Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена ў Італіі скрыжаваннем мясц. гусей з кітайскімі. Пашыраны ўсюды. Выкарыстоўваюцца ў скрыжаваннях для атрымання мясных гусянят, а таксама для вытв-сці гусінай печані.

Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Галава і шыя сярэдніх памераў, грудзі шырокія і глыбокія. Маса дарослых гусакоў 6,5, гусак 5,5 кг. Яйцаноскасць да 80 яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія гусі.

т. 7, с. 364

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ КУРАПА́ТКАВЫЯ КУ́РЫ,

парода курэй яечнага кірунку прадукцыйнасці. Вядомы таксама пад назвай карычневых, ці бурых, легорнаў.

Выведзены ў Італіі на аснове мясц. курэй. На Беларусі гадуюць птушкаводы-аматары.

Тулава выцягнутае, звужаецца да хваста. Галава невял., дзюба жоўтая, грэбень лістападобны, вялікі, у курэй звісае набок, у пеўняў прамастойны, вушныя мочкі белыя. Апярэнне курэй карычнева-шэрае з залаціста-жоўтай грывай, канцы крылаў і рулявое пер’е хваста чорныя; у пеўняў чырвона-карычневае тулава і чорны хвост з зялёным адценнем. Жывая маса дарослых пеўняў 2,5, курэй 1,8 кг. Яйцаноскасць — 200 і больш яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія курапаткавыя куры.

т. 7, с. 364

ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д БАНАПА́РТА 1796—97,

баявыя дзеянні франц. арміі на чале з ген. Н.​Банапартам (гл. Напалеон I) супраць аўстра-сардзінскіх войск у Паўн. Італіі ў вайну 1792—97 Францыі з 1-й антыфранц. кааліцыяй (Аўстрыя, Англія, Расія, Сардзінскае каралеўства, Каралеўства абедзвюх Сіцылій і інш.). Ініцыіраваны Банапартам, армія якога (каля 42 тыс. чал.) у крас. 1796 разбіла войскі Сардзінскага каралеўства (П’емонт) і вымусіла яго заключыць сепаратны мір. У маі Банапарт разграміў аўстрыйцаў каля Лодзі, заняў Мілан. У бітвах пры Кастыльёне, Раверэта, Басана, Аркале, Рывалі ён разграміў аўстр. войскі і ў лют. 1797 вымусіў гарнізон Мантуі капітуляваць, у сак. 1797 разгарнуў наступленне на Вену. Паводле заключанага 17.10.1797 міру (каля в. Кампаформіо, ПнУ Італіі) Аўстрыя ўступала Францыі б.ч. Паўн. Італіі і Аўстр. Нідэрланды, аднак атрымлівала як кампенсацыю Зальцбург, ч. Баварыі, б.ч. ліквідаванай Венецыянскай рэспублікі. Іанічныя а-вы і землі ў Албаніі адышлі да Францыі.

Літ.:

Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992. С. 31—50.

т. 7, с. 364

ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,

баявыя дзеянні (крас.—жн.) рас. і аўстр. войск пад камандаваннем фельдмаршала А.В.Суворава супраць 2 франц. армій у Паўн. Італіі ў вайну 1798—1802 Францыі з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Англія, Расія, Аўстрыя, Турцыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій). Распрацаваны Суворавым план кампаніі прадугледжваў разгром франц. армій паасобку. 26—28.4.1799 гал. сілы Суворава (больш за 40 тыс. чал.) разбілі франц. армію на чале з ген. Ж.​В.​Маро (каля 28 тыс. чал.) на р. Ада, занялі г. Мілан, у маі — Турын і Александрыю. 17—19 чэрв. войскі Суворава (каля 30 тыс. чал.) у сустрэчным баі на р. Трэбія разграмілі франц. армію ген. Ж.​Макданальда (33—35 тыс. чал.), якая рухалася на дапамогу Маро з Сярэдняй і Паўд. Італіі. Разгром саюзнымі войскамі (43 тыс. чал., паводле інш. звестак, 50 тыс.) 35-тысячнай франц. арміі ген. Б.​К.​Жубера (забіты ў пач. бітвы, яго змяніў Маро) 15 жн. каля г. Нові і перамогі ВМФ Расіі ў ходзе Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 прывялі да амаль поўнага вызвалення Італіі ад франц. панавання. Сувораў быў накіраваны ў Швейцарыю (гл. Швейцарскі паход Суворава 1799). У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 364

