Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,

ваенныя фарміраванні паўстанцаў у Магілёўскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сфарміраваны пад кіраўніцтвам губернскай (ваяводскай) рэв. арг-цыі, падначаленай віленскаму паўстанцкаму цэнтру. Вайсковы начальнік (ваявода) Магілёўскай губ. — Л.Звяждоўскі. У ноч на 24.4.1863 атрад Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та захапіў павятовы г. Горкі і рушыў на злучэнне з Крычаўскім (Чэрыкаўскім) атрадам Я.Жукоўскага, які павінен быў напасці на Крычаў і захапіць там артылерыю. Але ўлады паспелі нанесці папераджальны ўдар і рассеяць Крычаўскі атрад. Звяждоўскі павярнуў на 3, пераправіўся цераз Проню і, пераканаўшыся ў перавазе царскіх войск, 30.4.1863 непадалёк ад г. Прапойск распусціў атрад. Большасць паўстанцаў атрада (звыш 100 чал.) здаліся ўладам, Звяждоўскі і Жукоўскі ўцяклі. Толькі некалькі дзён пратрымаліся і інш. атрады Магілёўшчыны; Аршанскі атрад І.Будзіловіча (разбіты 26.4.1863 пад Пагосцішчамі), Быхаўскі — І.Анцыпы, Рагачоўскі — Т.Грыневіча. Камандзіры разбітых атрадаў трапіў у рукі ўлад і пасля суда расстраляны. У паўд. частцы Сенненскага пав. атрад сфарміраваў К.Жаброўскі і перайшоў з ім у Барысаўскі пав. З ім дзейнічалі і рэшткі атрада А.Алендскага, разбітага 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н). У маі 1863 Жаброўскі і Алендскі схоплены ў Барысаўскім пав. і расстраляны. Паўстанне на Магілёўшчыне не набыло размаху. Атрады складаліся гал. чынам з афіцэраў, студэнтаў, гімназістаў, дробных чыноўнікаў, мяшчан, шляхты і інш. Паводле звестак афіцыйнага гістарыёграфа В.Ратча, агульная колькасць узбр. паўстанцаў на Магілёўшчыне не перавышала 800 чал.

Г.В.Кісялёў.

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.

1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас. АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.

2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

З тытунёвыя мануфактуры і 1 ф-ка, якія дзейнічалі ў Магілёве ў 1863—1914. Перапрацоўвалі тытунёвы ліст, які прывозілі з Бесарабіі, Крыма, Каўказа, Саратаўскай губ. Выраблялі махорку, тытунь усіх гатункаў, папяросы, цыгары. Мелі паравыя і вадзяныя рухавікі, чыгунныя станкі і інш. абсталяванне. На прадпрыемствах працавала ад 52 да 88 чал.

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Адкрыты ў 1954 у будынку Магілёўскага гарадскога тэатра. У канцы 1950-х — 1960-я г. ў рэпертуары пераважала рус. драматургія («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Жаніцьба Бальзамінава», «Беднасць не загана» А.Астроўскага, «Грошы для Марыі» паводле В.Распуціна, «Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай, «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Таня» А.Арбузава і інш.). Сярод п’ес замежных аўтараў «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса, «Візіт дамы» («Візіт старой дамы») Ф.Дзюрэнмата і інш. Да пач. 1980-х г. ставіліся і бел. п’есы: «Паўлінка» Я.Купалы, «Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча, «Дні нашага нараджэння» І.Мележа, «Лявоніха на арбіце», «Не сумуй, Верачка» («Верачка») А.Макаёнка, «Сотнікаў» паводле В.Быкава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка і інш. Упершыню на бел. сцэне пастаўлены «Тутэйшыя» Я.Купалы. У 1970—80-я г. ўвага аддавалася выразнасці сцэнаграфіі і муз. афармлення, разнастайнасці выяўл. сродкаў. Пастаўлены: «І смех і грэх» («Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і «Прымакі» Я.Купалы), «Клоп» У.Маякоўскага, «Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Р.Ібрагімбекава, «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса, «Каса марэ» І.Друцэ, і інш. Сярод пастановак 1990-х г.: «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Шалёныя грошы» Астроўскага, «Сніўся мне сад у шлюбным уборы» Чэхава, «Вянчанне» Ж.Анжуя, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Тарцюф» Мальера, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Вынаходлівыя закаханыя» Лопэ дэ Вэгі і інш. Ставяцца спектаклі для дзяцей: «Па зялёных хвалях акіяна» С.Казлова, «Зайчык-зазнайчык» С.Міхалкова, «Пунсовая кветачка» паводле С.Аксакава, «Чараўнік ізумруднага горада» паводле А.Волкава і інш. У творчасці т-ра значную ролю адыгралі рэжысёры Б.Валадарскі, Я.Вялкаў, А.Дольнікаў, У.Караткевіч, В.Маслюк, Ю.Міроненка, В.Шутаў. У розны час у ім працавалі нар. арт. СССР Я.Палосін, засл. артысты Беларусі Р.Белацаркоўскі (маст. кіраўнік), Ю.Гальперына, А.Даніловіч, Г.Качаткова, Н.Караткевіч, З.Малчанава, А.Раеўскі (рэжысёр), Ю.Труханаў, Н.Фядзяева, С.Яворскі, А.Яфрэменка, засл. арт. Расіі Э.Міхайлава. У складзе трупы (1999): нар. арт. Расіі М.Радзівонаў, засл. арт. Расіі А.Палкін, засл. арт. Башкортастана С.Кліменка, артысты Я.Белацаркоўская, В.Галкін, З.Гурцава, Л.Гурына, А.Дудзіч, Н.Калакустава, Г.Лабанок, А.Печнікава, К.Печнікаў, А.П’янзін, У.Пятровіч, У.Саўчыкаў, Г.Угначова, А.Чарнякова, А.Шапавалава. Рэж. М.Лашыцкі (з 1997), гал. мастак М.Волахаў (1956—98).

