ІСЛА́М (араб., літар. пакорнасць, адданне сябе волі Бога),
мусульманства, адна з трох сусв. рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у Аравіі ў пач. 7 ст. Заснавальнік — Мухамед. Веравызнанне І. выкладзена ў свяшчэннай кнізе Каран. Яно грунтуецца на 7 догматах веры: у адзінага Бога — Алаха; у анёлаў; ва ўсе кнігі Гасподнія (Тора, Евангелле, Псалмы і Каран); ва ўсіх пасланнікаў Алаха, у т. л. Адама, Майсея (Муса) і Ісуса Хрыста (Іса бен Марыям), якія прызнаюцца папярэднікамі Мухамеда; у прадвызначэнне; у канец свету і судны дзень; уваскрэсенне памерлых. Культ І. абапіраецца на 5 «слупоў веры»; спавяданне веры — абвяшчэнне, што «няма бога акрамя Алаха, і Мухамед — пасланнік божы» (шахада); штодзённая 5-разовая малітва (салят); падатак у суме 1/40 ад гадавога прыбытку (для асоб, якія валодаюць пэўным мінімумам маёмасці) на карысць бедных (закят); пост саўм (цюрк. — ураза) у месяц рамадан (цюрк. — рамазан); паломніцтва ў свяшчэнны горад Мекку (хадж). Вял. значэнне надаецца рэліг. святам; ід-аль-адха (цюрк. — курбан-байрам), ід-аль-фітр (цюрк. — ураза-байрам) і інш., існуюць шматлікія абрады і рытуалы. Акрамя Карана мусульмане прызнаюць Суну (свяшчэннае паданне, выкладзенае ў апавяданнях пра жыццё і дзеянні прарока Мухамеда). На Каране і Суне грунтуецца шарыят — збор норм мусульманскага права. Сучасны І. падзяляецца на 2 асн. кірункі: сунізм (лічыцца артадаксальным кірункам) і шыізм (у ім Суна прызнаецца толькі часткова). Духавенства ў І. (мулы, імамы, муфтыі і інш.) выбіраецца вернікамі і не мае такой складанай іерархіі, як хрысціянскае, няма пасвячэння і ступеняў свяшчэнства. Паслядоўнікі І. складаюць большую частку насельніцтва многіх краін Азіі і Афрыкі. У краінах СНД І. пашыраны ў народаў Паволжа, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Паводле Ісламскай лігі, І. вызнае больш за 1 млрд. вернікаў. Дзейнічае Арганізацыя Ісламская канферэнцыя (з 1971, аб’ядноўвае 45 краін), створаны Ісламскі банк развіцця. На землях Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва. У канцы 14 ст. з’явіліся ў Беларусі першыя мячэці. У 1591 у Рэчы Паспалітай пражывала каля 100 тыс. татар, якія мелі амаль 400 мячэцяў. У 17 ст. мусульмане трапілі пад уплыў каталіцкай царквы, іх колькасць зменшылася да 30 тыс. Працэс адыходу ад І. і асіміляцыі бел. татар працягваўся і ў наступным стагоддзі. Паводле перапісу 1897 у Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ. пражывала 13 877 мусульман. У 1939 у Зах. Беларусі было 17 мячэцяў і 2 малітоўныя дамы. Пасля Вял. Айч. вайны у БССР дзейнічала адзіная мячэць у Іўі. У 1980-я г. пачалося ажыўленне рэліг. і грамадска-культ. дзейнасці сярод татар. У Беларусі дзейнічаюць 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні: Мухтасібат Рэспублікі Беларусь (з 1993) і Муфтыят Рэспублікі Беларусь (з 1994). І. спрыяе захаванню нац. самасвядомасці бел. татар у іншаэтнічным і іншарэліг. асяроддзі.
Літ.:
Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Encyclopaedia of Islam. T. 1—7. Leiden, 1956—93 (выд. працягваецца).
Ю.А.Крыніцкі.
т. 7, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)