І́ТРЫЙ (лац. Yttrium),
Y, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 39, ат. м. 88,9059, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе І. стабільны ізатоп 89Y. У зямной кары 2∙10−3% па масе. Вылучаны ў выглядзе аксіду фін. хімікам Ю.Гадалінам (1794) з мінералу, знойдзенага каля пас. Ітэрбю (адсюль назва Y, а таксама ітэрбію, тэрбію і эрбію), металічны атрыманы ў 1828 ням. хімікам Ф.Вёлерам.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1528 °C, шчыльн. 4472 кг/м3. У паветры пакрываецца тонкай устойлівай плёнкай аксідаў. Лёгка ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, вадародам, азотам, серай, вугляродам, фосфарам. Атрымліваюць аднаўленнем бязводных галагенідаў І. літыем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў, як канстр. матэрыял для ядз. рэактараў; ітрыевыя гранаты — лазерныя матэрыялы ў радыёэлектроніцы.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)