Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАНСФАРМА́ТАРНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электрычная ўстаноўка для павышэння ці паніжэння напружання пераменнага току і размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Складаецца з трансфарматараў, размеркавальных устройстваў. апаратуры рэлейнай аховы, аўтаматычнага кіравання, дапаможнага абсталявання.

Бываюць павышальныя (звычайна на электрастанцыях), на якіх генератарнае (ніжэйшае, да 24 кВ) напружанне пераўтвараецца ў больш высокае (110—750 кВ) для перадачы на далёкую адлегласць па лініях электраперадачы, і паніжальныя, на якіх высокае напружанне электрычнай сеткі паніжаецца (да 35, 10, 6 і 0,4 кВ) для размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Паніжальныя Т.п. бываюць раённыя (забяспечваюць электраэнергіяй гал. паніжальныя падстанцыі, буйныя прамысл., гарадскія і с.-г. раёны) і мясцовыя (цэхавыя; служаць для электразабеспячэння асобных прадпрыемстваў, цэхаў, раёнаў горада, вёсак і інш.). Т.п. будуюць адкрытыя (па-за будынкам) і закрытыя (у памяшканнях). Шырока выкарыстоўваюцца адкрытыя і закрытыя камплектныя Т.п., у якіх абсталяванне размешчана ў метал. каркасах або шафах; ад іх сілкуюцца невял. прамысловыя і камунальныя прадпрыемствы, грамадскія і адм. будынкі, буд. пляцоўкі, с.-г. спажыўцы.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д з 1957 выпускае камплектныя Т.п. для сілкавання с.-г. спажыўцоў, тэрмаапрацоўкі бетону і грунту, сілкавання помпаў і станкоў-качалак пры здабычы нафты і інш.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматарнай падстанцыі КТП 35/0,4 кВ магутнасцю 400 кВ∙А: 1 — размеркавальны шчыт 0,4 кВ; 2 — паветраны ўвод ЛЭП 0,4 кВ; 3 — засцерагальнік; 4 — увод ЛЭП 35 кВ; 5 — вентыльны разраднік; 6 — сілавы трансфарматар.

т. 15, с. 512

ТРАНСФАРМА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,

электрычны паніжальны трансфарматар, на першасную абмотку якога ўздзейнічаюць ток або напружанне, што вымяраюцца, а да другаснай падключаны электравымяральныя прылады або рэле аховы. Выкарыстоўваецца пераважна ў ланцугах пераменнага току высокага напружання для вымярэнняў сілы току, напружання і магутнасці з дапамогай амперметраў, вальтметраў і ватметраў. Адрозніваюць Т.в. напружання і току.

Трансфарматар напружання пераўтварае высокае эл. напружанне пераменнага току (больш за 380 В) у напружанне, прыдатнае для вымярэнняў стандартнымі прыладамі (звычайна 100 В). Першасная абмотка далучаецца да ланцуга высокага напружання, другасная — да вымяральных прылад і рэле аховы. Выпускаюцца на намінальнае напружанне ад 380 В да 750 кВ. Трансфарматар току пераўтварае пераменны эл. ток вял. сілы да значэння. прыдатнага для вымярэнняў стандартнымі прыладамі. Першасная яго абмотка ўключаецца паслядоўна ў ланцуг току, які вымяраецца. а другасныя — у ланцуг вымяральных прылад і рэле аховы. Выпускаюцца на намінальную сілу першаснага току ад 5 А да 5 кА пры напружанні ад 380 В да 750 кВ (сіла другаснага намінальнага току 5 і 1 А). Т.в. бываюць тэхнічныя для прамысл. установак і лабараторныя.

У.​М.​Сацута.

Трансфарматар вымяральны: 1 — току на 115 кВ, 2 — напружання на 400 кВ са схемамі ўключэння (W1, W2 — першасная і другасная абмоткі; I1, U1 — ток і напружанне, якія вымяраюцца; I2, U2 — ток і напружанне ў другаснай абмотцы; A — амперметр; V — вольтметр).

