Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́РКАЎ (Георгій Макеевіч) (19.4.1911, с. Новакускова Асінаўскага р-на Томскай вобл., Расія — 26.9.1991),

расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974, 1984). Вучыўся ў Томскім ун-це (1930—32). Друкаваўся з 1936. Раман «Строгавы» (кн. 1—2, 1939—46; Дзярж. прэмія СССР 1952) прысвечаны гісторыка-рэв. тэме. Пра далейшы лёс дынастыі Строгавых раман «Соль зямлі» (кн. 1—2, 1954—60). Аўтар раманаў «Бацька і сын» (ч. 1—2, 1963—64; аднайм. фільм 1980), «Сібір» (кн. 1—2, 1969—73; Ленінская. прэмія 1976), «Наступнаму стагоддзю» (1981—82), аповесцей «Арлы над Хінганам» (1947—48; першапачатковая назва «Салдат пяхоты»), «Запавет» (1975), «Мая ваенная пара» (1979), зб-ка нарысаў і апавяданняў «Ліст у Марэеўку» (1952), п’есы «Выклік» (разам з Э.Ю.Шымам, паст. 1980), зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Жыццё. Літаратура. Пісьменнік» (1971), «У пошуках паэзіі і праўды» (1983) і інш. Творчасці М. ўласціва ўвага да цэльных характараў людзей з народа, умелае ўзнаўленне дэталей побыту. Асобныя творы М. на бел. мову пераклалі Л.Салавей, Т.Мартыненка і інш. Старшыня праўлення СП СССР (19-77—89).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—82;

Моя военная проза: Повести и рассказы. М., 1986.

Літ.:

Мотяшов И.П. Георгий Марков. М., 1984;

Литвинов В.М. Судьба народная. М., 1986.

Г.М.Маркаў.

т. 10, с. 115

МА́РКАЎ (Даніла Аляксандравіч) (13.1.1895, г. Расказава Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1976),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі, фізіятэрапіі і курарталогіі. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р мед. н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыў Саратаўскі ун-т (1919). З 1926 у БДУ, у 1931—41 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Адначасова ў 1929—41 і 1946—48 дырэктар Бел. НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, у 1947—73 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. У 1950—76 заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па ранняй функцыян. дыягностыцы, тонкай семіётыцы і патагенет. тэрапіі нерв. захворванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Основы патогенетической терапии заболеваний нервной системы. Мн., 1964;

Общая терапия и профилактика заболеваний нервной системы. Мн., 1967;

Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973.

Д.А.Маркаў.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Канстанцін Канстанцінавіч) (20.5.1905, г. Выбарг Ленінградскай вобл., Расія, — 1980),

расійскі географ, геамарфолаг. Акад. АН СССР (1970). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Удзельнік экспедыцый на Памір, Цянь-Шань, Д. Усход, у Сібір і тройчы ў Антарктыду (1955—60). Навук. працы па даследаванні чацвярцічнага перыяду на тэр. СССР, геамарфалогіі, палеагеаграфіі, тэорыі фіз. геаграфіі, геаграфіі Антарктыды і Сусветнага ак. Аўтар (разам з І.П.Герасімавым) зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Удзельнік стварэння «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Леанід Васілевіч) (13.12.1927—2.3.1991),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тэатр. студыю пры Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1950). Акцёр гэтага т-ра, з 1960 у Маскоўскім драм. т-ры імя Пушкіна, з 1965 у Т-ры імя Массавета, у 1986—87 у Малым т-ры. Выканальніцкае майстэрства было адметнае эмацыянальнай яркасцю, унутр. сілай. Іграў герояў пераважна складанага лёсу: Парфірый Пятровіч («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага, 1969), Аляксей Арлоў («Царскае паляванне» Л.Зорына, 1977) і інш. З 1972 здымаўся ў кіно: «Рускае поле» (1972), «І гэта ўсё пра яго» (1977, паводле В.Ліпатава), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Ганна Паўлава» (1983), «Дзіцячы сад» (1984), «Змеялоў» (1985) і інш.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Леў Мікалаевіч) (3.12.1937, г. Жалезнадарожны Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэорыі кіравання. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1966). З 1966 у Ваеннай акадэміі Беларусі. З 1997 у Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва (з 1998 прарэктар). Навук. працы па тэорыі кіравання, радыёлакацыі, даследаванні аперацый, тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыцы. Распрацаваў стат. тэорыю прасторава-размеркаваных радыётэхн. сістэм.

