Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКРАМЭ́ (араб. тасьма, карункі, махры),

вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для М. выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінт. або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і інш. дэкар. дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, метал., пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і маст. рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш. Як від маст. творчасці М. пашырана з 15 ст. ў Італіі, Паўн. Еўропе, з 18 ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай М. выраблялі ў 19 ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць М. набыло ў 1970—80-я г. ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў ф-к маст. вырабаў.

Літ.:

Соколовская М.М. Макраме Мн., 1983.

Я.М.Сахута.

Макрамэ. Кулоны.

т. 9, с. 541

МАКРА́Н,

горы ў Пакістане і Іране, тое, што Мекран.

т. 9, с. 541

МАКРА́НКА,

рака ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 161 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнУ ад в. Клятное. Асн. прыток — р. Забава (злева). Рэчышча каналізаванае.

т. 9, с. 541

МАКРАНУ́КЛЕУС (ад макра... + лац. nucleus ядро),

вялікае саматычнае ядро ў інфузорыі ў адрозненне ад малога (генератыўнага) мікрануклеуса. Фізіялагічна актыўнае, звязана амаль з усімі працэсамі жыццядзейнасці інфузорыі. У ім фарміруюцца шматлікія ядзерцы. Пры палавым працэсе (кан’югацыі) разбураецца і замяняецца новым — з прадуктаў дзялення мікрануклеуса.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 541

МАКРА́НЫ,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на У ад горада і чыг. ст. Маларыта, 41 км ад Брэста. 777 ж., 288 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 2 км на ПдУ ад вёскі Курган Славы.

т. 9, с. 542

МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),

буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.

т. 9, с. 542

МАКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

гл. ў арг Мікрасацыялогія і макрасацыялогія.

т. 9, с. 542

МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,

сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).

т. 9, с. 542

МАКРАСПО́РА,

тое, што мегаспора.

т. 9, с. 542

МАКРАФА́ГІ [ад макра... + фаг(і)],

палібласты, клеткі мезенхімнага, манацытарнага паходжання ў жывёльным арганізме, здольныя да актыўнага захопу і засваення бактэрый, чужародных і таксічных для арганізма часцінак, рэшткаў пашкоджаных клетак і інш. Тэрмін уведзены І.І.Мечнікавым (1892). М. — буйныя клеткі (20—100 мкм) са зменлівай формай, псеўдаподыямі, маюць арганелы для ўнутрыклетачнага ператраўлення паглынутага матэрыялу (лізасомы, фагасомы, мультывезікулярныя рэшткавыя цельцы) і сінтэзу (эндаплазматычная сетка, мітахондрыі) антыбактэрыяльных і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Адыгрываюць вядучую ролю ў імунітэце, ажыццяўляюць фагацытоз. Знаходзяцца ў крыві (манацыты), злучальнай тканцы (гістыяцыты), крывятворных органах, печані (купфераўскія клеткі), сценках альвеол лёгкага (лёгачныя М.), брушной і плеўральнай поласцях (перытаніяльныя і плеўральныя М.). У млекакормячых утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу. Гл. таксама Мезенхіма, Рэтыкулацыты, Фагацыты.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 542