Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛЫ́ КАЎКА́З,

сістэма складкавых горных хрыбтоў у Закаўказзі, якая акаймоўвае з Пн і ПнУ Армянскае нагор’е. Размяшчаецца амаль паралельна Вял. Каўказу і аддзяляецца ад яго Калхідскай нізінай і Курынскай упадзінай. З Вял. Каўказам злучаецца Ліхскім (Сурамскім) хрыбтом. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3724 м (г. Гямыш). У сістэму М.к. ўваходзяць хрыбты Месхецкі, Трыялецкі, Самхецкі, Мургузскі, Шахдагскі, Мураўдаг, Карабахскі і інш. Паўн. і паўн.-ўсх. схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі, паўд. — рэдкалессем і хмызняком. Гораўтваральныя працэсы адбыліся ў альпійскую складкавасць. Гл. таксама Каўказ.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ КОНЬ (лац. Equuleus),

экватарыяльнае сузор’е. Не мае зорак ярчэй 4 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год (найлепш у ліп.жн.). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Малы Конь.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ ЛЕЎ (лац. Leo Minor),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка мае бляск 3,8 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год (найлепш у студз.сак.). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Малы Леў.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ ПАДВО́РЛІК,

птушка, гл. ў арт. Падворлікі.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ ПЁС (лац. Canis Minor),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі — α (Працыён) і β — маюць бляск 0,4 і 2,9 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год (найлепш у снеж.—лютым). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Малы Пёс.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ СІРТ,

заліў у Міжземным м., тое, што Габес.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ СТРАКА́ТЫ ДЗЯ́ЦЕЛ,

гл. ў арт. Дзятлавыя.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ ТЭА́ТР,

старэйшы рускі драм. т-р у Маскве. Трупа фарміравалася з 1750-х г. пры Маскоўскім ун-це; з яе ў 1776 утвораны т-р, з 1780 наз. Пятроўскім, з 1824 — М.т., з 1919 акадэмічны. У М.т. складалася школа рэаліст. акцёрскага мастацтва, звязаная з пастаноўкай п’ес А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Астроўскага, твораў зах.-еўрап. класікі (У.Шэкспір, Ф.Шылер, Лопэ дэ Вэга). Заснавальнікі гэтай школы зацвердзілі жыццёвы рэалізм (В., П. і М.Садоўскія, М.Шчэпкін) і рамантызм (П.Мачалаў, М.Ярмолава). Сярод буйнейшых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. С.Васільеў, А.Ленскі, Г.Фядотава, А.Южын. У 1920-я г. т-р ставіў п’есы М.Горкага, Л.Лявонава, Б.Рамашова, К.Транёва, пры захаванні традыцый і прыярытэту акцёра; пазней у рэпертуар шырока ўключаліся творы М.Лермантава, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, В.Гюго і інш., а таксама С.Алёшына, А.Карнейчука, В.Розава, А.Сафронава, К.Сіманава і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі: рэжысёры П.Васільеў, Л.Волкаў, А.Дзікі, К.Зубаў, І.Судакоў, Б.Равенскіх, К.Хахлоў, Л.Хейфіц; акцёры М.Аненкаў, А.Астужаў, Б.Бабачкін, М.Блюменталь-Тамарына, Э.Быстрыцкая, А.Гогалева, М.Жараў, Дз.Зяркалава, І.Ільінскі, П.Канстанцінаў, М.Клімаў, В.Коршунаў, С.Кузняцоў, В.Масаліцінава, Р.Ніфантава, В.Пашэнная, М.Рыжоў, В.Рыжова, П.Садоўскі, Я.Самойлаў, Е.Турчанінава, С.Фадзеева, М.Цароў, А.Шатрова, А.Яблачкіна і інш. З 1988 маст. кіраўнік Ю.Саломін. З 1918 пры М.т. працуе тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна.

Літ.:

Зограф Н.Г. Малый театр в конце XIX — начале XX в. М., 1966.

Будынак Малога тэатра ў Маскве.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ ХІНГА́Н,

горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн. ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).

т. 10, с. 39

МА́ЛЬБАРА (Marlborough) Джон Чэрчыл

(Churchill; 26.5.1650, Аш, Вялікабрытанія — 16.6.1722),

англійскі палкаводзец і паліт. дзеяч, ген.-фельдцэйхмайстар (1702), герцаг (1702). У арміі з 1667, удзельнічаў у англа-галандскай вайне 1672—74. З 1685 пасол у Францыі. У 1690 кіраваў барацьбой з якабітамі (антыангл. рух) у Ірландыі. З 1701 галоўнакамандуючы англ. войскамі на кантыненце ў час вайны за іспанскую спадчыну 1701—1714, атрымаў шэраг перамог. У 1711 адхілены ад камандавання, у эміграцыі. У 1714—16 на службе ў англ. караля Георга I.

т. 10, с. 42