І́СРАЭЛС (Israëls),

нідэрландскія жывапісцы, бацька і сын. Іосеф (27.1.1824, г. Гронінген, Нідэрланды — 12.8.1911). Вучыўся ў АМ у Амстэрдаме і Парыжы (1845) у А.Вернэ і П.Дэлароша. Зазнаў уплыў барбізонскай школы і Ж.Ф.Міле. З 1871 жыў у г. Гаага; кіраўнік рэаліст. гаагскай школы. Драматычныя паводле вобразнага ладу яго карціны прысвечаны пераважна жыццю рыбакоў і сялян («Адна ў свеце», 1876). Змрочны танальны каларыт і святлоценявыя кантрасты ў творах 1890—1900-х г. саступілі месца больш светлай і яркай гаме («Самотныя думкі», 1896; «Едакі бульбы», 1903, і інш.). Ісак (3.2.1865, Амстэрдам — 7.10.1934), сын Іосефа І. Зазнаў уплыў франц. імпрэсіянізму. Аўтар лёгкіх і дынамічных па манеры пісьма партрэтаў, сцэн. гар. жыцця.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)