Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІРЫГА́ЦЫЯ ў медыцыне,

лячэбная працэдура, якая заключаецца ў арашэнні запаленчай тканкі струменем вады ці лек. вадкасцю. Пашырана ў хірургіі (І. ранавых паверхняў, прамой кішкі і інш.), уралогіі, гінекалогіі і інш. Прылады (цытаскопы, урэтраскопы, спрынцоўкі і інш.), што выкарыстоўваюцца пры І., наз. ірыгацыйнымі (прамыўнымі).

т. 7, с. 325

ІРЫДАЦЫ́ТЫ [ад грэч. iris (iridos) вясёлка + ...цыт(ы)],

ірыдафоры, пігментныя клеткі ў злучальнатканкавай частцы скуры ніжэйшых пазваночных (асабліва ў рыб) і стромы радужнай абалонкі вока ўсіх пазваночных, акрамя млекакормячых. Забяспечваюць адбітак і рассейванне святла. Запоўнены спецыфічнымі адбівальнымі пласцінкамі, якія складаюцца з крышт. пурынаў (гуаніну і гіпаксанціну) і пры пэўнай арыентацыі надаюць многім рыбам, земнаводным і паўзунам серабрысты бляск і блакітнаватую афарбоўку. Форма і размеркаванне пігменту ў І. рэгулююцца гармонамі (меланатрапінам і мелатанінам).

т. 7, с. 325

ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),

Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​191Ir (37,3%) і ​193Ir (62,7%). У зямной кары 10​−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.

Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.

т. 7, с. 325

ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),

каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.

т. 7, с. 325

ІРЫ́НІН (сапр. Бурштын) Барыс Сяргеевіч

(10.8.1893, в. Заплюссе Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 4.4.1964),

рускі паэт-перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Друкаваўся з 1913. З 1938 перакладаў на рус. мову творы ўкр. (А.Малышкі, М.Рыльскага), літ. (А.Венажындзіса, Майроніса), чув. (К.Іванова) і інш. паэтаў. З бел. мовы пераклаў паэму Я.Коласа «Рыбакова хата» (з С.Гарадзецкім і П.Сямыніным, 1949), асобныя творы Я.Купалы, М.Багдановіча (у кн. «Выбраныя вершы», 1940), П.Броўкі (у кн. «Выбранае», 1949), М.Танка (у кн. «Вершы. Казкі. Паэмы», 1953) і інш. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу і Я.Коласа.

т. 7, с. 325

ІРЭДЭНТЫ́ЗМ (ад італьян. irredento нявызвалены),

палітычны і грамадскі рух у Італіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. за далучэнне да Італіі пагранічных зямель Аўстра-Венгрыі з італьян. насельніцтвам — Трыеста, Трэнціна і інш. На пачатку быў прадстаўлены дэмакр. апазіцыяй. У 20 ст. італьян. ўлады выкарыстоўвалі І. для апраўдання сваіх тэр. дамаганняў на Балканах і Адрыятыцы.

т. 7, с. 326

ІРЭЗІ́НЭ (Iresine),

род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Амерыцы, Аўстраліі, на а-вах Галапагас. У культуры 3 віды, інтрадукаваныя і на Беларусі: І. Гербста (I. herbstii) мае стракаталістыя і нізкарослыя формы з чырв. лісцем; у І. Ліндэна (I. lindenii) лісце чырв., жоўтае або карычнева-чырв.; І. Валіса (I. wallisii) нізкарослая з акруглым, карычнева-чырв. лісцем.

Шматгадовыя павойныя або з прамастойным каляровым сцяблом травяністыя, радзей кустовыя ці дрэвавыя расліны выш. да 40 см. Лісце каляровае, супраціўнае. Кветкі белаватыя або зеленаватыя, двухполыя ці раздзельнаполыя ў коласападобных або галоўчатых суквеццях. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. мэтах як дывановыя і бардзюрныя расліны.

т. 7, с. 326

І́СА,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 554 км². Пачынаецца каля в. Серабрышча Баранавіцкага р-на. Асн. прытокі Пляхоўка і Рудня (справа). Пойма чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шыр. яе 100—180 м. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на пра цягу 15 км каналізаванае; яго шыр. ў межань 4—8 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. На рацэ каля г. Слонім і в. Нагуевічы Слонімскага р-на плаціны; каля Слоніма зона адпачынку Іса.

т. 7, с. 326

І́СА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 40 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,38 км², даўж. больш за 1 км. найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 1,3 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 30,5 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі сплавінныя. Пойма шыр. да 100 м, забалочаная. Дно выслана сапрапелем. 3 астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае. Праз возера цячэ ручай Чарнуя.

т. 7, с. 326

ІСАА́КС ((Isaacs) Хорхе) (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),

калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.

т. 7, с. 326