Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

хімічныя працэсы ў геасферах, што выклікаюць міграцыю хім. элементаў і іх ізатопаў. Вядуць да канцэнтрацыі іх і ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў або да рассейвання, утварэння арэолаў вакол радовішчаў і геахімічных анамалій, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя.

Найб. вывучаныя геахімічныя працэсы ў літасферы, гідрасферы і ніжніх слаях атмасферы, а таксама ў біясферы. Аб геахімічных працэсах у ніжняй мантыі і ядры Зямлі існуюць толькі гіпотэзы. Паводле формы міграцыі хім. элементаў вылучаюць некалькі груп геахімічных працэсаў. Да механічных геахімічных працэсаў належаць эрозія, абразія, дэфляцыя, плоскасны змыў і ўтварэнне дэлювію. З ім звязана фарміраванне россыпных радовішчаў золата, плаціны, алмазаў. Фізіка-хімічныя геахімічныя працэсы ўключаюць эндагенныя, глыбінныя (працякаюць без доступу свабоднага кіслароду, пры высокіх т-рах і ціску; да іх належаць магматычныя, метамарфічныя і гідратэрмальныя), экзагенныя, або гіпергенныя працэсы (адбываюцца на паверхні Зямлі і на невял. глыбінях пры нізкіх т-рах і ціску, пераважна з удзелам свабоднага кіслароду). Біягеахімічныя геахімічныя працэсы абумоўленыя дзейнасцю арганізмаў; разам з тэхнагеннымі геахімічнымі працэсамі, што працякаюць пры гасп. дзейнасці чалавека, яны ахопліваюць усю наасферу.

т. 5, с. 126

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ЭПО́ХІ,

этапы геал. гісторыі, якія характарызуюцца намнажэннем у горных пародах пэўных хім. элементаў ці іх спалучэнняў. У асобныя геал. эпохі канцэнтрацыя хім. элементаў прыводзіла да ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў і цэлых руданосных правінцый. Напр., эпоху фарміравання на Зямлі радовішчаў жалезістых кварцытаў у археі — пратэразоі звязваюць са з’яўленнем і намнажэннем у атмасферы свабоднага кіслароду; эпохі вугленамнажэння ў карбонавым і інш. перыядах — з росквітам балотнай расліннасці і намнажэннем у літасферы арган. рэчыва. Вядомыя таксама залатарудная эпоха ў археі, эпоха ўтварэння свінцовых руд у юры і інш. Тэрмін геахімічныя эпохі блізкі да паняцця «металагенічная эпоха».

т. 5, с. 126

ГЕАХІМІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,

шэраг паслядоўных геахімічных працэсаў, у якіх хім. элементы мігрыруюць, удзельнічаюць у розных фіз.-хім. працэсах з утварэннем мінералаў і вяртаюцца ў зыходнае становішча ў выніку кругавароту. Геахімічны цыкл абгрунтаваў У.І.Вярнадскі (1922). Вылучаюць геахімічныя цыклы: малы, калі хім. элементы пераўтвараюцца ў паслядоўных працэсах выветрывання — зносу — асадкаўтварэння — выветрывання, і вялікі, калі яны праходзяць праз выветрыванне — асадкаўтварэнне — метамарфізм — магматызм — выветрыванне. Кожны хім. элемент мае свой геахімічны цыкл. Напр., сярэдні час, калі вуглярод знаходзіцца ў жывым рэчыве, — 7—8 гадоў, свабодны кісларод у атмасферы — 3800 гадоў, вуглякіслы газ у атмасферы — 6 гадоў, у акіяне — каля 330 гадоў, у асадкавых горных пародах — каля 400 млн. гадоў. Вучэнне аб геахімічным цыкле дазваляе звязваць геахім. працэсы, вывучаць міграцыю і размеркаванне хім. элементаў у зямной кары і інш.

т. 5, с. 125

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

ГЕАХІ́МІЯ ЛАНДША́ФТУ,

галіна ландшафтазнаўства, якая вывучае састаў і міграцыю хім. элементаў у ландшафце. Узнікла ў 1940-я г. на мяжы геаграфіі і геахіміі. Заснавальнік Б.Б.Палынаў.

У большасці ландшафтаў пераважае біягенная міграцыя, якая выяўляецца ў біял. кругавароце атамаў пры ўзнікненні і распадзе арган. рэчыва. Пры гэтым сонечная энергія ператвараецца ў дзейную хім. энергію. У водах ландшафтаў пераважае фіз.-хім. міграцыя. Паводле характэрных іонаў прыродных вод адрозніваюць ландшафты кіслыя (H​+), кальцыевыя (Ca​+) і інш. Участкі зямной паверхні, дзе міграцыя хім. элементаў мае якасныя асаблівасці, вылучаюцца як геахім. ландшафты. Напр., геахім. ландшафты Бел. Палесся кіслыя, бедныя воднымі мігрантамі, з залішняй колькасцю іонаў вадароду (H​+) і жалеза (Fe​++), з недахопам ёду і інш. біялагічна важных элементаў. Асаблівасці міграцыі хім. элементаў пакладзены ў аснову геахім. класіфікацыі ландшафтаў і складання ландшафтна-геахім. картаў. Даныя геахіміі ландшафту выкарыстоўваюцца пры геахімічнай разведцы карысных выкапняў, у медыцыне, курарталогіі, пры ацэнцы навакольнага асяроддзя, для вывучэння ландшафтаў мінулых геал. эпох.

Літ.:

Перельман А.И. Геохимия ландшафта. 2 изд. М., 1975;

Лукашев К.И., Вадковская И.К. Геохимические процессы в ландшафтах Белоруссии. Мн., 1975.

т. 5, с. 126

ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),

геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.

Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.​Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.​Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.​Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб. стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.

На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (​14C) метадам (Л.​М.​Вазнячук, А.​І.​Зімянкоў, І.​Л.​Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс. г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн. г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн. г. назад.

Літ.:

Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;

Шкала геологического времени: Пер. с англ. М., 1985;

Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.

А.​С.​Кручак.

т. 5, с. 126

ГЕАЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ уяўленне пра будову Сусвету, паводле якога ў цэнтры яго размешчана нерухомая Зямля, вакол якой рухаюцца ўсе нябесныя целы. Геацэнтрычная сістэма свету апісана К.​Пталамеем (2 ст.). На змену геацэнтрычнай сістэме свету прыйшла геліяцэнтрычная сістэма свету.

т. 5, с. 128

ГЕАЭКВІВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад геа... + эквівалентнасць),

суадносіны культ. ландшафту, які стварае чалавек, з прыродным ландшафтам, што існаваў на гэтым месцы, паводле складу і масы рэчываў, інтэнсіўнасці працэсаў абмену і інш. экалагічных, ландшафтных і энергет. паказчыках.

т. 5, с. 128