Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́РЧЫК Канстанцін Васілевіч

(н. 27.9.1918, в. Сорагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

генерал-палкоўнік (1976). Канд. ваен. н. (1968). Скончыў Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір узвода, батарэі, дывізіёна, нач. штаба палка, брыгады. Удзельнік баёў пад Бабруйскам, Рослаўлем, Бранскам, Яльцом, Варонежам, Курскам, Львовам, Прагай. У 1954—89 на выкладчыцкай рабоце, нач. касмадрома Байканур, камандуючы ракетнай арміяй СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80.

т. 5, с. 202

ГЕ́РЧЫК Міхаіл Навумавіч

(Майсей Беньямінавіч; н. 7.6.1932, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Зорька» (з 1954), выд-вах «Беларусь» (з 1964), «Мастацкая літаратура» (1972 — 92). Друкуецца з 1949. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэматыка твораў для дзяцей — фарміраванне і станаўленне характару падлетка (кн. аповесцей і апавяданняў «Вецер ірве павуціну», 1963; «Зямное прыцягненне», 1965; «Сонечны круг», 1970; «Галінка зялёнага дрэва», 1977; «Дзе жывуць чараўнікі», 1980; «Самае сіняе неба», 1982). Аўтар раманаў «...Аддаеш назаўсёды» (1970), «Здабыццё надзеі» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), дакумент.-публіцыст. аповесці «Час гаспадароў» (1983).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. Мн., 1992.

т. 5, с. 202

ГЕ́РШВІН

(Gershwin) Джордж (26.9.1899, Нью-Йорк — 11.7.1937),

амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л. фп. стылю Ф.Ліста, М.Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей! » (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.

Літ.:

Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;

Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;

Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.

т. 5, с. 202

ГЕРШО́ВІЧ Юрый Вульфавіч

(н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.

І.І.Зубрыч.

т. 5, с. 203

ГЕРШО́НСКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў з 1867 (паводле інш. звестак з 1839) у в. Гершоны Брэсцкага пав. (цяпер у Брэсцкім р-не). У 1890 наз. Брэст-Літоўскі крапасны з-д. З мясц. гліны вырабляў цэглу, якая ішла пераважна на буд-ва Брэсцкай крэпасці. Меў 2 гофманскія печы, 20 аднаконных глінамялак, 9 паветак для цэглы, кузню (1873—86). Вырабляў да 1800 тыс. шт. цэглы (1895). Працавалі ад 20 да 40 майстроў і 100—440 рабочых (1873).

т. 5, с. 203

ГЕРШО́НЫ,

вёска ў Брэсцкім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 6 км на Пд ад г. Брэст, 10 км ад чыг. ст. Брэст-Усходні. 1699 ж., 350 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — форт № 5 Брэсцкай крэпасці (1878 — 88), царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 5, с. 203

ГЕРШУ́НІ Рыгор Андрэевіч

(сапр. Ісакаў-Іцкаў Герш; 29.9.1870, г. Шаўляй, Літва — 29.3.1908),

расійскі паліт. дзеяч, адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1895—98 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1898 у Мінску, адзін з заснавальнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1901 стварыў тэрарыст. Баявую арг-цыю эсэраў. Арганізаваў забойствы міністра ўнутр. спраў Расіі Дз.С.Сіпягіна (1902) і уфімскага губернатара М.М.Багдановіча (1903), шэраг замахаў на жыццё рас. дзярж. чыноўнікаў. У 1903 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пач. 1904 прыгавораны да пакарання смерцю (пазней заменена на пажыццёвае зняволенне). У 1905 пераведзены ў Акатуйскую турму, адкуль у 1906 праз Кітай і ЗША уцёк у Зах. Еўропу. Аўтар успамінаў «З нядаўняга мінулага» (1907).

т. 5, с. 203

Гершун Аляксандр Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 371

ГЕ́РШЭЛЬ

(Herschel),

сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.

Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.

т. 5, с. 203

ГЕ́РЫКЕ

(Guericke, Gericke) Ота фон (30.11.1602, г. Магдэбург, Германія — 11.5.1686),

нямецкі фізік. Вучыўся ў Лейпцыгскім, Гельмштацкім, Іенскім, Лейдэнскім ун-тах (1617—23). У 1646—78 бургамістр г. Магдэбург. Вынайшаў паветр. помпу (1641), з яе дапамогай правёў доследы (у т. л. з «магдэбургскімі паўшар’ямі») для доказу існавання атм. ціску. Пабудаваў адну з першых эл. машын (з яе дапамогай выявіў з’яву эл. адштурхоўвання), вадзяны барометр (выкарыстаў для прадказання надвор’я), паветраны тэрмометр, манометр і інш.

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. 2 изд. М., 1956—1971.

т. 5, с. 203