Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНГАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

адна з асн. або вял. рас чалавецтва, у якую ўваходзяць паўн.-азіяцкая, арктычная, паўд.-азіяцкая, далёкаўсходняя і амерыканская малыя расы (апошнюю некат. даследчыкі вылучаюць у самаст. расу). У прадстаўнікоў М.р. скура ад цёмнага да светлага колеру з жаўтаватым адценнем, цёмныя або карыя вочы, цвёрдыя прамыя цёмныя валасы, слаба развітое валасяное покрыва на твары і целе, шырокі і плоскі твар, прыкметна выступаюць скулы і слаба — нос, ёсць асобная складка верхняга павека — эпікантус. М.р. пашырана ў Кітаі, Індакітаі, Інданезіі, М’янме, Японіі, Карэі, Манголіі, Сібіры, Амерыцы.

т. 10, с. 65

МАНГАЛУ́РУ,

горад на Пд Індыі, у штаце Карнатака. 237 тыс. ж. (1991). Порт на Аравійскім м. (вываз кавы. сандалавай драўніны, вострых прыпраў, копры, жал. руды). Аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., чорная металургія, буд. матэрыялаў, харчовая. Ганчарна-керамічная вытв-сць, перапрацоўка кавы і інш. с.-г. сыравіны. З-д хім. угнаенняў. Саматужнае рамяство (пераважна ткацтва).

т. 10, с. 65

МАНГАЛЬФ’Е́ (Montgolfier),

браты Жазеф (26.8.1740, г. Анане, Францыя — 26.6.1810) і Эцьен (7.1.1745, там жа — 2.8.1799), французскія вынаходнікі аэрастата, піянеры паветраплавання. Першы палёт пабудаванага імі паветр. шара («мангальф’ера»), напоўненага гарачым дымам, адбыўся 5.6.1783, а першы палёт людзей на такім шары — 21.11.1783 у Парыжы.

т. 10, с. 65

МАНГАНА́ТЫ,

солі невылучаных у свабодным стане кіслародзмяшчальных кіслот марганцу.

Вядомыя М., пераважна шчолачных і шчолачназямельных металаў, адрозніваюць паводле валентнасці марганцу ў іх. М. сямівалентнага марганцу (перманганаты) — солі марганцовай к-ты HMnO4. Фіялетава-чорныя крышталі, тэрмічна няўстойлівыя, павольна раскладаюцца з вылучэннем кіслароду нават пры пакаёвай т-ры. Моцныя акісляльнікі. Практычнае значэнне мае пераважна перманганат калію KMnO4 (гл. Калію злучэнні). М. шасцівалентнага марганцу, ці проста М. — солі марганцаватай ці марганцовай (VI) к-ты H2MnO4. Крышталі зялёнага колеру. Моцнымі акісляльнікамі акісляюцца да перманганатаў. М. пяцівалентнага марганцу (гіпаманганаты) — солі марганцавацістай ці марганцовай(V) к-ты H3MnO4. Сінія ці зялёныя крышталі. М. пяці- і шасцівалентнага марганцу ўстойлівыя толькі ў сухім паветры ці моцнашчолачных растворах. Выкарыстоўваюць М. барыю BaMnO4 (марганцовая зелень) як зялёны пігмент для алейных фарбаў, гіпаманганаты Ba3(MnO4)2 як блакітны пігмент для пластмас, маст. фарбаў і эмалей, Ca3(MnO4)2 5H2O для стэрылізацыі пітной вады.

т. 10, с. 65

МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),

мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.

Манганіт.

т. 10, с. 65

МА́НГЕЙМ, Мангайм (Mannheim),

горад у Германіі, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Размешчаны на правым беразе р. Рэйн, пры ўпадзенні р. Некар. Узнік на месцы рыбалавецкага пасёлка ў пач. 17 ст. 318 тыс. ж. (1994). Буйны рачны порт і чыг. вузел. Аэрапорт. У М. заканчваецца адгалінаванне нафтаправода Марсель—Карлсруэ. Разам з г. Людвігсгафен, з якім злучаны мостам, утварае прамысл. агламерацыю. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць электратэхн. абсталявання, прылад, аўтамашын, станкоў, с.-г. машын), хім., тэкст., папяровая, харчасмакавая. У раёне М. — буйны нафтаперапр. з-д. Ун-т. Планетарый. Выдавецтвы. Арх. помнікі: палац (1720—60, буйнейшы ў Германіі, цяпер ун-т), езуіцкі касцёл (1738—60), ратуша (1701—11).

