Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРА́НСПАРТНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна будаўніцтва, якая ажыццяўляе будаванне і рэканструкцыю аб’ектаў чыг., аўтамаб., воднага, паветр., трубаправоднага транспарту; уключае буд-ва земляных палотнаў чыгунак і аўтадарог, верхняй будовы дарог, пуцеправодаў, установак электрыфікацыі, аўтаматыкі і тэлемеханікі чыгункі, дарожных і аэрадромных пакрыццяў, мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў, прычалаў рачных партоў, каналаў, магістральных нафта- і газаправодаў, вакзалаў, дэпо, службова-тэхн. і інш. трансп. будынкаў.

На Беларусі вядзецца з канца 18 — пач. 19 ст., калі былі пабудаваны Агінскі канал (1783), Бярэзінская водная сістэма (1805), Аўгустоўскі канал (1839), Дняпроўска-Бугскі канал (1848). Да 1913 пракладзена значная працягласць чыг. і гужавых дарог, будаваліся вакзалы, рачныя прычалы. Працягласць чыгункі ў 1913 складала 3,81 тыс. км, у т. л. чыг. магістралі Смаленск—Мінск—Брэст (1871), Бранск—Брэст (1887), Роўна—Вільня (1885) і інш. Пабудаваны вакзалы: Віленскі ў Мінску (1874), Віцебскі і Гродзенскі (1866—67), Брэсцкі (1886) і інш. Працягласць аўтадарог да 1913 складала 3,5 тыс. км. Да Вял. Айч. вайны ў БССР пабудавана больш як 1000 км чыг. ліній, у т. л. Асіповічы—Магілёў—Крычаў—Шасцёраўка—Орша—Лепель, Навабеліца—Чарнігаў; рэканструяваны чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк, Гомель, Жлобін і інш., а таксама Баранавічы і Ліда. У 1939—40 перабудаваны чыг. лініі зах. абласцей на адзіную ў СССР каляю. Будаваліся новыя чыг. вакзалы, дэпо, Гомельскі рачны порт, Сожская шлюзавая сістэма ў г. Крычаў, прыстані ў Жлобіне (на Дняпры), Пхове (на Прыпяці), Чэпіне (на Зах. Дзвіне) і інш. У 1933 адкрыты Мінскі аэравакзал. У 1930-я г. пабудаваны шашэйныя дарогі працягласцю 1236 км, у т. л. Мінск—Магілёў і Мінск—Орша. У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі разбурана больш за 2 тыс. км чыг. ліній, большасць чыг. і аўтамаб. мастоў, 50% чыг. вакзалаў і г.д. У пасляваен. гады старыя трансп. аб’екты адноўлены і рэканструяваны, пабудавана шмат новых вакзалаў, у т. л. ў Баранавічах (1947), Гродне і Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953), Брэсце (1956) і інш. Сучасная (2001) сетка чыг. ліній Рэспублікі Беларусь складае 5,5 тыс. км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Першы электрыфікаваны ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы дзейнічае з 1963. У 1989 электрыфікавана ўся лінія Брэст—Масква. У 2000 уведзена першая чарга новага будынка вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. На 1.1.2001 працягласць аўтадарог агульнага карыстання складала 74,4 тыс. км, у т. л. 66,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. На дарогах пабудавана 4245 мастоў і пуцеправодаў агульнай працягласцю больш за 160 км. Самы доўгі мост на Беларусі (929 м) пабудаваны ў 1991 цераз Прыпяць каля Мазыра. У 2002 заканчваецца рэканструкцыя шасціпалоснай Мінскай кальцавой аўтамаб. дарогі (56,4 км), на якой пабудаваны 34 масты і пуцеправоды агульнай працягласцю больш за 2 км. Па тэр. Беларусі праходзяць аўтамагістралі міжнар. значэння: Масква—Брэст, С.-Пецярбург—Адэса, Мінск—Вільнюс і інш. Пабудавана больш за 100 аўтастанцый, каля 40 аўтавакзалаў, у т. л. буйнейшыя — Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983) і Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (1999). Пабудаваны аэравакзалы ў Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Магілёве (1971), Гомелі (1976) і інш. Нацыянальны аэрапорт Мінск (1-я чарга ў 1993) і Брэсцкі аэравакзал (1986) адпавядаюць стандартам міжнар. класа. У 1984 здадзены ў эксплуатацыю першы ўчастак 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. На 1.1.2002 працягласць дзвюх ліній метрапалітэна складае 23,7 км. На іх размешчаны 20 станцый і адзін перасадачны вузел. З 1960 на Беларусі развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.2001 агульная працягласць магістральных газа-, нафта- і прадуктаправодаў складае больш за 10 тыс. км. Адначасова з буд-вам трубаправодаў будаваліся кампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, нафтаперапамповачныя станцыі і інш.

І.​І.​Леановіч.