Тв.:

Многопозиционные радиотехнические системы. М., 1986 (разам з В.С.Кандрацьевым, А.Ф.Котавым);

Антенные системы радиоэлектронной техники. М., 1993 (у сааўт.).

В.Ц.Осіпаў.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ Мацюшка, бел. дойлід 2-й пал. 17 ст. Кіраваў адной з арцелей будаўнікоў, якая аднаўляла крапасныя збудаванні Полацка, разбураныя ў 1579 войскамі Стафана Баторыя. Паставіў (да 1655) у Верхнім замку васьмігранную двух’ярусную шатровую вежу Мошна.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Павел Аляксандравіч) (22.3.1897, г. Тула, Расія — 5.4.1980),

расійскі тэатразнавец, рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Д-р мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1921). У 1925—62 (з перапынкам) працаваў у МХАТ (у 1955—62 рэжысёр). З 1933 у Муз. т-ры імя У.Неміровіча-Данчанкі, у 1944—49 маст. кіраўнік Муз. т-ра імя К.Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1951—55 рэжысёр і старшыня літ. савета Малога т-ра. З 1939 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1943 праф.). Сярод пастановак: «Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава (1944), «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1948), «Порт-Артур» І.Папова і А.Сцяпанава (1953, з К.Зубавым), «Прададзеная калыханка» Х.Лакснеса (1955) і інш. Аўтар прац пра драм. і муз. тэатр: «Найноўшыя тэатральныя плыні (1898—1923)» (1924), «Маскоўскі Мастацкі тэатр, 1898—1948» (з М.Чушкіным), «В.Ф.Камісаржэўская (1864—1910)» (абедзве 1950), «Рэжысура У.І.Неміровіча-Данчанкі ў музычным тэатры» (1960); зб-каў артыкулаў «Тэатральныя партрэты» (1939), «Праўда тэатра» (1965), «У тэатрах розных краін» (1967). Гал. рэдактар «Тэатральнай энцыклапедыі» (т. 1—5, 1961—67).

Тв.:

О театре, Т. 1—4. М., 1974—77;

Книга воспоминаний. М., 1983.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Пётр Аляксеевіч) (28.6.1902, в. Хатоўня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.6.1967),

генерал-палкоўнік танк. войск (1965). Скончыў ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1935), Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1923. З 1935 выкладчык у ваен. вучылішчах. У Вял. Айч. вайну з мая 1942 на Зах., Паўд.-Зах. і 1-м Укр. франтах: нач. аператыўнага аддзела штаба танк. корпуса, нач. штаба механіз. корпуса.

Удзельнік вызвалення Калінінскай, Смаленскай, Калужскай, Днепрапятроўскай абл., Данбаса. У 1944—58 нам. нач. штаба Упраўлення камандавання бранятанк. і механіз. войскамі Сав. Арміі, выкладчык ваен. акадэміі. З 1958 нам. нач., з 1964 нач. Ваен. акадэміі бранятанкавых войск.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Пётр Іванавіч) (н. 1.7.1936, в. Вусце Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1993). Скончыў Уральскі электрамех. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1962). З 1971 у Магілёўскім маш.-буд. ін-це (з 1997 навук. кіраўнік н.-д. цэнтра валаконна-аптычнай тэхнікі). Навук. працы па інфармацыйна-вымяральных сістэмах, валаконна-аптычнай тэхналогіі і тэхніцы кантролю і дыягностыкі.

Тв.:

Волоконно-оптические преобразователи в приборах технологического контроля. Мн., 1984 (разам з В.М.Шапавалавым);

Волоконно-оптическая интроскопия. Л., 1987 (разам з А.А.Кетковічам, Д.К.Сатаравым).

Пётр Маркаў.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 1.5.1946, г. Чавусы Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі і тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1997), праф. (1999). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1968). З 1970 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўзаемадзеянняў і раздзяленні фаз у цепламасаабменных апаратах. Распрацаваў высокаэфектыўныя апараты-кантактары для газавай (асушка прыроднага газу) і інш. галін прам-сці.

Тв.:

Анализ движения взвешенных частиц в роторном сепараторе (разам з Ф.У.Пруднікавым) // Инженерно-физ. журн. 1991. Т. 60, № 3;

К расчету устройств для сепарации капель жидкости // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1998. № 1.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 10, с. 116