І́СРАЭЛС (Israëls),
нідэрландскія жывапісцы, бацька і сын. Іосеф (27.1.1824, г. Гронінген, Нідэрланды — 12.8.1911). Вучыўся ў АМ у Амстэрдаме і Парыжы (1845) у А.Вернэ і П.Дэлароша. Зазнаў уплыў барбізонскай школы і Ж.Ф.Міле. З 1871 жыў у г. Гаага; кіраўнік рэаліст. гаагскай школы. Драматычныя паводле вобразнага ладу яго карціны прысвечаны пераважна жыццю рыбакоў і сялян («Адна ў свеце», 1876). Змрочны танальны каларыт і святлоценявыя кантрасты ў творах 1890—1900-х г. саступілі месца больш светлай і яркай гаме («Самотныя думкі», 1896; «Едакі бульбы», 1903, і інш.). Ісак (3.2.1865, Амстэрдам — 7.10.1934), сын Іосефа І. Зазнаў уплыў франц. імпрэсіянізму. Аўтар лёгкіх і дынамічных па манеры пісьма партрэтаў, сцэн. гар. жыцця.
т. 7, с. 347
ІСТА́НУС,
у хецкай міфалогіі бог сонца. Імя І. запазычана ў эпоху Старажытнахецкага царства з міфалогіі хаці (Эстан) і выцесніла індаеўрап. імя бога Тыват ці Тыят. І. ўяўлялі ў выглядзе чалавека з блакітнай барадой, які на калясніцы, запрэжанай чацвёркай коней, аб’язджае неба.
т. 7, с. 347
І́СТБАРН (Eastbourne),
горад і прыморскі кліматычны курорт у Вялікабрытаніі. На Пд ад Лондана і У ад Брайтана, на беразе прал. Ла-Манш. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльным для тэрапіі нерв. расстройстваў. Адзін з першых гарадоў у Вялікабрытаніі, дзе з 19 ст. пачалося эксперым. ландшафтнае буд-ва месца правядзення шматлікіх канферэнцый, у т. л. міжнародных.
т. 7, с. 347
ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,
у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.
т. 7, с. 347
ІСТО́МІНА (Аўдоцця Ільінічна) (17.1.1799, С.-Пецярбург — 8.7.1848),
руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1815, педагог Ш.Дзідло і інш.). Вучаніцай дэбютавала ў партыі Галатэі («Ацыс і Галатэя» К.Каваса). У 1816—36 салістка (да 1829 вядучая танцоўшчыца) пецярбургскага Вял. т-ра. Валодала моцным тэмпераментам, віртуознай тэхнікай, бездакорным пачуццём стылю, сцэн. абаяльнасцю. Стварыла яркія разнапланавыя вобразы (ад камічных да глыбока трагічных). Сярод лепшых партый: Флора, Чаркешанка («Зефір і Флора», «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» Каваса), княжна Людміла («Руслан і Людміла» Ф.Шольца; паст. ўсіх Дзідло), царыца Сумбека («Сумбека, або Заваяванне Казанскага царства» Л.Санэ).
Літ.:
Эльяш Н. Авдотья Истомина. Л., 1971.
т. 7, с. 347
ІСТР (ístros),
старажытнагрэчаская назва ніжняга цячэння р. Дунай (з 8 ст. да н.э.).
т. 7, с. 348
І́СТРУ ((Istru) Багдан) (сапр. Бадароў Іван Спірыдонавіч; 13.4.1914, в. Піструены Лазоўскага р-на, Малдова — 25.3.1993),
малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Чл.-кар. АН Малдовы (1984). Скончыў Вышэйшае пед. вучылішча ў г. Ясы (1931). Друкаваўся з 1936. У кнігах вершаў і паэм «Заклінанне» (1937), «Голас Радзімы» (1946), «Ад берага да берага» (1958), «Боль ценяў» (1968), «Тысячы галасоў» (1971), «Татарбунар» (1974), апавяданняў «Шлях да святла» (1947) і інш. адлюстраваў найб. важныя гіст. вехі жыцця малд. народа. Аўтар нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў А.Лойка.
Тв.:
Рус. пер. — Избр.: Стихотворения и поэмы. М., 1976.
т. 7, с. 348