Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДУДА́Р (Алесь) (сапр. Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.​Александровічам і А.​Вольным; зб. апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб. арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, В.​Брусава, «Дванаццаць» А.​Блока, урыўкі з «Фауста» І.​В.​Гётэ, «Германіі» Г.​Гейнэ, творы С.​Ясеніна, Б.​Пастарнака, М.​Ціханава, М.​Рыльскага, У.​Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.​Стандэ, аповесць Ф.​Гладкова «Новая зямля», раман У.​Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1959;

Вежа. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Міхнюк У.М. Арыштаваць у высылцы;

Дакумент. нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

А.Дудар.

т. 6, с. 252

ДУДА́РАВА (Вераніка Барысаўна) (н. 5.12.1916, Баку),

расійскі дырыжор. Нар. арт. Расіі (1960). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1947). З 1947 дырыжор, у 1960—89 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Маскоўскага дзярж. сімф. аркестра. Выступала з многімі інш. калектывамі, у т. л. Дзярж. акад. сімф. аркестрам СССР, аркестрамі Маскоўскай і Ленінградскай філармоній, лепшымі харамі Расіі. Яе творчасці ўласцівы яркі тэмперамент, своеасаблівы творчы почырк у інтэрпрэтацыі твораў. У рэпертуары пераважна сімф. музыка рус. класікаў (С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, П.​Чайкоўскага) і сучасных рас. кампазітараў. Дзярж. прэмія Расіі 1980.

т. 6, с. 252

ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг. літ. часткі Бел. рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.​Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.​Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі.

Тв.:

Дыялог: П’есы. Мн., 1987.

Літ.:

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;

Сямёнава А. Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;

Ганчароў А. Культ сонца // Беларусь. 1986. № 8.

В.​С.​Вайткевіч.

А.А.Дудараў.

т. 6, с. 253

Дудараў Вячаслаў Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 382

«ДУДА́РЫКІ»,

бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.​Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц. нар. лексікі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 253

ДУДАРЭ́НКА (Леанід Аляксандравіч) (н. 25.10.1930, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1963). Гал. месца ў творчасці, якой уласцівы метафарычная афарбоўка, багатае вобразнае вырашэнне, займаюць канцэптуальныя сюжэтна-тэматычныя карціны: «П’ета» (1968), «Вызваленне» (1975), «Касінеры Каліноўскага» (1978), «У майстэрні» і «Гэта не павінна здарыцца» (абедзве 1986), «Эпілог» і «Людзі і манументы» (абедзве 1988), «Майму народу гэта кніга (Скарына)» (1990), «Баляванне драпежнікаў» (1993), «Усюды жыццё» (1995), «За што, Госпадзі?» (1996). Пейзажы і партрэты вылучаюцца моцнай пластыкай, выразнасцю малюнка: партрэты В.​Быкава (1980), М.​Багдановіча (1981), «Перад трэніроўкай. Н.​Б.​Сініцына» (1987), «Мая Наталля» (1997), пейзажы «Браслаў» (1982), «Раўбічы» (1988), «Пінск» (1993) і інш.

Літ.:

Шаура Р. Леанід Дударэнка. Мн., 1984;

Леонид Дударенко. Мн., 1995.

Л.Дударэнка. Гэта не павінна здарыцца. 1988.

т. 6, с. 253

ДУДАРЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 20.7.1934, в. Варатын Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. пед. н. (1980), праф. (1991). Засл. настаўнік Беларусі (1974). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1956). З 1983 рэктар Мазырскага пед. ін-та. Навук. даследаванні па распрацоўцы і ўдасканаленні зместу і структуры матэм. дысцыплін для ВНУ. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.

Тв.:

Алгебра и геометрия. Мн., 1989 (разам з А.​А.​Дадаянам);

Математический анализ. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 6, с. 253

ДУ́ДЗІН (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1953, г. Спаск-Дальні, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе. Навук. працы па стахастычных працэсах абслугоўвання ў сістэмах са зменнымі рэжымамі функцыянавання і даследаванні тэлекамунікацыйных сетак.

Тв.:

Практикум на ЭВМ по теории массового обслуживания. Мн., 1994 (разам з Г.​А.​Мядзведзевым, Ю.​В.​Мелянцом);

Расчет характеристик однолинейной системы обслуживания, функционирующей в марковской синхронной случайной среде (разам з В.​І.​Клімянок) // Автоматика и телемеханика. 1997. № 1.

т. 6, с. 253

ДУ́ДЗІН (Міхаіл Аляксандравіч) (20.11.1916, в. Кляўнёва Іванаўскай вобл., Расія — 31.12.1993),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1976). Друкаваўся з 1934. У 1939—45 у арміі. Як паэт сфарміраваўся на фронце (зб-кі «Фляга», 1943, «Пераправа», 1945). Яго паэзія вострапубліцыстычная і аптымістычная, услаўляе чалавека і яго працу (зб-кі «Масты. Вершы з Еўропы», 1958, «Чацвёртая зона», 1960, «Да запатрабавання», 1963, «Дарога жыцця», 1967, «Час», 1969, «Полюс», 1979, і інш.). Аўтар аповесці «Дзе наша не прападала» (1965), кнігі пра л-ру «Поле прыцягнення. Проза пра паэзію» (1981). На бел. мову творы Д. перакладалі Р.​Барадулін, С.​Грахоўскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, М.​Танк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1976—77;

Бел. пер. — Пасля спаткання: Выбр. М., 1984.

Літ.:

Лавров В.А. Михаил Дудин. Л., 1976;

Хренков Д.М. Михаил Дудин. М., 1976.

т. 6, с. 253

ДУДЗІ́НКА,

горад у Расіі, цэнтр Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акругі, за Палярным кругам, у нізоўях р. Енісей. Засн. ў 1667 як зімоўе, з 1951 горад. 32,1 тыс. ж. (1992). Марскі порт (аванпорт Нарыльска). Чыг. станцыя (пач. пункт самай паўн. у свеце чыгункі Д.—Нарыльск). Рыбазавод. Краязнаўчы музей.

т. 6, с. 253