Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́БА,

Гебея, у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.Кайзера, К.В.Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.

т. 5, с. 128

ГЕ́БЕЛЕЎ Міхаіл

(Міхель) Лейбавіч (падп. мянушкі Бясстрашны Герман, Іваноў, Русінаў, Фадзееў; 1905, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.вер. 1942),

удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1938—39). У 1920-я г. працаваў сталяром, потым на парт. рабоце. З ліп. 1941 вязень Мінскага гета. З кастр. 1941 чл. кіруючага цэнтра падп. парт. арг-цыі гета, з ліст. 1941 упаўнаважаны па гета Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, з мая 1942 сакратар Тэльманаўскага падп. райкома КП(б)Б (дзейнічаў у гета). Адзін з арганізатараў першай падп. друкарні гаркома, наладжваў прыём і распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, кіраваў вывадам вязняў гета ў партыз. атрады. У ліп. 1942 арыштаваны і павешаны ў мінскай турме.

Літ.:

Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;

Купрэева Г. Мінскае гета: Схаваная праўда // Бел. мінуўшчына. 1993. № 2—4;

Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.

Ф.Я.Ліпскі.

т. 5, с. 128

ГЕ́БЕЛЬ

(Goebel) Карл (8.3.1855, г. Білігайм, Германія — 9.10.1932),

нямецкі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1926); чл. Баварскай АН (з 1930 прэзідэнт). Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Страсбурскі ун-т (1877). З 1881 працаваў у ім, з 1883 у Ростакскім, з 1887 у Марбургскім ун-тах, у 1891—1931 праф. Мюнхенскага ун-та, арганізаваў пры ім Бат. сад. У падарожжах па краінах Азіі, Амерыкі, Аўстраліі сабраў матэрыял па бат. геаграфіі, параўнальнай эмбрыялогіі вышэйшых раслін. Прадстаўнік арганаграфічнага кірунку ў марфалогіі раслін. Навук. працы па параўнальнай марфалогіі, фізіялогіі развіцця, вывучэнні ўзнікнення прыстасаванняў і заканамернасцей формаўтварэння ў раслін.

т. 5, с. 128

ГЕ́БЕЛЬ

(Hebbel) Крысціян Фрыдрых (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),

нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1978.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 128

ГЕ́БЕЛЬС

(Goebbels) Паўль Іозеф (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),

палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.

Літ.:

Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, РиббенТроп. М., 1992. С. 215—278.