т. 15, с. 512

ТРАНСФАРМА́ЦЫІ КАПІТАЛІ́ЗМУ ТЭОРЫІ,

канцэпцыі эвалюцыйнага пераўтварэння капіталізму пад уздзеяннем навук.-тэхн. рэвалюцыі. У адрозненне ад тэорый неакапіталізму, якія зыходзяць з магчымасці пераадолення ўнутр. супярэчнасцей капіталіст. грамадства, Т.к.т. абвяшчаюць часовы, гістарычна мінучы характар капіталізму, які ў выніку сац.-эканам. развіцця і навук.-тэхн. прагрэсу павінен пераўтварыцца ў больш дасканалую сац., эканам. і паліт. сістэму. Вытокі Т.к.т. у тэорыях 2-й пал. 19 ст. дзярж. і муніцыпальнага сацыялізму. Шырокае распаўсюджанне ў сацыялогіі і эканоміцы Т.к.т. атрымалі з 1930-х г. Да іх адносяцца тэорыі: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, грамадства дастатку (Дж.К.Голбрэйт), дзяржавы ўсеагульнага багацця (К.​Боўлдынг, А.​Хансен), пенсіённа-фондавага сацыялізму (П.​Друкер), суперіндустрыяльнага, посткапіталіст., праграмавальнага, шматмернага грамадства, стагоддзя высокага масавага спажывання і інш.

т. 15, с. 512

ТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. transformatio пераўтварэнне) у грамадстве, сацыёлага-паліталагічнае паняцце, якое абазначае якасныя пераўтварэнні грамадскай арганізацыі. Адбываецца, як правіла, у крызісныя эпохі, калі сац. структура страчвае ўстойлівасць і стабільнасць. Асн. этапы Т.: ацэнка стану грамадства як крызіснага; сац. дыягностыка (пошук прычын крызісу і шляхоў выхаду з яго); ліквідацыя ўстарэлай грамадскай сістэмы, якая не адпавядае патрабаванням сац. развіцця; самавызначэнне абноўленага грамадства і планаванне далейшага развіцця. Трансфармацыйныя змены ў грамадстве характарызуюцца складанасцю і непрадказальнасцю развіцця, ростам сац. мабільнасці, абвастрэннем супярэчнасцей паміж чалавекам і грамадскай сістэмай, маргіналізацыяй часткі насельніцтва. Прыклады Т. — сац. працэсы, што адбываліся на мяжы 1980—90-х г. у краінах Цэнтр. Еўропы і з 1990-х г. у постсав. краінах. накіраваныя на рэфармаванне розных сфер жыцця: дэмакратызацыю паліт. і дзярж. сістэм, абнаўленне эканам. асноў грамадства, арыентацыю на рыначную эканоміку, адмаўленне ад поўнага сац. забеспячэння ўсіх слаёў насельніцтва, перамену духоўна-культ. арыенціраў сац. развіцця і інш.

Літ.:

Пригожин А.И. Перестройка: переходные процессы и механизмы. М., 1990;

Данилов А.Н. Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997;

Концептуальные проблемы трансформации экономических систем. М., 1999;

Шабанова М.А. Социология свободы: трансформирующееся общество. М., 2000.

С.​М.​Зень.

т. 15, с. 512

ТРАНСФАРМА́ЦЫЯ ў генетыцы,

змена спадчынных уласцівасцей клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў. Натуральная Т. адкрыта і вывучана ў бактэрый (напр., Т. непатагенных бактэрый у патагенныя), але магчыма і ў клетках вышэйшых арганізмаў. Кампетэнтныя клеткі, здольныя ўключаць чужародную ДНК, сінтэзуюць асобны бялок. Пасля пранікнення ў клетку фрагмента ДНК донара адна з яе нітак распадаецца, а другая ўключаецца ў храмасому рэцыпіента за кошт рэкамбінацыі з гамалагічным участкам. Т. выкарыстоўваецца для генет. аналізу бактэрый, у якіх невядомыя інш. формы абмену генет. матэрыялам (кан’югацыі, трансдукцыі) і эксперыментах па генет. інжынерыі. Адкрыццё і вывучэнне Т. з’явіліся доказам таго, што ДНК — матэрыяльны носьбіт спадчыннасці.

Літ.:

Прозоров АА Генетическая трансформация и трансфекция. М., 1980.

