Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКІ АМА́ТАРСКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1900—04 у Магілёве пры Нар. доме. Створаны па ініцыятыве Т.Сапрыкі. У сезон 1902/03 т-рам кіраваў прафес. рэж. М.Падбярэзскі. У асобных спектаклях выступала прафес. актрыса М.Кугушава-Чынар. Пастаўлены п’есы А.Чэхава, А.Астроўскага, М.Гогаля, М.Салаўёва, А.Дэнеры, Ф.Дзюманура і інш.

Дз.У.Стэльмах.

т. 9, с. 464

МАГІЛЁЎСКІ АРХІЕПІ́СКАПСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780-я г. Быў рэзідэнцыяй каталіцкага архіепіскапа С.Богуш-Сестранцэвіча (да 1827). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. бакавымі крыламі, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад вылучаны 3 плоскімі рызалітамі: цэнтральны завершаны прамавугольным атыкам, бакавыя — трохвугольнымі франтонамі. Паверхі вылучаны развітымі гарыз. цягамі, ніжні аздоблены рустам, верхні — пілястрамі. Аконныя праёмы прамавугольныя, з разнастайным абрамленнем. Дваровым фасадам будынак выходзіў у сад, дзе знаходзіліся карпусы духоўнай кансісторыі (не захаваліся).

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскі архіепіскапскі палац. Тарцовы фасад.

т. 9, с. 464

МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.К.Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскі архірэйскі палац. Фрагмент.

т. 9, с. 464

МАГІЛЁЎСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д імя С.М.Кірава (МаАЗ). Пабудаваны ў 1932—35 у Магілёве як аўтарамонтны з-д. У 1940—41 пераабсталяваны ў авіяматорны. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Самара. У 1944 на базе б. аўтарамонтнага з-да ўтвораны з-д № 795 Мін-ва авіяцыйнай прам-сці СССР, які ў 1946 пераўтвораны ў лакамабільны з-д. З 1956 з-д пад’ёмна-трансп. абсталявання па выпуску эл.-маставых кранаў. З 1966 МаАЗ у вытв. аб’яднанні «БелаўтаМАЗ». З 1976 працуе сталеліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): скрэперы самаходныя, аўтапаязды, аўтасамазвалы, аўтапагрузчыкі, аўтабетоназмяшальнікі, смеццявозы, бульдозеры.

Магілёўскі аўтамабільны завод. Зборка самазвальнага аўтапоезда.

т. 9, с. 464

МАГІЛЁЎСКІ БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т.

гл. Беларускі нацыянальны камітэт у Магілёве.

т. 9, с. 465

МАГІЛЁЎСКІ БІБЛІЯТЭ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ імя А.С.Пушкіна.

Адкрыты ў 1946 у Магілёве. З 1948 у Мінску. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. З 1.10.1961 пераведзены ў Магілёў. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): бібліятэказнаўства і бібліяграфія. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 9, с. 465

МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял. Айч. вайну.

Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.

Т.І.Чарняўская.

т. 9, с. 465

МАГІЛЁЎСКІ БУДАЎНІ́ЧЫ КАЛЕ́ДЖ Засн. ў 1945 у Магілёве як тэхнікум. З 1991 каледж. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): архітэктура, прамысл. і грамадзянскае буд-ва, сан.-тэхн. абсталяванне будынкаў, бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 9, с. 465

МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.Камбурава і інж. У.Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа. М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.

т. 9, с. 465

МАГІЛЁЎСКІ ГАРБА́РНЫ ЗАВО́Д.

Працуе з 1930 у Магілёве. У Вял. Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў г. Сяміпалацінск (Казахстан). Адноўлены ў 1944. У 1948—55 рэканструяваны і расшыраны. У 1957 уведзены ў эксплуатацыю рантавы цэх. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1997 адкрытае акц. т-ва «Гарбар». Асн. прадукцыя (1999): юфць тэрмастойкая, цвёрдая скура для нізу абутку, скура шлейна-седлавая, сырамятная.

т. 9, с. 465