Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Магілёўскі фінансава-эканамічны інстытут

т. 18, кн. 1, с. 423

МАГІЛЁЎСКІ ХІ́МІКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1967 у Магілёве. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці, вытв-сць вырабаў і пакрыццяў з палімерных матэрыялаў, тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання, электраэнергетыка, машыны і апараты харч. вытв-сцей, халадзільна-кампрэсарныя машыны і ўстаноўкі, камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 9, с. 471

МАГІЛЁЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1897—1918 у Магілёве. Заснаваны Е.Р.Раманавым, размяшчаўся ў будынку б. бернардзінскага кляштара. Пл. экспазіцыі 140 м​2, больш за 6 тыс. экспанатаў, атрыманых у асн. з рызніц і царк. кладовак, з археал. раскопак Раманава (каменныя і жал. прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў: абразы 16—18 ст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараабраднага пісьма на палатне, дошках, выразаныя з дрэва, медзі, свінцу, у т.л. абразы 17 ст. «Богаяўленне» з Петрапаўлаўскай царквы, «Раство Багародзіцы» і «Мікола Цудатворац» з Мікалаеўскай царквы і інш., некат. з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А.Воўчака і П.Сліжыка; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (пераважна 18 ст., многія ў інкруставаных і каштоўных абкладах), медны пацір 17 ст. з Мікалаеўскай царквы, інкруставаная даразахавальніца 18 ст. з Крыжаўзвіжанскай царквы, шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1556, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Г.Каніскага (1758); часткі іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17—18 ст., скульптурныя выявы святых і інш.; магільныя пліты кн. Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагільныя пліты 17—18 ст. з Мікалаеўскай царквы. У бібліятэчным аддз. захоўваліся мінея 1490-х г., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16—18 ст., біблія 1751 з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764, кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17—18 ст., ў т.л. «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы» Феафана Пракаповіча (1760—74). У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16—18 ст., у т.л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш. З 1919 экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1. С. 224—229.

А.А.Седзін.

т. 9, с. 471

МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял. Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.

В.М.Чарнатаў.

Магілёўскі чыгуначны вакзал.

т. 9, с. 472

МАГІЛЁЎСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у Магілёве ў 1722—32 пры езуіцкім калегіуме. Захаваліся 3 друкаваныя праграмы пра паказы 3 панегірыкаў: у 1722 — «Ганаровыя сармацкія знакі — дзедавы сякіры Асалінскіх» з антыпралогам, пралогам і алегарычным эпілогам, інтэрлюдыямі (з нагоды наведання графам Францішкам Асалінскім); у 1726 — «Ключ ведаў, далучаны да ключа прадзедаўскага герба Міхалоўскіх» з алегарычным пралогам, хорамі і эпілогам, інтэрлюдыямі (услаўляўся заснавальнік мясц. шляхецкага роду Мельхіёр Міхалоўскі); у 1732 — «Укаранаванае жыллё мудрасці» на лац.-польск. мове з алегарычным пралогам, хорамі і эпілогам (у гонар роду М.Юрылеўскага — пра прынца, які сваёй мудрасцю і воінскімі доблесцямі прынёс карысць дзяржаве і заняў трон). Аўтарамі п’ес звычайна былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі (Я.Любсевіч, С.Свентахоўскі і Р.Бжазоўскі).

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

т. 9, с. 472

МАГІ́ЛЬНА,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).

Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял. кн. ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл. Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.

В.У.Шаблюк.

т. 9, с. 473

Магільны Уладзімір Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 423

МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в. Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс. чал., у палон трапіла 1 тыс. чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.

Л.У.Калядзінскі.

т. 9, с. 473

МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 × 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

т. 9, с. 473

МАГІ́ЛЬШЧЫКІ (Necrophorus),

род жукоў сям. трупаедаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і трапічнай Афрыкі. У Еўропе — 27 відаў. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі 9 відаў, найб. пашыраны М. чорнабулавы (N. vespilloides) і М. рыжабулавы (N. vespillo).

Даўж. да 40 мм (у відаў на Беларусі да 24 мм). Афарбоўка чорная, на надкрылах 2 аранжава-жоўтыя перавязі або плямы. Жукі і лічынкі кормяцца мярцвячынай. Яйцы адкладваюць на трупы дробных жывёл і закопваюць іх (адсюль назва).

С.Л.Максімава.

Магільшчыкі: 1 — рыжабулавы; 2 — чорнабулавы.

т. 9, с. 473