Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАСТО́ЎЦАЎ (Ігар Кірылавіч) (30.7.1933, г. Варонеж, Расія — 19.9.1995),

бел. канструктар і вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1976). Скончыў Пензенскі індустр. ін-т (1956). З 1960 на Мінскім з-дзе выліч. машын (у 1974—81 дырэктар, адначасова ген. дырэктар ВА выліч. тэхнікі), з 1986. на доследна-вытв. прадпрыемстве «Аптрон», Мінск. Навук. працы па аўтаматызацыі праектавання і вытв-сці сродкаў выліч. тэхнікі. Удзельнік стварэння сям’і ЭВМ «Мінск», гал. канструктар ЭВМ ЕС-1022, выліч. комплексаў спец. прызначэння. Дзярж. прэмія СССР 1979.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 365

РАСТО́ЎЦАЎ (Мікіта Фёдаравіч) (26.9.1895, в. Воздрама Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 1987),

расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Маскоўскі зоатэхн. ін-т (1935). У 1956—72 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Навук. працы па малочнай і мясной жывёлагадоўлі і яе пароднай перабудове, развіцці плем. службы, вывядзенні новых парод буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Межпородное скрещивание крупного рогатого скота. М., 1951;

Методы улучшения породности скота // Вестн. с.-х. науки. 1956. № 2;

Промышленное скрещивание в скотоводстве. М., 1971 (разам з І.​І.​Чаркашчанкам).

т. 13, с. 366

РАСТО́ЎЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 27.5.1945, г. Карабаш Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969). У 1973—89 і з 2000 (заг. лабараторыі і курса) у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1992 у Бел. цэнтры мед. тэхналогій (заг. аддзела). Навук. працы па пытаннях генет. схільнасці да хвароб, тэорыі здароўя і прафілактыкі, кіравання развіццём аховы здароўя.

Тв.:

Генетика и диагноз. Мн., 1986.

т. 13, с. 366

РАСТО́Ў-НА-ДО́НЕ,

горад, цэнтр Растоўскай вобл., у Расіі. Засн. ў 1749 як мытня і порт. Нас. 1013 тыс. ж. (2000). Порт на р. Дон, за 46 км ад яе ўпадзення ў Азоўскае м. Трансп. вузел: 4 чыг. лініі, аэрапорт, 5 аўтастрад. Прам-сць: машынабудаванне (70% рас. выпуску збожжаўборачных камбайнаў), у т. л. с.-г. (ВА «Растсельмаш» і інш.), станкабуд., авіяц., эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст., швейная і інш.), харчасмакавая (мясакамбінаты, вінны і кансервавы з-ды; тытунёвая), дрэваапрацоўчая. Вытв-сць буд. матэрыялаў, ф-ка клавішных інструментаў. 9 ВНУ, у т. л. Растоўскі дзяржаўны універсітэт, кансерваторыя. 4 тэатры. Філармонія. Цырк. Музеі: краязн., выяўл. мастацтваў. Сабор 18 ст.

т. 13, с. 364

РАСТО́ЦКІ (Станіслаў Іосіфавіч) (21.4.1922, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 10.8.2001),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Першы фільм — «Зямля і людзі» (1956). Мастацтву Р. ўласцівы лірызм, імкненне да спасціжэння ўнутр. свету герояў праз побытавыя калізіі: «Справа была ў Пянькове» (паводле С.​Антонава, 1958), «Дажывём да панядзелка» (1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), «Белы Бім Чорнае вуха» (паводле Г.​Траяпольскага, 1977, Ленінская прэмія 1980), «Эскадрон гусар лятучых» (1980), «З жыцця Фёдара Кузькіна» (2 серыі, 1989). Значнае месца ў творчасці займала тэма Вял. Айч. вайны: «Майскія зоркі» (паводле навел Л.​Ашкеназі, 1959; сумесна з Чэхаславакіяй), «На сямі вятрах» (1962), «А зоры тут ціхія...» (паводле Б.​Васільева, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1975).

Літ.:

Зоркий А. С.​Ростоцкий: Портрет режиссера. М., 1982.

С.І.Растоцкі.

т. 13, с. 366

РАСТО́ЧНЫ СТАНО́К,

тып металарэзнага станка, на якім расточваюць адтуліны разцом ці інш. інструментам.

На гарызантальна-Р.с. з гарыз. шпіндэлем апрацоўваюць адтуліны з дакладнымі адлегласцямі паміж восямі ў дэталях складанай формы, а таксама робяць свідраванне, зенкераванне, рассвідроўванне, фрэзераванне адтулін, абточванне тарцоў дэталей і наразанне разьбы. Каардынатна-Р.с. з верт. шпіндэлем мае павышаную жорсткасць і забяспечаны дакладнымі вымяральнымі прыладамі, што дазваляе апрацоўваць адтуліны з асабліва дакладнымі адлегласцямі паміж восямі. Алмазна-Р.с. прызначаны для тонкага аддзелачнага расточвання адтулін алмазнымі ці цвердасплаўнымі разцамі пры высокіх скарасцях рэзання, малых падачах і глыбінях рэзання. Спецыялізаваныя Р.с. выкарыстоўваюць для апрацоўкі падобных па канфігурацыі, але розных па памерах загатовак.

т. 13, с. 366

РАСТР (ад ням. Raster граблі),

1) у оптыцы — рашотка, паверхня з дробнымі лінзамі, адтулінамі, шчылінамі ці інш. для структурнага пераўтварэння накіраванага на яе светлавога пучка. Гл. таксама Растравыя аптычныя сістэмы.

2) У паліграфіі — празрыстая аснова з лініямі, штрыхамі і інш. для фотамех. ўзнаўлення паўтонавых відарысаў пры афсетным друку, высокім друку і глыбокім друку.

3) У тэлебачанні — святлівы прамавугольнік на экране тэлевізара, створаны радкамі тэлевізійнай разгорткі аднаго поўнага кадра.

Растры: 1 — лінейны; 2 — двухлінейны; 3 — рамбічны; 4 — карэньчыкавы; 5 — кантактавы; 6 — для глыбокага друку.

т. 13, с. 366

РА́СТРАВЫЯ АПТЫ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

клас аптычных сістэм з вял. колькасцю дробных адтулін, лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш. элементаў, размешчаных на агульнай паверхні (гл. Растр).

Адрозніваюць рэгулярныя і нерэгулярныя Р.а.с. Рэгулярныя сістэмы бываюць лінейныя (растр з паралельных ліній), радыяльныя (элементы «разбягаюцца» прамянямі з агульнага цэнтра), кальцавыя (утвараюцца кальцавымі зонамі) і інш. Найб. пашыраны Р.а.с. з пастаянным перыядам чаргавання элементаў на агульнай плоскасці. Выкарыстоўваюцца ў паліграфіі, высокаскарасной кіназдымцы, аб’ёмнай фатаграфіі, рэнтгенаграфіі і інш.

т. 13, с. 366

РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.

Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.

На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

В.​К.​Ерахавец.

т. 13, с. 366

«РАСТРАПА́ДКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп жвавы. Назва ад растрапаць, трапаць. Выконваецца пад песню. Мае сольны імправіз. характар; кожны танцор імкнецца найлепш паказаць свае здольнасці. Зафіксаваны ў 1930-я г. ў беларусаў Лудзенскага пав. (цяпер Лудзенскі р-н, Латвія).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 13, с. 366