РАСТО́ЦКІ (Станіслаў Іосіфавіч) (21.4.1922, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 10.8.2001),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Першы фільм — «Зямля і людзі» (1956). Мастацтву Р. ўласцівы лірызм, імкненне да спасціжэння ўнутр. свету герояў праз побытавыя калізіі: «Справа была ў Пянькове» (паводле С.​Антонава, 1958), «Дажывём да панядзелка» (1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), «Белы Бім Чорнае вуха» (паводле Г.​Траяпольскага, 1977, Ленінская прэмія 1980), «Эскадрон гусар лятучых» (1980), «З жыцця Фёдара Кузькіна» (2 серыі, 1989). Значнае месца ў творчасці займала тэма Вял. Айч. вайны: «Майскія зоркі» (паводле навел Л.​Ашкеназі, 1959; сумесна з Чэхаславакіяй), «На сямі вятрах» (1962), «А зоры тут ціхія...» (паводле Б.​Васільева, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1975).

Літ.:

Зоркий А. С.​Ростоцкий: Портрет режиссера. М., 1982.

С.І.Растоцкі.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)