«І́СКРЫ СКАРЫ́НЫ»,
гісторыка-публіцыстычны часопіс. Выдаваўся ў 1931—35 у Празе на бел. мове Бел. (Крывіцкім) культ. т-вам імя Ф.Скарыны. У аснове выдання ідэі пераемнасці духоўнай спадчыны Скарыны з сучаснымі праблемамі паліт.-дзярж. і культ. развіцця, імкнення бел. народа да ўласнага і самабытнага шляху развіцця. Надаваў вял. значэнне нац. культуры як першааснове культуры агульначалавечай, развіццю нац. самасвядомасці беларусаў, асабліва ва ўмовах асіміляцыйнага ўздзеяння інш. этнасаў, падкрэсліваў важную ролю інтэлігенцыі як выразніка і гаранта духоўнай жыццяздольнасці нацыі. Асвятляў пытанні бел. гістарыяграфіі, геральдыкі, нац. традыцый.
А.К.Каўка.
т. 7, с. 331
І́СКЫР,
рака ў Балгарыі, правы прыток Дуная. Даўж. 368 км, пл. бас. 8,6 тыс. км² Вытокі ў гарах Рыла. працякае па Самакаўскай і Сафійскай катлавінах, перасякае хр. Стара-Планіна ў Іскырскай цясніне, нізоўі — па Ніжнедунайскай раўніне. Веснавое разводдзе, летняя межань. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 54 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У бас. І. вадасховішча, ГЭС. На І. — гарады Самакаў, Мездра, Чарвен-Браг; працякае па ўсх. ускраіне г. Сафія.
т. 7, с. 331
ІСЛА́М (араб., літар. пакорнасць, адданне сябе волі Бога),
мусульманства, адна з трох сусв. рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у Аравіі ў пач. 7 ст. Заснавальнік — Мухамед. Веравызнанне І. выкладзена ў свяшчэннай кнізе Каран. Яно грунтуецца на 7 догматах веры: у адзінага Бога — Алаха; у анёлаў; ва ўсе кнігі Гасподнія (Тора, Евангелле, Псалмы і Каран); ва ўсіх пасланнікаў Алаха, у т. л. Адама, Майсея (Муса) і Ісуса Хрыста (Іса бен Марыям), якія прызнаюцца папярэднікамі Мухамеда; у прадвызначэнне; у канец свету і судны дзень; уваскрэсенне памерлых. Культ І. абапіраецца на 5 «слупоў веры»; спавяданне веры — абвяшчэнне, што «няма бога акрамя Алаха, і Мухамед — пасланнік божы» (шахада); штодзённая 5-разовая малітва (салят); падатак у суме 1/40 ад гадавога прыбытку (для асоб, якія валодаюць пэўным мінімумам маёмасці) на карысць бедных (закят); пост саўм (цюрк. — ураза) у месяц рамадан (цюрк. — рамазан); паломніцтва ў свяшчэнны горад Мекку (хадж). Вял. значэнне надаецца рэліг. святам; ід-аль-адха (цюрк. — курбан-байрам), ід-аль-фітр (цюрк. — ураза-байрам) і інш., існуюць шматлікія абрады і рытуалы. Акрамя Карана мусульмане прызнаюць Суну (свяшчэннае паданне, выкладзенае ў апавяданнях пра жыццё і дзеянні прарока Мухамеда). На Каране і Суне грунтуецца шарыят — збор норм мусульманскага права. Сучасны І. падзяляецца на 2 асн. кірункі: сунізм (лічыцца артадаксальным кірункам) і шыізм (у ім Суна прызнаецца толькі часткова). Духавенства ў І. (мулы, імамы, муфтыі і інш.) выбіраецца вернікамі і не мае такой складанай іерархіі, як хрысціянскае, няма пасвячэння і ступеняў свяшчэнства. Паслядоўнікі І. складаюць большую частку насельніцтва многіх краін Азіі і Афрыкі. У краінах СНД І. пашыраны ў народаў Паволжа, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Паводле Ісламскай лігі, І. вызнае больш за 1 млрд. вернікаў. Дзейнічае Арганізацыя Ісламская канферэнцыя (з 1971, аб’ядноўвае 45 краін), створаны Ісламскі банк развіцця. На землях Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва. У канцы 14 ст. з’явіліся ў Беларусі першыя мячэці. У 1591 у Рэчы Паспалітай пражывала каля 100 тыс. татар, якія мелі амаль 400 мячэцяў. У 17 ст. мусульмане трапілі пад уплыў каталіцкай царквы, іх колькасць зменшылася да 30 тыс. Працэс адыходу ад І. і асіміляцыі бел. татар працягваўся і ў наступным стагоддзі. Паводле перапісу 1897 у Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ. пражывала 13 877 мусульман. У 1939 у Зах. Беларусі было 17 мячэцяў і 2 малітоўныя дамы. Пасля Вял. Айч. вайны у БССР дзейнічала адзіная мячэць у Іўі. У 1980-я г. пачалося ажыўленне рэліг. і грамадска-культ. дзейнасці сярод татар. У Беларусі дзейнічаюць 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні: Мухтасібат Рэспублікі Беларусь (з 1993) і Муфтыят Рэспублікі Беларусь (з 1994). І. спрыяе захаванню нац. самасвядомасці бел. татар у іншаэтнічным і іншарэліг. асяроддзі.
