СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
асноўны прынцып катэгарычнага сілагізма, што адносіцца і да аб’ёму і да зместу паняццяў. Для аб’ёму паняццяў С.а. фармулюецца так: усё, што сцвярджаецца (адмаўляецца) адносна ўсіх прадметаў класа, тое сцвярджаецца (адмаўляецца) і адносна любога прадмета гэтага класа; для зместу паняцця — ацэнка прыкметы прадмета ёсць таксама ацэнка самога прадмета; тое, што супярэчыць прыкмеце прадмета, супярэчыць і самому прадмету. Гл. таксама Сілагізм.
СІЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. syllogistikos які робіць вывад),
раздзел логікі, які вывучае дэдуктыўныя розумазаключэнні, што складаюцца толькі з катэгарычных суджэнняў. Уключае класіфікацыю розумазаключэнняў у залежнасці ад пасылак, якія ўваходзяць у яго, а таксама ад становішча сярэдняга тэрміна — фігуры сілагізма. Адрозніваюць 4 фігуры: агульнасцвярджальную («усякае А ёсць Б»), агульнаадмоўную («ні адно А не ёсць Б»), прыватнасцвярджальную («некаторае А ёсць Б»), прыватнаадмоўную («некаторае А не ёсць Б») і 256 варыянтаў фігур (правільных 24) — модусаў. У такім выглядзе С. распрацавана стараж.-грэч. філосафам Арыстоцелем, які ўвёў літарныя сімвалы для абазначэння суджэнняў і іх тэрмінаў, класіфікаваў і абгрунтаваў розныя формы сілагізмаў (модусы). Сучасная матэматычная логіка скараціла колькасць модусаў да 15, адкінуўшы тыя, што супярэчаць правілам вываду.
бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі. Д-рмед.н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1961). З 1966 у Гродзенскім мед. ун-це. Навук. працы па патамарфалогіі энцэфалітаў, энцэфалапатый плода і нованароджаных, патамарфалогіі органаў зроку, клініка-анат. аналізе ўрачэбных памылак.
Тв.:
Врожденные пороки и аномалии развития глаз // Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Патоморфология органа зрения в перинатальном периоде. Мн., 1993 (разам з Ю.Р.Бойка);
Клиникоанатомический анализ врачебных ошибок. Мн., 1994 (з ім жа).
СІ́ЛАНПЯ ((Sillanpää) Франс Эміль) (16.9.1888, г. Хяменкюрэ, Фінляндыя — 3.6.1964),
фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це (1908—13), працаваў у выдавецтвах (1915—26). У першым рамане «Сонца і жыццё» (1916), зб-ках навел «Дзеці чалавечыя ў карагодзе жыцця» (1917), «Мая ўлюбёная радзіма» (1919), «Ад зямлі» (1924), «Тэлінмякі» (1925) адчувальныя ўплывы творчасці неарамантыкаў (Ю.Аха, К.Гамсун). У рамане «Праўдзівая беднасць» (1919), аповесці «Хілту і Рагнар» (1923) псіхал. асэнсаванне стану фін. сялянства ў час і ў першыя гады пасля грамадз. вайны 1918. У раманах «Памерлая ў маладосці» (1931), «Шлях мужчыны» (1932), «Людзі ў летняй ночы» (1934) паглыбленне псіхалагізму, узмацненне рэаліст. тэндэнцый. Аўтар аўтабіягр. раманаў «Жнівень» (1941), «Хлопец жыў сваім жыццём» (1953), «Расказваю і выяўляю» (1954), «Галоўная падзея дня» (1956) і інш. Нобелеўская прэмія 1939.
СІЛА́НЦЬЕЎ (Юрый Васілевіч) (10.4.1919, г. Краснадар, Расія — 20.12.1983),
расійскі дырыжор, кампазітар. Нар.арт.СССР (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1940). З 1948 скрыпач-канцэртмайстар і асістэнт дырыжора Маскоўскага сімф. аркестра. З 1958 маст. кіраўнік і гал. дырыжор створанага ім эстрадна-сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыёвяшчання. Аўтар муз. твораў розных жанраў: рапсодыя «Адыгейскі зафак» (1973), «Камсамольская сімфонія» (1976), балет «Юнацтва» (1976—77) і інш.
крэменевадароды, група хім. злучэнняў крэмнію з вадародам агульнай ф-лы SinH2n+2 (n = 1—8); аналагі алканаў (гл.Насычаныя злучэнні). Ланцугі, утвораныя атамамі крэмнію няўстойлівыя; вышэйшы вядомы член гомалагічнага раду С. — октасілан Si8H18.
Монасілан SiH4 (tкіп -112 °C, шчыльн. 680 кг/м³) і дысілан Si2H6 — бясколерныя газы, астатнія — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам, атрутныя. Раствараюцца ў этаноле, бензіне, серавугляродзе. Пірафорныя (гл.Пірафорныя рэчывы). Вельмі лёгка акісляюцца (для С. з n ≥ 3 рэакцыя адбываецца з моцным выбухам) і гідралізуюцца з утварэннем крэмнію дыаксіду і вадароду. Монасілан атрымліваюць раскладаннем трыэтаксісілану (C2H5O)3SiH пры 20—80 °C у прысутнасці натрыю, астатнія С. — раскладаннем сіліцыдаў металаў к-тамі і шчолачамі. Выкарыстоўваюць SiH4 для атрымання паўправадніковага крэмнію.
СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),
кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.
Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.
збудаванне ў выглядзе траншэі або вежы для прыгатавання і захоўвання сіласу. Ахоўваюць сіласную масу ад доступу паветра, пранікнення вады і прамярзання.
Будуюцца звычайна на тэр. жывёлагадоўчых або птушкагадоўчых ферм з найкарацейшымі адлегласцямі падачы сіласу для скормлівання. Траншэі бываюць наземныя, паўзаглыбленыя і заглыбленыя, сцены іх звычайна уцяпляюць грунтам, днішчы робяць з нахілам для сцёку вадкасці. Аб’ём 500—4000 м³. Гл. таксама Сянажнае сховішча.
Сіласасховішча: 1 — наземнае з жалезабетонных блокаў; 2 — з бутавага каменю; 3 — паўзаглыбленае з цэглы; 4 — з жалезабетонных пліт.