т. 5, с. 129

ГЕБРАІ́СТЫКА,

комплекс філал. дысцыплін, якія даследуюць іўрыт і тэксты на ім; раздзел семіталогіі. Да пач. 16 ст. аўтарамі гэтых даследаванняў былі выключна яўрэі, якія выкарыстоўвалі метады араб. граматыкаў. Лічаць, што гебраістыка вылучылася ў асобную дысцыпліну ў пач. 10 ст. Першыя лінгвістычныя творы, прысвечаныя мове іўрыт, — працы Саадзі Гаона «Збор слоў», «Кнігі аб мове», працы І.Д.Хаюджа (каля 950 — каля 1000). Гебраістыка інтэнсіўна развівалася ў канцы 10 — сярэдзіне 12 ст. Большасць твораў таго часу напісана ў Іспаніі на араб. мове. У іх завершана лексічнае і граматычнае апісанне іўрыту. У 12 ст. вывучэнне іўрыту выйшла за межы араб. свету. Кніга І.Райхліна «Элементы мовы іўрыт» (1506) — першая праца па гебраістыцы, напісаная хрысціянінам і адрасаваная хрысціянам. З 16 ст. гебраістыка стала часткай еўрап. культуры. Адным з цэнтраў даследаванняў па гебраістыцы была Галандыя. Першым на лац. мове трактат аб граматыцы іўрыту напісаў Б.Спіноза («Кароткі нарыс граматыкі мовы іўрыт», 1677). Буйнейшы прадстаўнік гебраістыкі 19 ст.ням. даследчык Г.Ф.В.Гезеніус (1786—1842). Асаблівасць гебраістыкі 20 ст. — вызваленне яе ад уплыву тэалогіі і вяртанне да сваіх гуманістычных вытокаў. Асаблівую актуальнасць даследаванне розных этапаў развіцця іўрыту набыло ў сувязі з практычнымі задачамі адраджэння іўрыту як размоўнай і пісьмовай мовы ў навейшы час. Работа над поўным слоўнікам мовы іўрыт вялася з 1908 па 1959. Пачынаў яе Э.Бен-Іехуда, прадоўжылі А.Эвен-Шашан («Новы слоўнік», 1947—58), Я.Кнаані («Скарбонка мовы іўрыт», т. 1—15, 1960—80) і інш. У Расіі да 1917 гебраістыка развівалася пераважна на семіталагічным аддзяленні ф-та ўсх. моў Пецярбургскага ун-та, часткова ў духоўных акадэміях і семінарыях. У Маскве цэнтрам семіталогіі быў Лазараўскі ун-т усх. моў (з 1921 Маскоўскі ун-т усходазнаўства). Вял. ўклад у гебраістыку зрабіў вядомы ўсходазнавец, семітолаг, даследчык яўр. гісторыі і л-ры ўраджэнец г. Навагрудка А.Я.Гаркаві. У 1882 створана Рас. Палесцінскае т-ва, у публікацыях якога («палесцінскі зборнік») змешчаны каштоўныя работы па гебраістыцы. Пасля 1917 на кафедры семіталогіі Ленінградскага ун-та і ў Ін-це ўсходазнаўства акад. П.К.Какоўцаў заснаваў школу гебраістаў. У ліку яе буйнейшых прадстаўнікоў былі ўсходазнаўцы І.Д.Амусін (1910—84; ураджэнец Віцебска), І.Н.Віннікаў (1897—1973; ураджэнец г. Хоцімск), Г.М.Глускіна (н. 1922, ураджэнка г.п. Парычы, з 1990 жыве ў Ізраілі). У Беларусі значны ўклад у развіццё гебраістыкі зрабіў Г.М.Ліўшыц.

Літ.:

Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1961;

Яго ж. Находки у Мертвого моря М., 1965;

Глускина Г. Иегуда Альха Альхаризи и его сборник макам «Тахкемони» // Ариэль: Журн. современного израильского искусства и лит. 1992. № 10;

Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.

Э.Р.Іофе.

т. 5, с. 129

ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́,

Гебрыды (Hebrides), архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс. км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.

т. 5, с. 129

ГЕВА́НДХАЎЗ

(ням. Gewandhaus літар. дом адзення),

назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.

т. 5, с. 129

ГЕВА́РА ДЭ ЛА СЕ́РНА

(Geuvara de la Serna) Эрнеста [вядомы і як Чэ (Ché); 14.6.1928, г. Расарыо, Аргенціна — 8.10.1967], лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, дзярж. і паліт. дзеяч Кубы. Урач. У 1954 удзельнічаў у рэв. барацьбе ў Гватэмале. У 1955 у Мексіцы ўвайшоў у групу Ф.Кастра Руса, у складзе якой высадзіўся на Кубу (снеж. 1956). Адзін з кіраўнікоў Кубінскай рэвалюцыі 1959. Прэзідэнт Нац. банка Кубы (1959—61),

міністр нац. прам-сці (1961—65). Адзін з кіраўнікоў «Руху 26 ліпеня», пасля чл. Нац. кіраўніцтва Аб’яднаных рэв. арг-цый Кубы. Прыхільнік тэорыі экспарту рэвалюцыі. У 1965 пакінуў Кубу і кіраваў у 1966—67 партыз. атрадам у Балівіі, трапіў у палон, забіты. Аўтар прац пра Кубінскую рэвалюцыю 1959.

т. 5, с. 129

ГЕВЕ́ЛІЙ

(лац. Hevelius) Ян (28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130