т. 15, с. 512

ТРАНСФАРМІ́ЗМ (ад лац. transformis пераўтвораны),

сістэма ўяўленняў аб змене і ператварэнні арган. форм, паходжанні адных арганізмаў ад другіх, якая папярэднічала эвалюцыйнаму вучэнню. Тэрмін выкарыстоўваўся пераважна вучонымі-эвалюцыяністамі дадарвінаўскага перыяду. Т. гістарычна быў прагрэсіўны, таму што процістаяў крэацыянізму.

т. 15, с. 513

ТРАНСФЕРА́ЗЫ (ад лац. transferre пераносіць, пераводзіць),

клас ферментаў, якія каталізуюць міжмалекулярны перанос розных атамаў і груп атамаў (метыльных — CH3, карбаксільных — COOH і інш.). Прысутнічаюць ва ўсіх жывых арганізмах, адыгрываюць важнейшую ролю ў рэакцыях энергет. і пластычнага абмену. Вядома больш за 450 Т. Падзяляюцца на 8 падкласаў: Т., якія каталізуюць перанос аднавугляродных, альдэгідных і кетонных астаткаў, ацыльных, гліказільных, алкільных і арыльных, азота-, фосфара- і серазмяшчальных груп.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 513

ТРАНСФЕ́РТ (франц. transfert ад лац. transferre пераносіць, пераводзіць),

1) перадача права валодання імяннымі каштоўнымі паперамі (акцыі, вэксалі, аблігацыі, чэкі) адной асобай другой, перанос аплаты па здзелцы з аднаго рахунка на другі. Перадача права валодання ажыццяўляецца, як правіла, пры дапамозе перадатачнага надпісу — індасаменту.

2) Перавод замежнай валюты або золата з адной краіны ў другую; банкаўскія аперацыі па сустрэчных пераводах валют дзвюх або некалькіх краін (валютны Т.).

3) Перавод бюджэтных сродкаў для фінансавання абавязковых выплат насельніцтву: пенсіі, стыпендыі, кампенсацыі, інш. сац. выплаты, якія ўстаноўлены заканадаўствам (сацыяльны Т.).

4) Перадача права ўласнасці на рэальны тавар пакупніку без фіз. перамяшчэння тавару (кніжны Т.).

5) Пераезд грамадзян з адной краіны ў другую на аснове міжнар. пагаднення, аўтаматычнае змяненне грамадзянства; перавозка турыстаў з аэрапорта ў гасцініцу або паміж гарадамі. Т. называюць таксама перадачу тэхналогій. перавод грашовых сум, гуманіт. і тэхн. дапамогі. Напр., у 2000 аб’ём Т. у Рэспубліку Беларусь склаў 54,7 млн. дол., у т. л. з краін СНД — 1,2 млн. дол., Расіі — 1 млн. дол., інш. краін — 53,5 млн. дол.

І.​А.​Кліноўская.

т. 15, с. 513

ТРАНСФЕ́РТНЫЯ ПЛАЦЯЖЫ́,

грашовыя выплаты з дзярж. бюджэту насельніцтву і прыватным прадпрымальнікам, што ажыццяўляюцца ў парадку пераразмеркавання праз бюджэт сродкаў на карысць грамадзян, якія маюць у іх большую патрэбу; адна са схем пераразмеркавання дзярж. бюджэтных сродкаў. Адрозніваюць тры формы Т.п.: субсідыі прыватным прадпрымальнікам, выплаты працэнтаў па дзярж. доўгу, дзярж. грашовыя выплаты на сац. патрэбы (пенсіі, дапамогі і інш.).

т. 15, с. 513

ТРАНСФУЗІЯЛО́ГІЯ (ад лац. transfusio пераліванне, змешванне + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае пытанні пералівання крыві і яе прэпаратаў, таксама плазменных і кровазаменных вадкасцей. Вывучае новыя трансфузійныя сродкі; распрацоўвае тэарэт. праблемы загатоўкі, кансервавання і захавання крыві; прагназуе кірункі Т. ў залежнасці ад развіцця біялогіі, медыцыны, тэхнікі і інш.; арганізуе донарства; распрацоўвае формы арганізацыі трансфузіялагічнай службы ў сістэме аховы здароўя. Метады Т. выкарыстоўваюцца ў розных галінах медыцыны.

т. 15, с. 513