Т.В.Пешына.

Да арт. Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Тарцюф».

т. 9, с. 461

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1867 у Магілёве як Магілёўскі музей. У 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем, з 1924 быў аддзяленнем Бел. дзярж. музея, з 1929 Магілёўскі дзярж. музей. Меў філіялы: музей гісторыі і атэізму (1935—41), мемар. музей Р.К.Арджанікідзе (1937—41). У пач. Вял. Айч. вайны ўсе экспанаты разрабаваны. У 1949 аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязн., з 1953 сучасная назва. Меў філіялы: музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958—85, Слаўгарадскі р-н), музей дзекабрыстаў (1985—96). Пл. экспазіцыі 1390 м​2, больш за 105 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. помнікаў Магілёўшчыны, берасцяная грамата 13 ст., калекцыі крыжоў 11—17 ст., зброя 14—19 ст., манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.; кнігі Магілёўскай друкарні, калекцыя абразоў, жывапісу 18 ст., катэхізіс 18—19 ст.; матэрыялы пра сац.-эканам. становішча, рэв. барацьбу працоўных пач. 20 ст., устанаўленне сав. улады, калектывізацыю, рэпрэсіі. У экспазіцыі Вял. Айч. вайны матэрыялы пра Магілёва абарону 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне, партыз. рух, дзейнасць падполля, ваенна-аператыўных груп, пра Лупалаўскі лагер смерці, Магілёўскую аперацыю 1944 і інш. У аддзеле прыроды экспанаты флоры і фауны краю, глебавыя і кліматычныя карты, узоры карысных выкапняў. Зберагаюцца работы сучасных нар. майстроў разьбы па дрэве, керамікі, габеленаў, ткацтва, вышыўкі, узоры нар. адзення. Філіял — Магілёўскі музей этнаграфіі.

В.М.Аненкаў.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава. Фрагмент экспазіцыі.
Будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава.

т. 9, с. 462

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя П.В.Масленікава.

Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м​2. У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т.л. работы З.Азгура, А.Анікейчыка, Л.Асецкага, А.Бембеля, В.Бялыніцкага-Бірулі, Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, У.Кожуха, У.Кудрэвіча, А.Малішэўскага, Л.Марчанкі, А.Маціевіча, М.Савіцкага, Р.Таболіча, В.Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.

С.В.Строгіна.

т. 9, с. 462

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.І Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў ДунінаМарцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.

А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст. т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.Брука і А.Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна, «Русалачка» паводле Х.К.Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.Шэкспіра і інш. Гал. рэжысёры: М.Кулага (1976—77), Л.Быкаў (1977), Ф.Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.Мікіна (1992—98).

Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.Жугжды.
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага.

т. 9, с. 463

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ.

Існаваў у 1965—70 у Бабруйску. Створаны на базе Бабруйскага муз.-драм. тэатра. Меў муз. і драм. трупу, аркестр. У аснове рэпертуару аперэты класічныя і сав. кампазітараў, муз. камедыі, драм. спектаклі. Пасля расфарміравання тэатра большасць артыстаў перайшла ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. З тэатрам звязана дзейнасць засл. артыстаў Беларусі А.Аркадзьева, Дз.Івановай, Н.Калаптур, Г.Лаўрова, К.Лосева, П.Масцерава, В.Фаменкі, Л.Федчанка, В.Шаўкалюка, засл. артысткі Расіі Н.Равінскай, а таксама Р.Курлыковай, А.Прыходзькі і інш. Рэжысёры: нар. артыст Тадж. ССР Л.Іцкоў, засл. артыст Каз. ССР У.Ажарэльеў, У.Амельчанка, Б.Заўгародні; дырыжоры: В.Віткоўскі, М.Лапцеў, В.Ражкоўскі, У.Шастапалаў; мастак І.Чумакоў; балетмайстары: Я.Шваро, Ю.Волкаў; хормайстар Г.Палянкова.

Сярод муз. пастановак: «Каламбіна» А.Рабава, «Рамэо — мой сусед» Р.Гаджыева (1965), «Лятучая мыш» І.Штрауса, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава (1966), «На світанні» А.Сандлера, «Нядзеля ў Рыме» Г.Крамера, «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі (1967), «Чорны дракон» Д.Мадуньё, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1968), «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Баядэра» Кальмана, «Халопка» М.Стрэльнікава (1969); з драм. спектакляў «Позняе каханне» А.Астроўскага (1965), «Так і будзе» К.Сіманава (1966), «Прызнаю сябе вінаватым» А.Мітрафанава (1968).

Л.В.Доўнар-Запольская.

Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Сцэна са спектакля «На світанні».

т. 9, с. 463

МАГІЛЁЎСКІ АЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАЛА́Ц, дом Пасекавай. Існаваў у канцы 18—19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780 у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстр. імператарам Іосіфам II). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад быў багата аздоблены: вял. прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя ўпрыгожаны пілястрамі дарычнага ордэра, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. У 1808 палац заняпаў. У 1815 зроблены яго натурны чарцёж (захавалася тагачаснае хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ун-ту і стварэнні ў ім губ. гімназіі). Палац пазначаны на генплане горада 1842.

В.Ф.Марозаў.

Магілёўскі Аляксандраўскі палац. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 464