Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю

(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),

хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т.л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.

А.Л.Капілаў.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ ЛІФТАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1967 у Магілёве. У 1969 асвоены выпуск асн. вузлоў пасажырскіх ліфтаў, з 1970 — серыйная вытв-сць пасажырскіх ліфтаў. З 1997 завод ліфтавага машынабудавання «Магілёўліфтмаш». Асн. прадукцыя (1999): ліфты пасажырскія, грузавыя, бальнічныя, тратуарныя і спецыяльныя грузападымальнасцю 100—5000 кг; запасныя часткі і камплекты, с.-г. тэхніка, прадукцыя вытв.-тэхн. прызначэння і тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й В.К.БЯЛЫ́НІЦКАГА-БІРУЛІ,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м​2. У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Карачун Ю.А. Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.

І.Л.Чэбан.

Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т Засн. ў 1961 у Магілёве на базе агульнаадукац. ф-та Бел. політэхн. ін-та. У 1998/99 навуч. г. ф-ты: машынабуд., аўтамех., эканам., буд., электратэхн., завочны, па рабоце з замежнымі студэнтамі, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1972. Пры ін-це створаны Ін-т перападрыхтоўкі кадраў (з 1998), 2 навучальна-навукова-метадычныя аб’яднанні, музей ін-та (з 1981).

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д імя А.Ф.Мяснікова.

Пабудаваны ў 1929—32 у Магілёве як трубаліцейны. У 1937 уведзены ў эксплуатацыю лістапракатны цэх. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана на Урал, вытв. карпусы разбураны. У 1947 адноўлены. З 1953 металургічны з-д. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Магілёўскі металургічны завод». Асн. цэхі: трубаліцейны, лістапракатны, ацынковачны, тэхн. шроту. Асн. прадукцыя (1999): трубы чыгунныя напорныя, стальныя: профільныя высокай дакладнасці, водагазаправодныя, электразварныя прамашоўныя, з ацынкаванай тонкаліставой сталі; шрот чыгунны тэхн. і тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т.л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны П з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.Ю.Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).

Л.Ф.Кандрацьева.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м​2, каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.Б.Рыбакова, Ж.Я.Клімуць.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.Нячаеў),

інструментальны (С.Віслоцкі) і драм. (П.Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т.л. 2.2.1898 прысвечаны М.Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус. нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.Салаўёва і А.Астроўскага, «Шашкі» М.Крыніцкага, «Прапанова» А.Чэхава, «Пасткі» А.Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.

Т.І.Чаплыгіна.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,

1) навучальная ўстанова ў 1913—18 у Магілёве. Засн. 1.7.1913. Рыхтаваў настаўнікаў вышэйшых пач. вучылішчаў. Прымаліся асобы з сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 3 гады. Пераўтвораны ў Магілёўскі пед. ін-т (гл. Магілёўскі універсітэт).

2) Навуч. ўстанова ў 1937—53 пры Магілёўскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, гісторыі, матэматыкі і фізікі, геаграфіі для 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Аб’яднаны з Магілёўскім пед. ін-там.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Утвораны 2.8.1773 у складзе Магілёўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай, з 23.12.1796 да 27.2.1802 — у Беларускай (з далучэннем часткі Копыскага пав.), з 1807 — у Магілёўскай губ. (з аднаўленнем межаў 1777). З 1861 М.п. падзяляўся на 13 валасцей: Бялыніцкую, Вяйнянскую, Вендаражскую, Княжыцкую, Круглянскую, Нежкаўскую, Палыкавіцкую, Паўлавіцкую, Таўпечыцкую, Царковішчанскую, Цяцерынскую, Чарнаруцкую, Шклоўскую; меў 10 мястэчак: Буйнічы, Бялынічы, Галоўчын, Друцк, Княжыцы, Круглае, Круча, Цяцерын, Шапялевічы, Шклоў. Пл. каля 3425 км² (каля 300 тыс. дзесяцін). Нас. 120,5 тыс. чал. (1885). З 6.10.1919 па 10.8.1920 у М.п. уваходзілі Брадзецкая і Пагосцкая воласці Ігуменскага пав., з 4.5.1922 — Галянёўская, Радамская, Сухарэўская, Чавуская і Чэрнеўская воласці скасаванага Чавускага пав., з 27.6.1922 — Нічыпаравіцкая вол. Горацкага пав., з 14.2.1923 — Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская і Старабыхаўская воласці скасаванага Быхаўскага пав., 9.5.1923 — Даўгамохская воласць Чэрыкаўскага пав. Пасля ўзбуйнення валасцей у 1923 замест 24 іх засталося 15. 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Аршанскай, Калінінскай і Магілёўскай акругамі.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 469