Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.

М.Ф.Раманюк.

Да арт. Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 10, с. 12

МАЛА́СА (франц. mollasse ад лац. mollis мяккі),

комплекс асадкавых горных парод (кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў, глін і інш.), які назапашваўся ў краявых прагінах і міжгорных прагінах. Магутнасць да некалькіх тысяч метраў. Характэрна для заключных (арагенных) стадый развіцця геасінкліналяў пры ўтварэнні складкавых паясоў ва ўмовах сціскання буйных літасферных пліт (паводле гіпотэзы мабілізму). З М. звязаны радовішчы вуглёў, нафты, газу, медзістых пясчанікаў, солей і інш.

т. 10, с. 13

МАЛАСПІ́НА (Malaspina),

перадгорны ледавік на паўд. узбярэжжы Аляскі, паміж зал. Якутат і Айсі-Бей. Пл. 2195 км2. Даўж. 45 км, таўшчыня лёду да 610 м. Утвораны некалькімі ледавіковымі патокамі шыр. да 65 км, якія спускаюцца з гор Святога Ільі. Вобласцю жыўлення з’яўляецца ледавіковы бас. Сьюард, размешчаны на выш. 1500—2000 м. З 1930-х г. ледавік памяншаецца і адступае ад берага акіяна.

т. 10, с. 13

МАЛАСТО́ЎКА,

назва г.п. Краснаполле ў 18—19 ст.

т. 10, с. 13

МАЛАТА́РНЯ,

машына або частка машыны (камбайна) для малацьбы с.-г. культур — выдалення насення з каласоў, мяцёлак, катахоў, кошыкаў і інш. Некаторыя М. таксама ачышчаюць і сартуюць зерне.

Існуюць М. для малацьбы збожжа (у т.л. ў складзе збожжаўборачнага камбайна), лёну (ільномалатарні, гл. Ільноўборачныя машыны), канапель (каноплемалатарні, гл. Каноплеўборачныя машыны), кукурузы, кенафу і інш. Есць селекцыйныя М. — для малацьбы раслін, што ўбіраюцца з доследных дзялянак. Першыя М. з’явіліся ў 17 ст. У канцы 18 ст. ў Шатландыі вынайдзены вярчальны малацільны барабан з трохграннымі біламі, з 1-й пал. 19 ст. выпускаюць малацільныя апараты з зубавымі барабанамі і зубчастымі дэкамі.

Да арт. Малатарня Малатарня-веялка для вылучэння насення лёну, аддзялення галовак канюшыны і насеннікаў цукровых буракоў.

т. 10, с. 13

МАЛАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,

фермент класа аксідарэдуктаз. Пашырана ў жывёльных і раслінных клетках. Удзельнічае ў пераносе вадароду; каталізуе ў цыкле трыкарбонавых к-т рэакцыю дэгідрагенізавання яблычнай к-ты да шчаўева-воцатнай. У вышэйшых раслін і жывёл 2 М.: у мітахондрыях і ў растваральнай фракцыі клеткі.

т. 10, с. 13

МАЛАТО́ЎКА, Малатоўня,

рака ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 107 км2. Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Мышкіна. Цячэ па Горацка-Мсціслаўскай раўніне.

т. 10, с. 13

МАЛАТО́ЎКА,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Мышанка (бас. р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 197 км2. Пачынаецца каля в. Сваяшкі. Прыток — р. Навасадка. На працягу 12 км каналізаваная. Створана сажалка. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 10, с. 13

МАЛАФА́ГІ,

насякомыя, гл. Пухаеды.

т. 10, с. 13

МАЛАФЕ́ЕЎ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.5.1933, г. Гомель),

партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967), завочную ВПШ пры ЦК КПСС (1974). З 1949 працаваў слесарам на Мінскім, Гомельскім вагонарамонтных з-дах. З 1962 на парт. рабоце ў Гомелі. З 1970 інструктар аддзела хім. і лёгкай прам-сці ЦК КПБ, 1-ы сакратар Мазырскага гаркома, сакратар Гомельскага абкома КПБ. З 1978 старшыня Гомельскага аблвыканкома, 1-ы сакратар Гомельскага, Мінскага абкомаў КПБ. У 1990—93 1-ы сакратар ЦК КПБ. У 1992—96 нам. нач. Гал. ўпраўлення па дзярж. матэрыяльных рэзервах. З сак.1996 нам. старшыні пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па эканам. палітыцы і рэформах, з лістапада Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Чл. ЦК у 1981—91, Бюро ЦК КПБ у 1986—91. Чл. ЦК у 1981—91 і Палітбюро ЦК КПСС у 1990—91. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1975—85, 1995—96. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1984—91. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1980—95, СССР у 1990—91.

А.А.Малафееў.

т. 10, с. 13