т. 10, с. 65

МАНГЕ́ЙМ (Аляксандр Яўхімавіч) (1892, Мінск — 4.3.1959),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1935). Скончыў Парыжскі ун-т (1914). З 1922 у БДУ (мед. ф-т), з 1934 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. У 1941—55 у Душанбінскім і Чарнавіцкім мед. ін-тах.

Навук. працы па пытаннях хірургіі дзіцячага ўзросту, артрытах, лячэнні параненых і інш.

Тв.:

Дзіцячая хірургія. Мн., 1933;

Патогенез, клиника и лечение послеродового лактационного мастита. Мн., 1936.

т. 10, с. 65

МА́НГЕЙМ ((Mannheim) Карл) (27.3. 1893, Будапешт — 9.1.1947),

нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Вучыўся ва ун-тах Будапешта, Фрайбурга, Гайдэльберга, Парыжа. З 1919 у Германіі, з 1933 у Вялікабрытаніі. Лічыў, што грамадскае быццё ўключае рэальныя жыццёвыя дамінанты, якія вызначаюць стыль эпохі (напр., рэлігія ў сярэднявеччы), і не зводзіцца толькі да эканам. адносін вытв-сці. Паводле М., любая ідэалогія — гэта апалогія існуючага ладу, тэарэтызаваныя погляды класа, які дамогся ўлады і зацікаўлены ў яе захаванні. «Ідэалогіям» заўсёды супрацьстаяць «утокі», або погляды апазіцыйных, прыгнечаных класаў, сац. груп, якія імкнуцца да сац. рэваншу і з’яўляюцца такімі ж неаб’ектыўнымі, як і ідэалогіі (гл. Дэідэалагізацыя). Даследаваў праблемы выхавання, сацыялізацыі асобы, гіст. сацыялогіі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Диагноз нашего времени. М., 1994.

т. 10, с. 65

МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,

кампазітарскі і выканальніцкі кірунак, які склаўся ў сярэдзіне 18 ст. ў г. Мангейм (Германія). Адна з папярэдніц венскай класічнай школы. Яе творчыя прынцыпы блізкія да ранняга класіцызму, стыль адзначаны ўплывам ракако, барока і сентыменталізму. Адыграла вял. ролю ў развіцці інстр. музыкі. Найб. дасягненні звязаны з дзейнасцю мангеймскай капэлы і яе прадстаўнікоў — чэш. кампазітараў і выканаўцаў Я.Стаміца (кіраўнік), І.​К.​Канабіха, К.​Стаміца, Ф.​К.​Рыхтэра, А.​Фільца і інш. Вобразны строй твораў М.ш. вылучаўся эмацыянальнасцю і патэтыкай, што найб. поўна выявілася ў выканальніцкай манеры музыкантаў капэлы (дынамічныя кантрасты, тонкая нюансіроўка, у інтанацыйнай мове — выразныя меладычныя звароты, т.зв. мангеймскія ўздыхі, і інш.). У музыцы кампазітараў М.ш. склаліся многія прыёмы класічнай аркестроўкі, зацвердзілася класічная 4-часткавая структура сімфоніі і інш. М.ш. зрабіла значны ўплыў на франц. сімф. школу і венскіх класікаў (асабліва В.А.Моцарта).

Літ.:

Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982.

т. 10, с. 65

МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА сістэма дыферэнцыраванага навучання ў Германіі ў пач. 20 ст. Распрацавана ням. педагогам І.​А.​Зікінгерам і прапанавана пры рэфармаванні нар. школ у г. Мангейм (адсюль назва). У аснову пакладзены прынцып адпаведнасці вучэбнай нагрузкі і метадаў навучання індывід. здольнасцям і магчымасцям вучняў. На аснове псіхаметрычных абследаванняў і характарыстык вучняў размяркоўвалі па 4 т.зв. радах класаў: асн. класы (8 гадоў навучання) — для дзяцей з сярэднімі здольнасцямі; пераходныя або класы замежных моў (6 гадоў навучання) — для найб. здольных вучняў, якія могуць працягваць навучанне ў рэальных школах і гімназіях; класы развіцця (для малаздольных) і дапаможныя класы (для разумова адсталых) — па 4 гады навучання. М.ш.с. мела шмат прыхільнікаў у Германіі, некаторыя яе палажэнні выкарыстоўваліся ў Бельгіі, Даніі, Францыі, Швейцарыі, Польшчы, ЗША, Расіі. Асобныя элементы сістэмы выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. тэорыі і практыцы.

В.​С.​Болбас.

т. 10, с. 65