў яе развіцці. Выступаў супраць ненавуковых, містычна-тэалагічных домыслаў пра паходжанне чалавека, аргументавана крытыкаваў зародкі расісцкіх канцэпцый.

Літ.:

Идеи материализма и диалектики в Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1980.

т. 10, с. 117

МАРКЕ́ВІЧ (Арсень Іванавіч) (12.4.1855, г. Брэст — 18.1.1942),

архівіст, літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Выкладаў у гімназіях г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) і г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літва), у 1883—1907 у мужчынскай і жаночай гімназіях г. Сімферопаль. У 1885 зрабіў падарожжа ў Грэцыю, Егіпет, Палесціну. З 1908 старшыня Таўрыдскай вучонай архіўнай камісіі. Спрыяў адкрыццю Сімферопальскага ун-та (1918), у якім выкладаў (праф.). Аўтар працы «Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць» (1876). Даследчык гісторыі Таўрыды (Крыма): «Таўрычаская губерня ў час Крымскай вайны. Па архіўных матэрыялах» (1905), «Тапаніміка Крыма», «Сімферопаль, яго гістарычныя лёсы, даўніна і нядаўняе мінулае» (абедзве 1924) і інш. Сістэматызаваў навук. працы («Taurica — Спроба паказальніка твораў пра Крым») і маст. творы («Крым у рускай паэзіі») пра Крым.

Тв.:

Таврическая губерния во время Крымской войны: По архивным материалам. Симферополь, 1994.

Літ.:

Гардзіцкі А. Яго паклікала Таўрыда // Культура. 1999. 13—19 лют.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 117

МАРКЕ́ВІЧ (Іван Мікалаевіч) (15.6.1936, в. Восава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1981),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у сельскай гаспадарцы, сельсавеце, у раённай газеце г. Беразіно, з 1973 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1978 у Мінскім абл. навук.-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы. Друкаваўся з 1961. Пісаў пераважна лірычныя вершы, нарысы, апавяданні.

Тв.:

Камандзіроўка. Мн., 1973;

Васількі. Мн., 1984.

т. 10, с. 118

МАРКЕ́ВІЧ (Леанід Аляксеевіч) (5.8.1896, Вільня — 18.5.1980),

бел. кампазітар, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1944). У 1921—28 дырыжор БДТ-1, у 1929—65 заг. муз. часткі і дырыжор Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Аўтар музыкі да спектакляў у БДТ-1 «Кастусь Каліноўскі» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» В.​Гарбацэвіча, «Панскі гайдук» Н.​Бываеўскага (усе з У.Тэраўскім), «Стралок Тэль» С.​Заяіцкага (з М.​Куперам), «Інга» А.​Глебава, «Мешчанін у дваранах» Мальера і інш.; у т-ры імя Я.​Коласа — «Машэка» В.​Вольскага, «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях», «Святло з Усходу» П.​Глебкі, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Родная маці» М.​Алтухова, «Цудоўны сплаў» У.​Кіршона, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Лекар паняволі» Мальера і інш.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 10, с. 118

МАРКЕ́ВІЧ (Сяргей Васілевіч) (2.10.1916, в. Стайкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 12.1.1996),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1971). Скончыў БДУ (1940). У 1946—81 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (у 1952—58 нам. дырэктара, з 1958 заг. лабараторыі). З 1989 у ін-це радыяцыйных фіз.-хім. праблем АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні элементарных працэсаў каталізу, па радыяцыйным каталізе, радыёлізе неарган. і арган. дыэлектрыкаў. Стварыў мед. прэпарат «Рондэкс» — заменнік плазмы крыві.

Тв.:

Реакции превращения этилена на алюмосиликатном катализаторе // Кинетика и катализ. 1963. Т. 4, вып. 5;

Исследование радиолиза высокополимеров глюкозы (у сааўт.) // Радиобиология. 1967. Т. 7, вып. 4. Радиолиз водяного пара в присутствии твердых тел (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1995. № 1.

т. 10, с. 118

МАРКЕ́ЛІУС ((Markelius) Свен Готфрыд) (25.10.1889, Стакгольм — 27.2.1972),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і АМ у Стакгольме (1910-я г.). У 1944—54 гал. архітэктар Стакгольма. Для пабудоў М. ў Швецыі характэрны пошукі форм нац. архітэктуры на аснове прынцыпаў функцыяналізму: канцэртная зала ў Хельсінгбаргу (1932), дом з камунальным абслугоўваннем жыльцоў у Стакгольме (1935), Нар. дом у Лінчэпінгу (1954). Аўтар генплана Стакгольма, у аснове якога ляжыць прынцып паўаўтаномных гар. раёнаў, падзеленых зялёнымі зонамі; швед. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939).

т. 10, с. 118

МА́РКЕС (Márquez) Габрыэль Гарсія, гл. Гарсія Маркес Габрыэль.

т. 10, с. 118

МАРКЕТРЫ́ (франц. marqueterie),

розныя паводле колеру і тэкстуры фігурныя пласцінкі фанеры, якія наклейваюць на аснову (дрэва і інш.) для аздобы мэблі і інш. хатніх рэчаў, пры вырабе дэкар. пано; від мазаікі. Вядомы з даўніх часоў. Найб. росквіту дасягнулі ў 17—18 ст. у Францыі і Германіі. На Беларусі вядомы з сярэднявечча, у 17—19 ст. у тэхніцы М. аздаблялі дзверы палацаў, мэблю, куфэркі і інш. рэчы дэкар.-прыкладнога характару. Пашырыліся ў 1940—60-я г. (пано з сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэты, арнаментацыя мэблі работы Я.​Арлова, С.​Вольскага, Р.​Гебелева, Дз.​Сакажынскага, К.​Цяўлоўскага, Р.​Чарнова, А.​Шахновіча і інш.). У сюжэтна-тэматычных кампазіцыях прыкметна імкненне да імітацыі жывапісных твораў; мэблю, куфэркі аздаблялі арнаментам, які імітаваў вышыты ці тканы. Майстры 1970—90-х г. падкрэсліваюць прыродныя асаблівасці дрэва (слаістасць, рысунак валокнаў), што часам абумоўлівае характар кампазіцыі твораў. Дэкар. пано (пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі) вырабляюць майстры ф-к маст. вырабаў, прафес. мастакі (П.​Гапак), самадз. майстры (І.​Раманчук, У.​Іваноў, П.​Грыгор’еў).

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Маркетры. Спендлер П.Л. Фрагмент кампазіцыі «Паляванне».

т. 10, с. 118

МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),

сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.

О.​В.​Філіпава.

т. 10, с. 118

МАРКЁРЫ ў генетыцы,

дамінантныя гены і адпаведныя ім адзнакі, што праяўляюцца ў клетцы, у якой гамалагічныя храмасомы нясуць розныя алелі (гетэразігота). Выкарыстоўваюцца пры адборы гаплоідаў (асобін, у клетках якіх храмасом у 2 разы меней, чым у зыходных форм). Напр., з дапамогай М. распрацаваны спосаб атрымання гаплоідаў кукурузы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 118