т. 15, с. 509

ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіны машынабудавання, якія выпускаюць сродкі аўтамаб., паветранага, воднага і чыг. транспарту. Гл. ў арт. Аўтамабільная прамысловасць, Авіяцыйная прамысловасць, Суднабудаванне, Чыгуначнае машынабудаванне.

т. 15, с. 509

ТРА́НСПАРТНАЯ РАЗВЯЗКА інжынернае збудаванне (або комплекс збудаванняў) на перасячэнні дарог, якое забяспечвае бесперабойны рух трансп. патокаў у розных напрамках. Робіцца ў 2 або некалькіх ўзроўнях. Пры перасячэнні дарог у адным узроўні звычайна ў вузле перасячэння робяць кальцавое разгалінаванне.

Адрозніваюць Т.р. поўную (забяспечвае неперарыўны рух без перасячэнняў траекторый аўтамабіляў) і няпоўную (на асобных участках планіроўкі развязкі ёсць перасячэнні траекторый у адным узроўні). У сістэму Т.р. ўваходзяць штучныя збудаванні (пуцеправоды, тунэлі, насыпы, выемкі і інш.).

На Беларусі найб. пашырэнне набылі Т.р. пры перасячэнні 2 напрамкаў дарог у розных узроўнях у выглядзе канюшынавага ліста.

С.​В.​Багдановіч.

Транспартныя развязкі: 1 — схема перасячэння па тыпе канюшынавага ліста; 2 — Т-падобны тып прымыкання; 3 — кальцавы тып разгалінавання; 4 — перасячэнне «канюшынавы ліст».

т. 15, с. 509

ТРА́НСПАРТНА-АДВА́ЛЬНЫ МОСТ,

самаходны агрэгат неперарыўнага дзеяння, якім мяккія раскрыўныя пароды, вынятыя пры адкрытай распрацоўцы радовішчаў, перамяшчаюць ва ўнутр. адвал. Дзейнічае сумесна з ротарным або многакаўшовым экскаватарам.

Транспартна-адвальны мост: 1 — адвальная кансоль; 2 — стужачны канвеер; 3 — пралётная частка; 4, 5 — экскаватарная і адвальная апоры.

т. 15, с. 509

ТРА́НСПАРТНЫЯ ВЫДА́ТКІ,

выражаныя ў грашовай форме затраты на перавозку грузаў (сыравіны, матэрыялаў, паліва, гатовай прадукцыі і інш.) ад месца іх вытв-сці да месца спажывання; улічваюцца як транспартная складальная ў цане тавару. Залежыць ад аб’ёму грузаў і далёкасці іх перавозкі, велічыні тарыфаў. узроўню механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ. Фактары зніжэння Т.в.: рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў, набліжэнне іх да крыніц сыравіны і раёнаў спажывання прадукцыі. камбінаванне вытв-сці і ўстараненне сустрэчных перавозак, ужыванне кантэйнераў. паляпшэнне выкарыстання рухомага саставу і інш. Гл. таксама Выдаткі вытворчасці.

т. 15, с. 510

ТРА́НСПАРТНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для перавозкі (перамяшчэння, транспартавання) грузаў і пасажыраў. Бываюць аўтадарожныя. чыгуначныя, паветраныя, водныя, гарадскія, пад’ёмна-транспартныя.

Аўтадарожныя Т.м.: аўтамабілі пасажырскія (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі), грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды) спецыялізаваныя (бензавозы, бетанавозы, бітумавозы, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, самазвалы, седлавыя цягачы і інш.), для цяжкіх дарожных умоў («амфібіі», усюдыходы). для вайсковых патрэб (баявыя машыны пяхоты, бронеаўтамабілі, бронетранспарцёры). Чыгуначныя: лакаматывы з вагонамі, у т. л. паравозы, цеплавозы, газатурбавозы, дызель-паязды, матавозы, электравозы, аўтаматрысы, дрызіны, а таксама пасажырскія, паштова-багажныя, груза-пасажырскія. турысцкія, грузавыя, гаспадарчыя і інш. цягнікі. Паветраныя: грузавыя і пасажырскія самалёты і верталёты, а таксама вінтакрылы, дырыжаблі, аэрастаты, экранапланы, паветраныя шары і інш. Водныя: грузавыя (наліўныя, сухагрузныя, сухагрузна-наліўныя і кантэйнерныя), пасажырскія і грузапасажырскія судны, у т. л. параходы, цеплаходы, турбаходы, электраходы, атамаходы, судны на паветранай падушцы і судны на падводных крылах, паромы, баржы і інш. Гарадскія: аўтобусы, тралейбусы, трамваі, метрапалітэн, фунікулёры, а таксама двухколавыя — матацыклы, мапеды, веласіпеды, некаторыя камунальныя машыны. Пад’ёмна-транспартныя машыны: машыны канатных і манарэйкавых дарог, канвееры, ліфты, транспарцёры, элеватары, эскалатары і інш. пад’ёмнікі. Гл. таксама Аўтамабільны транспарт, Гарадскі транспарт, Марскі транспарт, Рачны транспарт, Паветраны транспарт, Чыгуначны транспарт.

