Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРАДО́НА ((Maradona) Дыега Арманда) (н. 30.12.1960, г. Ланус, Аргенціна),

аргенцінскі спартсмен (футбол). Чэмпіён свету (1979 сярод юнакоў; 1986); сярэбраны прызёр (1990). Чэмпіён Аргенціны (1981), Італіі (1987, 1990). Уладальнік Кубкаў: УЕФА (1989), Іспаніі (1983), Італіі (1987). З 1994 трэнер футбольных клубаў Аргенціны, прадпрымальнік.

т. 10, с. 102

МАРАДУ́НКА (Xenus cinereus),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў лесатундры і лясной зоне Еўразіі. Жыве па берагах рэк і азёр, на вільготных лугах. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца пераважна ў бас. р. Прыпяць, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 27 см, маса 100 г. Апярэнне зверху шаравата-бурае з чорнымі палосамі, знізу белае. Дзюба тонкая, доўгая, выгнутая ўгору, буравата-чорная, каля асновы бледна-аранжавая. Ногі жаўтавата-ружовыя. Корміцца дробнымі беспазваночнымі. Гняздо на зямлі, нясе 4 яйцы.

Марадунка.

т. 10, с. 102

МАРАЗЕ́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 13.6.1948, г. Уладзівасток, Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1987 у Нац. АН Беларусі, з 1998 гал. вучоны сакратар Вышэйшага атэстацыйнага к-та Беларусі. Навук. працы па інфарм. тэхналогіях і аўтаматызаваных сістэмах кантролю, выпрабаванняў і падтрымкі прыняцця рашэнняў. Распрацаваў метады тэорыі і практыкі інфарм.-аналітычных сістэм.

Тв.:

Гармонические сигналы в цифровых системах контроля и испытаний Мн., 1990 (разам з Б.​Б.​Трыбухоўскім, А.​М.​Дзмітрыевым);

Техническое обеспечение новых информационных технологий. Мн., 1995.

Г.​В.​Рымскі.

т. 10, с. 102

МАРА́ЗМ (ад грэч. marasmos знясіленне, згасанне),

паступовае згасанне псіхічнай дзейнасці чалавека з агульным знясіленнем і атрафіяй органаў і тканак. Абумоўлена атрафіяй кары галаўнога мозга. Бывае пры старэчай прыдуркаватасці, канчатковай стадыі прагрэсіўнага паралічу і інш. хваробах мозга.

т. 10, с. 102

МАРАЗМІ́НЫ (ад грэч. marasmos знясіленне, згасанне),

таксічныя рэчывы (альдэгіды, аміяк і інш.), якія выдзяляюць многія мікраарганізмы. Напр., тыя, што насяляюць лясны подсціл, верхнія слаі глебы. Прыгнечваюць дзейнасць вышэйшых раслін.

т. 10, с. 102

МАРАІ́НА, Мараіні (Maraino, Maraini) Іначэнца, архітэктар і мастак-дэкаратар 2-й пал. 18 ст. Родам з Італіі (Лугана). Вучыўся ў Мілане ў Брэры. З 1764 працаваў пераважна ў Рэчы Паспалітай. З 1.6.1777 пры двары М.​К.​Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл., да 1780 кіраваў буд-вам спец. памяшкання для Слонімскага т-ра Агінскага («Новы дом оперы»), пісаў дэкарацыі. Верагодна, у 1786 ствараў дэкарацыі для т-ра «Ла Скала» (Італія). Гал. работы: перабудова Нац. т-ра ў Варшаве, буд-ва драўлянага амфітэатра ў г. Львоў (Украіна; 1790-я г.).

т. 10, с. 102

МАРАКА́Й (Maracay),

горад на Пн Венесуэлы. Адм. ц. штата Арагуа. Засн. ў 1697. Каля 900 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел аўтадарог, у т. л. адгалінаванне Панамерыканскай шашы. Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, дрэваапр., харч., хім., папяровая, шкляная.

т. 10, с. 102

МАРАКА́ЙБА,

тое, што Венесуэльскі заліў.

т. 10, с. 103

МАРАКА́ЙБА (Maracaibo),

возера (лагуна) у Венесуэле, у тэктанічнай упадзіне паміж гарамі Сьера-дэ-Перыха на З і Кардыльера-дэ-Мерыда на У, на Пд ад Венесуэльскага зал. Карыбскага м., з якім з’яднана мелкаводным (2—4 м) пралівам. Пл. 16,3 тыс. км², глыб. на Пд да 250 м. Берагі нізінныя, забалочаныя. У М. ўпадае каля 50 рэк. Плошча возера скарачаецца з-за інтэнсіўнага намнажэння алювіяльных асадкаў. Суднаходства. У раёне М. вядзецца здабыча нафты. На зах. беразе праліва марскі нафтавы порт Маракайба. Праз праліў пабудаваны мост даўж. 8,7 км.

т. 10, с. 103

МАРАКА́ЙБА,

горад на ПнЗ Венесуэлы. Адм. ц. штата Сулія. Засн. ў 1571. 1603 тыс. ж. (1997). Найб. нафтавы порт краіны, на зах. беразе праліва, які злучае воз. Маракайба і Венесуэльскі зал. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр Маракайбскага нафтагазаноснага раёна. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: хім., нафтахім., цэм., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая. Ун-т. Арх. помнікі (сабор, цэрквы) каланіяльнай эпохі.

т. 10, с. 103