Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1854,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і Турцыяй аб ваенным саюзе супраць Расіі. Падпісаны 10 крас. ў Лондане, у перыяд Крымскай вайны 1853—56, пасля аб’яўлення Вялікабрытаніяй і Францыяй вайны Расіі (15—16 сак. 1854). Л.д. дапаўняў і пашыраў Канстанцінопальскі саюзны дагавор, заключаны паміж гэтымі дзяржавамі 12.3.1854. Паводле Л.д. Вялікабрытанія і Францыя абавязаліся дапамагаць Турцыі, паслаць дастатковую колькасць сваіх войск на еўрап. і азіяцкі тэатры ваенных дзеянняў, дзейнічаць сумесна і неадкладна. Турцыя ў сваю чаргу пазбаўлялася права ўступаць у любыя перагаворы з Расіяй без паведамлення і згоды саюзнікаў.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,

сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1913 Замацаваў становішча на Балканах пасля 1-й Балканскай вайны (гл. ў арт. Балканскія войны 1912—13).

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ ПРАТАКО́Л 1830 Падпісаны 3 лют. ў Лондане прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Расіі і Францыі пасля заключэння Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829. Зафіксаваў незалежнасць Грэцыі ад Турцыі, дасягнутай грэкамі ў выніку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвяшчаў Грэцыю канстытуцыйнай манархіяй з гарантыяй яе незалежнасці з боку трох дзяржаў — удзельніц Л.п. Аднак у склад Грэцыі не былі ўключаны некаторыя тэрыторыі, населеныя грэкамі (гл. таксама Лонданская канвенцыя 1827).

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш. Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т.л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.

В.М.Навумчык.

т. 9, с. 343

ЛО́НДАНСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (London Philharmonic Orchestra),

адзін з лепшых аркестраў Еўропы. Засн. ў 1932 англ. дырыжорам і імпрэсарыо Т.Бічэмам. З 1933 удзельнічаў у канцэртах Каралеўскага філарманічнага і Каралеўскага хар. т-ваў, летніх оперных спектаклях т-ра «Ковент-Гардэн», розных фестывалях. З канца 1930-х г.самаст. арганізацыя. Выканальніцкаму майстэрству ўласцівы ансамблевая зладжанасць, маляўнічасць гучання, рытмічная дакладнасць, тонкае адчуванне стылю. У рэпертуары творы сусв. класікі, англ. аўтараў, сучасных кампазітараў. У розны час аркестрам дырыжыравалі Э.Ансермэ, Э. ван Бейнум, Б.Вальтэр, Г.Караян, Э.Клейбер, Ш.Мюнш, М.Сарджэнт, В.Фуртвенглер і інш. Сярод кіраўнікоў Т.Бічэм, А.Боўлт, Б.Хайтынк.

т. 9, с. 343

ЛО́ННА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Лонніца (выцякае з возера) і Палата, за 18 км на ПнУ ад г. Полацк, за 1,8 км. на ПнЗ ад в. Узніцы, на тэр. біял. заказніка Лонна. Пл. 0,6 км2, даўж. больш за 1 км, найб. глыб. 2,6 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,83 км. Пл. вадазбору 1,12 км2. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі тарфяністыя, сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае. З возера выцякае ручай у р. Палата.

т. 9, с. 344

ЛО́ННА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай аховы ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 439 га. Размешчаны на вярховым балоце Лонніца; у цэнтр. ч.воз. Лонна. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін. На мінер. участках хвоя, бяроза, вольха, елка.

т. 9, с. 344

ЛО́ННЕ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 23 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,23 км2, даўж. 700 м, найб. шыр. 440 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі забалочаныя. На Пн злучана ручаём з р. Дрыса.

т. 9, с. 344

ЛО́ННІЦА,

рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дахнарка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 100 км2. Выцякае з воз. Лонна за 2 км на ПдУ ад в. Лоніца. Паводле інш. крыніц, рака бярэ пачатак за 2,5 км на ПдЗ ад в. Конны Бор. Цячэ па лясістай мясцовасці.

т. 9, с. 344