т. 15, с. 510

ТРА́НСПАРТНЫЯ ПЕРАВО́ЗКІ,

паслугі транспартных арг-цый па перавозцы грузаў і пасажыраў. Гл. ў арт. Перавозкі.

т. 15, с. 510

ТРА́НСПАРТНЫ КАРАБЕ́ЛЬ касмічны,

апарат для дастаўкі экіпажа і грузу на арбітальную станцыю і вяртання іх на Зямлю, вывядзення касмічных апаратаў на каляземныя арбіты. Адрозніваюць Т.к. пілатуемыя («Саюз» і яго мадыфікацыі) і аўтаматычныя («Прагрэс» і яго мадыфікацыі); аднаразовыя («Саюз», «Апалон») і шматразовыя («Спейс шатл»).

Мае рухальную ўстаноўку для манеўраў у космасе, сістэмы і сродкі для збліжэння, стыкоўкі і пераходу касманаўтаў на борт арбітальнай станцыі, У шэрагу выпадкаў — абсталяванне для работы касманаўтаў у адкрытым космасе. Т.к. «Саюз ТМ(А)» выконвае таксама ролю карабля-выратавальніка для экіпажа Міжнар. касм. станцыі. Т.к. з’яўляецца таксама месяцавая кабіна, якая выкарыстоўвалася амер. касманаўтамі для высадкі на Месяц і вяртання экіпажа на касм. карабель «Апалон».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 510

ТРА́НСПАРТНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць прапарцыянальна развітых галін нар. гаспадаркі, якія задавальняюць патрэбы грамадскай вытв-сці ў перамяшчэнні грузаў і пасажыраў. Забяспечвае прасторавыя сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем, прам-сцю і сельскай гаспадаркай, прыродна-гасп. раёнамі, краінамі. Уключае галіны транспартнага машынабудавання, транспартнага будаўніцтва, трансп. паліўна-энергет. прадпрыемствы, органы планавання і кіравання транспартам і трансп. галіны (чыгуначны, марскі, авіяц., аўтамаб., рачны, трубаправодны транспарт; гл. адпаведныя арт.), прамысловы транспарт, гар., ведамасны транспарт, а таксама новыя віды транспарту — на магнітным падвешванні, на паветр. падушцы і інш. Тэхн. аснову Т.к. складаюць сродкі вытв-сці трансп. машынабудавання і буд-ва, трансп. магістралі і сетка дарог, будынкі і збудаванні, а таксама машыны. якія выконваюць трансп. функцыі. у т. л. па перавозках грузаў і пасажыраў, сродкі пагрузкі і выгрузкі, складавання і перавалкі грузаў на ўсіх відах транспарту, у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах. сувязь і сродкі кіравання транспартам, трансп. вузлы. Эфектыўнасць работы прадпрыемстваў і арг-цый Т.к. ў значнай меры залежыць ад скаардынаванай дзейнасці ўсіх галін трансп. сістэмы. На Беларусі кіраванне Т.к. ажыццяўляе ўрад краіны, якому падпарадкаваны Мін-ва транспарту і камунікацый, Беларуская чыгунка, Дзярж. канцэрн па нафце і хіміі, прадпрыемства «Белтрансгаз» і інш.

т. 15, с. 510

ТРА́НСПАРТ РЭ́ЧЫВАЎ у жывых арганізмах,

перанос рэчываў у вадкіх асяроддзях арганізма (кроў, лімфа, тканкавая вадкасць) і праходжанне іх праз біял. бар’еры (мембраны, клеткі, міжклетачны матрыкс). У біял. вадкасцях рэчывы транспартуюцца ў свабодным або звязаным (пераважна з бялкамі) выглядзе. Пры пераходзе праз мембраны адрозніваюць Т.р. пасіўны і актыўны. Пасіўны ажыццяўляецца па градыенце канцэнтрацыі (ад большай да меншай) у бок меншага электрахім. патэнцыялу без затраты метабалічнай энергіі (гідролізу АТФ), уключае дыфузію (простую і аблегчаную) і перанос праз каналы. Простая дыфузія (напр., кіслароду O2, дыаксіду вугляроду CO2) ажыццяўляецца без утварэння комплексаў з інш. малекуламі; аблегчаная — з дапамогай рухомых або фіксаваных у мембранах пераносчыкаў (напр., усмоктванне ў кішэчніку вітаміну B12 з дапамогай спец. трансп. бялку — гастраму-капратэіну). Т.р. праз спецыялізаваныя каналы характэрны для іонаў натрыю Na​+, калію K​+, кальцыю Ca​2+ і інш. Актыўны Т.р. адбываецца супраць градыентаў іх хім. канцэнтрацый з затратай метабалічнай энергіі (гідроліз АТФ). Так ажыццяўляецца перанос нізкамалекулярных катыёнаў, амінакіслот, некат. гармонаў, вітамінаў і інш. Асобныя віды Т.р. — осмас, пінацытоз, фільтрацыя.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 508