МАНЕТАРЫ́ЗМ,
эканамічная тэорыя і практычная канцэпцыя эканам. кіравання дзяржавай, паводле якой вызначальную ролю ў эканам. працэсах адыгрывае колькасць грошай у абарачэнні і сувязь паміж грашовай і таварнай масамі. Прыхільнікі М. разглядаюць у якасці гал. спосабаў уздзеяння на эканоміку рэгуляванне эмісіі, валютны курс нац. грашовай адзінкі, крэдытны працэнт, падатковыя стаўкі, мытныя тарыфы. Узнікненне М. звычайна звязваецца з імем М.Фрыдмана і заснаванай ім Чыкагскай школай у палітэканоміі.
т. 10, с. 79
МАНЕ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць манет розных наміналаў, якія арыентаваны на пэўную лікавую сістэму. Часам паняцце «М.с.» трактуецца як сінонім дапапяровай грашовай сістэмы, калі маецца на ўвазе асн. манетны метал, зафіксаваныя законам проба і лігатурная маса манетных наміналаў.
т. 10, с. 79
МАНЕ́ТНАЯ СТАПА́,
колькасць манет, якая выпускаецца з пэўнай масы металу (лібры, маркі, грыўні, фунта). Павелічэнне колькасці манет, што выбіваюцца з пэўнай адзінкі масы металу, прыводзіла да змяншэння масы каштоўнага металу ў манеце. Таму М.с. можна было або павялічыць, г. зн. біць з гэтай колькасці металу менш манет, або панізіць — біць больш манет з гэтай жа колькасці металу.
т. 10, с. 79
МАНЕ́ТНЫЯ КАНВЕ́НЦЫІ І САЮ́ЗЫ,
пагадненні паміж дзяржавамі аб стандартызацыі масы і пробы манет і іх узаемным прыёме. Ствараліся з сярэдніх вякоў. Найб. вядомыя М.к. і с. герм. дзяржаў: Аўстра-Паўд.-Германскія канвенцыі (1753, 1837), Паўн.-Германскія канвенцыі (1836, 1838), Аўстра-Германскі манетны саюз (1857), якімі вызначаліся маса і проба манет, усталёўваліся агульныя для краін-удзельніц манеты. Формамі манетных пагадненняў з’яўляліся Лацінскі манетны саюз (1865—1926) і Скандынаўскі манетны саюз (1872—1924).
т. 10, с. 80
МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
дзярж. прадпрыемства, якое займаецца чаканкай манет, вырабам ордэнаў, медалёў і інш. дзярж. метал. знакаў адрознення. М.д. ўзнікалі з утварэннем нац. дзяржаў, калі чаканка манет станавілася дзярж. манаполіяй. У Расіі першы М.д. узнік у 1534 у Маскве. У 1724 М.д. заснаваны ў Пецярбургу; з 1876 ён стаў адзіным у краіне. У Англіі М.д. створаны ў канцы 12 ст. ў Лондане, у ЗША у 1792 — у Філадэльфіі. На тэр. Беларусі дзейнічалі з 1665 Брэсцкі манетны двор, з 1706 Гродзенскі манетны двор, у 1796 запланавана адкрыццё Полацкага манетнага двара. Найб. вядомыя ў абарачэнні на тэр. Беларусі манеты выпускалі Віленскі манетны двор, М.д. Рэчы Паспалітай (16—18 ст., у т. л. ў Коўне, 1665—67), Саксоніі (1697—1763), Расійскай імперыі (18 ст. — 1917), СССР (1917—91). У Рэспубліцы Беларусь выраб бел. дзярж. узнагарод з каштоўных металаў ажыццяўляе падраздзяленне «Ювелір» Гомельскага вытв. аб’яднання «Крышталь».
т. 10, с. 79
МАНЕ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,
1) суадносіны залатога або сярэбранага ўтрымання ў грашовых адзінках дзвюх краін, якія дазваляюць устанавіць абменны курс кожнай з іх адносна другой.
2) Суадносіны паміж рыначным коштам золата і серабра, якія ўтрымліваюцца ў грашовых адзінках дзвюх краін з рознымі грашовымі сістэмамі.
т. 10, с. 79
МАНЕ́ТНЫ СТАТУ́Т,
устаноўленыя дзяржавай правілы, якія вызначаюць парадак чаканкі манеты ў краіне.
т. 10, с. 79
МАНЕ́ЎР (франц. manoeuvre),
1) арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войскаў або флоту з мэтай стварэння найб. выгаднай групоўкі сваіх сіл і сродкаў для выканання баявой задачы. Буйныя тактычныя вучэнні войск або флоту (часам сумесныя) ва ўмовах, блізкіх да баявых, наз. манеўры.
2) Пераноснае — хітрасць, выкрутас, удалы прыём.
3) Перамяшчэнне лакаматываў і вагонаў па станцыйных пуцях для састаўлення цягнікоў, сарціроўкі вагонаў і г.д. 4) Змена напрамку руху (курса, арбіты) судна, самалёта, касм. лятальнага апарата.
т. 10, с. 80
МАНЕ́ЎРЫ,
буйныя ваенныя вучэнні; вышэйшая форма аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі войск. У шэрагу краін М. праводзіліся з 17 ст., асабліва шырока з канца 19 — пач. 20 ст. На тэр. Беларусі ў 1929 упершыню праводзіліся ўсеармейскія і ў 1930 акруговыя М. Найб. буйныя М. Беларускай ваеннай акругі адбыліся ў 1936, а ў пасляваенны час — М. (вучэнні) «Дзвіна» (1970), «Бярэзіна» (1976), «Захад-81», «Восень-88» і інш. У сучасных умовах М. надае вял. значэнне ваен. камандаванне многіх краін свету. М. войск блока НАТО праводзяцца гал. чынам у Еўропе і на Атлантыцы. У ходзе іх асаблівая ўвага аддаецца перакідванню стратэг. рэзерваў ЗША на еўрап. кантынент, баявому выкарыстанню мабільных сіл НАТО і інш. У апошні час замест М. усё часцей праводзяцца камп’ютэрныя камандна-штабныя вучэнні, у т. л. шматнац. узбр. сіл. Напр., тэмай вучэнняў «Шчыт-98», у якіх удзельнічалі ваеннаслужачыя 15 краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь, было правядзенне аперацый у зонах этнічных канфліктаў, садзейнічанне міратворчым сілам ААН і г.д. Гл. таксама Вучэнні.
Літ.:
Гареев М.А. Тактические учения и маневры: (Ист. очерк). М., 1977;
«Двина»: Войсковые маневры, проведенные на территории Белоруссии в марте 1970 г. М., 1970;
Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;
Солонец Г. «Щит мира-98» // Армия. 1998. № 5.
І.Р.Дзенісенка, Р.Ч.Лянькевіч.
т. 10, с. 80
МАНЕФО́Н (грэч. Manethon; 2-я пал. 4 ст. да н.э., г. Самануд, Егіпет — пач. 3 ст. да н.э.),
старажытнаегіпецкі гісторык, вярхоўны жрэц у Геліопалі. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Егіпта» (захаваліся толькі ўрыўкі ў творах Іосіфа Флавія і гісторыкаў царквы Афрыкана і Еўсевія). М. належыць прыняты і цяпер у навуцы падзел гісторыі Егіпта на 30 дынастый фараонаў і на перыяды Старажытнага, Сярэдняга і Новага царстваў.
т. 10, с. 80