Літ.:
Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Encyclopaedia of Islam. T. 1—7. Leiden, 1956—93 (выд. працягваецца).
Ю.А.Крыніцкі.
т. 7, с. 331
ІСЛАМАБА́Д,
сталіца Пакістана. Знаходзіцца на Пн краіны на выш. 550 м, прымыкае на Пд да г. Равалпіндзі. У адм. адносінах — федэральная сталічная тэрыторыя цэнтр. падпарадкавання. Нас. 1,5 млн. ж. (1991, з прыгарадамі). Міжнар. аэрапорт. Вузел аўтадарог і 3 чыгунак. Прам-сць: лёгкая, паліграф., харчовая. Цэнтр рамёстваў і нар. промыслаў. Ун-т. НДІ атамнай энергіі, НДІ ісламазнаўства. Нац. б-ка.
т. 7, с. 331
ІСЛА́МСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (Islamic Development Bank),
рэгіянальны банк развіцця. Створаны ў 1974 Арганізацыяй Ісламская канферэнцыя для садзейнічання эканам. развіццю мусульм. краін і рэгіёнаў. Банк прытрымліваецца прынцыпаў Карана, які адмаўляе ліхвярства, таму не дае працэнтных пазык і крэдытаў. Банк фінансуе праекты прамысл. развіцця, набывае акцыі і дае пазыкі за намінальныя «камісійныя». Апрача Taro, банк дае крэдыты, якія дапамагаюць краінам-удзельніцам фінансаваць неабходны ім імпарт.
т. 7, с. 331
ІСЛА́М-ШАІ́Р (сапр. Назар-аглы Іслам; 1874, кішлак Гала Касаб Самаркандскай вобл., Узбекістан — 17.7.1953),
узбекскі казачнік. Нар. паэт Узбекістана (1940). У дастанах, вершах расказваў пра цяжкую долю ўзб. народа на пач. 20 ст., перамены ў яго жыцці, светапоглядзе ў сав. час. Творы, тэматычна звязаныя з падзеямі Вял. Айч. вайны, заклікалі да барацьбы, услаўлялі подзвіг народа. Пасляваен. вершы прасякнуты гуманізмам, імкненнем да міру.
т. 7, с. 331
ІСЛА́НДСКАЯ ДЭПРЭ́СІЯ,
ісландскі цыклон, ісландскі мін і м у м, вобласць нізкага атм. ціску над паўн. ч. Атлантычнага ак., з цэнтрам каля в-ва Ісландыя. Адзін з важнейшых цэнтраў дзейнасці атмасферы ў Паўн. паўшар’і з перавагай глыбокіх і ўстойлівых цыклонаў над антыцыклонамі, праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск ніжэй за 996 мб). Акрамя асн. цэнтра, зімой праяўляюцца другарадныя цэнтры на З ад в-ва Грэнландыя і над Баранцавым м. Садзейнічае фарміраванню акіянічнага клімату ў Зах. Еўропе. На надвор’е Беларусі ўплываюць перыферыйныя ч. І.д., якія прыносяць з сабой вільготнае ўмеранае паветра Атлантыкі і выклікаюць пацяпленне.
т. 7, с. 331
ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб. стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.
Літ.:
Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.
А.М.Рудэнка.
т. 7, с. 331