РАЗНАЧЫ́НЦЫ,
міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн. сац. пластом, з якога фарміравалася бурж. інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл. Народніцтва).
т. 13, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)