ІТАЛЬЯ́НЦЫ (саманазва італьяні),

народ, асн. насельніцтва Італіі (54,35 млн. чал.). Агульная колькасць 66,5 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў ЗША (8,5 млн. чал.), Аргенціне (1,35 млн. чал.), Францыі (1,1 млн. чал.), Канадзе, Аўстраліі, Бразіліі і інш. Этнаграфічныя групы: венецыянцы, п’емонтцы, тасканцы, ламбардцы, лігурыйцы, калабрыйцы, сіцылійцы і інш. Гавораць на італьянскай мове. Вернікі пераважна католікі.

т. 7, с. 365

ІТАПІКУРУ́ (Itapicuru),

Ітапекуру, рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. каля 650 км, пл. бас. 46,5 тыс. км². Пачынаецца ў хр. Сера-ду-Ітапікуру на паўн. ускраіне Бразільскага пласкагор’я, упадае ў заліў Сан-Жазе Атлантычнага ак. Жыўленне дажджавое. Паводкі ў сак.—маі. Сярэдні гадавы расход вады 470 м³/с. Ha І. — гарады Кашыяс (пачатак суднаходства), Кадо, Каруата.

т. 7, с. 365

ІТА́Р—ТАСС, Інфармацыйнае тэлеграфнае агенцтва Расіі,

цэнтральная дзярж. інфарм. служба. Створана ў 1962 на базе Тэлегр. агенцтва Сав. Саюза (ТАСС, засн. ў 1925, мела аддзяленні і карэспандэнцкія бюро больш як у 110 краінах). Збірае і забяспечвае інфармацыяй органы друку, радыёвяшчання і тэлебачання, урадавыя ўстановы і інш. арг-цыі ў Рас. Федэрацыі і за мяжой.

т. 7, с. 365

ІТАТЫА́Я (Itatiaia),

нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс. га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.

т. 7, с. 365

І́ТКІНА Марыя Лявонаўна (н. 3.5.1932, г. Смаленск, Расія),

бел. спартсменка і трэнер (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1960), засл. трэнер БССР (1971), засл. дз. фіз. культуры БССР (1973). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1957). Чэмпіёнка Еўропы ў бегу на 200 м і ў эстафеце 4 × 100 м (1954, Берн), у бегу на 400 м (1958, Стакгольм; 1962, Бялград). Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы ў бегу на 200 м (1958, Стакгольм). Пераможца Кубка Еўропы ў бегу на 400 м (1965, г. Касель, ФРГ), матчаў СССР—ЗША (1957), СССР—ФРГ (1958), СССР—Англія (1962, 1964). Чэмпіёнка СССР у бегу на 100 м (1960—63), 200 м (1954, 1956—58, 1960—62), 400 м (1958—60, 1963—65), у эстафеце 4 × 100 м (1964). 11-разовая рэкардсменка свету, рэкардсменка СССР у бегу на 400 м. З 1967 трэнер Бел. савета «Дынама». З 1991 Прэзідэнт Бел. саюза спартсменаў.

т. 7, с. 365

І́ТРЫЙ (лац. Yttrium),

Y, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 39, ат. м. 88,9059, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе І. стабільны ізатоп ​89Y. У зямной кары 2∙10​−3% па масе. Вылучаны ў выглядзе аксіду фін. хімікам Ю.​Гадалінам (1794) з мінералу, знойдзенага каля пас. Ітэрбю (адсюль назва Y, а таксама ітэрбію, тэрбію і эрбію), металічны атрыманы ў 1828 ням. хімікам Ф.​Вёлерам.

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1528 °C, шчыльн. 4472 кг/м³. У паветры пакрываецца тонкай устойлівай плёнкай аксідаў. Лёгка ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, вадародам, азотам, серай, вугляродам, фосфарам. Атрымліваюць аднаўленнем бязводных галагенідаў І. літыем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў, як канстр. матэрыял для ядз. рэактараў; ітрыевыя гранаты — лазерныя матэрыялы ў радыёэлектроніцы.

т. 7, с. 365