Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАЗНАЖГУ́ЦІКАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,

гл. Жоўта-зялёныя водарасці.

т. 13, с. 263

РАЗНАЛІ́СТАСЦЬ,

тое, што гетэрафілія.

т. 13, с. 263

РАЗНАПЛО́ДДЗЕ,

тое, што гетэракарпія.

т. 13, с. 263

РАЗНАСПО́РАВАСЦЬ,

тое, што гетэраспарыя.

т. 13, с. 263

РАЗНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны рознымі строфамі, аддзеленымі адна ад адной графічна (прагаламі). Напр., верш В.​Віткі «Старавер»:

Я не пішу
Верлібрам,
Грашу
Старым калібрам.
Ніколі разабрацца
Не мог я ў новай модзе,
Шчыруючы на градцы
На ўласным агародзе.
Сярод жывых не першы,
Не лепшы між памершых,
На рыфмах зубы з’еўшы,
Пісаў свае я вершы
Для дома,
Для альбома
І трохі
Для эпохі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 263

РАЗНАЧЫ́НЦЫ,

міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн. сац. пластом, з якога фарміравалася бурж. інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл. Народніцтва).

т. 13, с. 263

РАЗО́ (Roseau),

горад, сталіца Дамінікі, на зах. беразе вострава. Засн. французамі ў 17 ст. Каля 20 тыс. ж. (2000). Гал. марскі порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Невял. прадпрыемствы харч. і швейнай прам-сці. Музей. Бат. сад. Арх. помнікі: каталіцкі сабор (1841), царква Сент-Джордж, Дом урада.

т. 13, с. 263

РАЗРА́Д у арыфметыцы,

месца, якое займае лічба пры запісе ліку. Напр., пры запісе ліку ў дзесятковай сістэме лічэння 1-ы Р. ёсць адзінкі, 2-і — дзесяткі, 3-і — сотні і г.д.

т. 13, с. 263

РАЗРА́ДКА міжнароднай напружанасці,

тэндэнцыя да паляпшэння міжнар. адносін у свеце, найперш паміж краінамі з супрацьлеглымі сац.-паліт. сістэмамі (СССР, сацыяліст. краіны — члены Варшаўскага дагавора 1955 і інш., з аднаго боку, ЗША і іх саюзнікі па НАТО і інш. з другога), якая стала этапам развіцця міжнар. адносін у 1970—79 і 1986—91. Выклікана пераважна меркаваннямі самазахавання чалавецтва, якому пагражала гібель у выпадку глабальнай ядзернай вайны. Гал. элементы Р. — адыход ад «халоднай вайны», мірнае вырашэнне міжнар. праблем і канфліктаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. У 1970-я г. Р. праявілася ў пагадненні паміж СССР і ЗША аб прынцыпах узаемаадносін (1972) і ў шматлікіх сав.-амер. перагаворах аб раззбраенні; у сістэме дагавораў аб прызнанні непарушнасці дзярж. межаў у Еўропе (паміж Польшчай і ФРГ у 1970, ГДР і ФРГ у 1972, Чэхаславакіяй і ФРГ у 1973 і інш.), у падпісанні Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975), пагадненняў аб навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтве і інш. У той жа час не спынялася супрацьстаянне паміж капіталіст. і сацыяліст. сістэмамі; ЗША і СССР працягвалі гонку ўзбраенняў, умешваліся ў справы інш. дзяржаў. Ўварванне сав. войск у Афганістан у канцы 1979 прывяло да ажыўлення «халоднай вайны» з боку ЗША і НАТО, а на рубяжы 1970—80-х г. да фактычнага спынення Р. Шэраг крокаў па аднаўленні Р. распачаты з прыходам да ўлады ў СССР М.С.Гарбачова і перабудовай (з 1985): абвяшчэнне сав. праграмы ліквідацыі ядзернай зброі да 2000, сав.-амер. дагаворы па абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў, вывад сав. войск з Афганістана (1989) і інш. У канцы 1980 — пач. 90-х г., у сувязі з распадам СССР і сацыяліст. сістэмы, тэрмін «Р.» выйшаў з ужытку, бо знікла глабальнае супрацьстаянне супрацьлеглых сац.-паліт. сістэм, на змякчэнне якога была пераважна накіравана палітыка Р.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 263

РАЗРА́ДНІК электрычны,

прыстасаванне (апарат, прылада) у выглядзе 2 ці некалькіх электродаў, раздзеленых дыэлектрычным прамежкам (паветрам, газам, цвёрдым целам). Пры павышэнні напружання да пэўнага (прабойнага) значэння прамежак паміж электродамі прабіваецца эл. разрадамі, што прадухіляе ў эл. абсталяванні прабой ізаляцыі паміж праваднікамі.

Вентыльны Р. мае шэраг іскравых прамежкаў, паслядоўна з якімі ўключаны нелінейныя рэзістары; прызначаны для аховы ізаляцыі электраабсталявання ад атм. і камутацыйных перанапружанняў. У трубчастым Р. іскравы прамежак размешчаны ў канале трубкі, зробленай з ізаляцыйнага газагенерыруючага матэрыялу (газ, вылучаны пры разрадзе, гасіць дугу). Трубчасты Р.: выкарыстоўваецца ў асн. для аховы паветраных ЛЭП ад перанапружанняў. Існуюць таксама Р.: газавы (для аховы апаратуры правадной сувязі), імпульсны (у імпульсных прыладах), кіравальны (у імпульсных мадулятарах), рэзанансны (у антэнных камутатарах радыёлакацыйных станцый) і інш.

Разраднікі: а — вентыльны (1 — разрадныя іскравыя прамежкі; 2 — ізалюючыя дыскі); б — фібрабакелітавы трубчасты (1 — пробка са стальным каўпаком; 2 — электрод, 3, 4 — фібравая і гетынаксавая трубкі); в — кіравальны іскравы (1 — кіроўны электрод; 2 — асноўныя электроды).

т. 13, с. 264