СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),
кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.
Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.
т. 14, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)