Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́РСКІ Мікалай Аляксеевіч

(4.8.1904, г. Кастрама, Расія — 1.10.1968),

бел. савецкі вучоны ў галіне селекцыі с.-г. жывёлы. Д-р с.-г. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Казанскі с.-г. ін-т (1926). З 1954 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1959 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па метадах фарміравання вытв. статкаў кастрамской і швіцкай парод буйн. раг. жывёлы. Дзярж. прэмія СССР 1945.

т. 5, с. 366

ГО́РСКІ Пётр Андрэевіч

(10.6.1874, в. Валок Харкаўскай вобл., Украіна — ?),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р медыцыны (1910). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1898). Працаваў ваен. урачом у г. Бабруйск. Навук. працы па вывучэнні сан. стану Бабруйска, пра фіз. развіццё, здароўе насельніцтва Бабруйскага павета. Сфармуляваў прапановы пра паляпшэнне сан. стану, развіццё мед. дапамогі і ўвядзенне сан. нагляду ў Бабруйску.

т. 5, с. 366

ГО́РСКІ Станіслаў Батыс

(6.5.1802, в. Дварэц Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1864),

бел. батанік-фларыст, медык, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1825). У 1829—32 заг. бат. саду Віленскага ун-та, у 1832—42 ад’юнкт, праф. Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1842—47 жыў у Паставах, займаўся батанікай і энтамалогіяй, працаваў з арнітолагам К.Тызенгаўзам. Некаторы час жыў за мяжой, працаваў у музеях і б-ках Берліна. Горскі адзін з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы. Склаў пералік сабраных ім у 1820—29 насенных раслін (1830), каталог раслін бат. саду Віленскай мед.-хірург. акадэміі (1834), табліцы з малюнкамі 20 відаў раслін (выдадзены ў 1849), меў цесныя сувязі з батанікамі Еўропы, забяспечваў гербарыямі і ўзорамі расліннасці Беларусі і Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі. Імем Горскага названы некат. віды раслін і насякомых.

т. 5, с. 366

ГО́РСКІЯ,

гл. Друцкія-Горскія.

т. 5, с. 367

ГО́РСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у стараж. г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.М.Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен. значэнне.

т. 5, с. 366

ГОРСТ

(ням. Horst літар. гняздо),

прыўзняты, звычайна выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны крута нахіленымі разрывамі — скідамі або ўскідваннямі. Бывае просты горст (абмежаваны двума) і складаны (некалькімі скідамі або ўскідваннямі), шыр. да многіх дзесяткаў, даўж. да соцень кіламетраў. Схілы горста могуць быць укрыты асадкавымі пародамі.

т. 5, с. 367

ГО́РЦАВА Ларыса Мікалаеўна

(н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Маша («Чайка» А.Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.

Дз.І.Стэльмах.

т. 5, с. 367

ГО́РЫ,

участкі зямной паверхні, якія ўзняты вышэй за 500 м над узроўнем мора і характарызуюцца рэзкімі ваганнямі вышынь на невял. адлегласцях.

Горы адасоблены ад сумежных раўнін падножжамі ці пераходнай паласой невысокіх (500 — 700 м) расчлянёных перадгор’яў. Цягнуцца ад соцень да некалькіх тысяч кіламетраў прамалінейна (Вял. Каўказ, Кардыльеры) або выгінаюцца як дугі (Альпы, Карпаты). Схілы ў залежнасці ад тэктанічнай будовы, характару горных парод, узросту, клімату бываюць пакатыя, стромкія (40—45°), вертыкальныя; паводле марфалогіі і профілю адрозніваюць прамыя, увагнутыя, выпуклыя, увагнута-выпуклыя, ступеньчатыя. У залежнасці ад памераў, будовы і ўзросту вылучаюць горны пояс, горную сістэму, горную краіну, горныя хрыбты, горныя грады, горныя вяршыні, горныя групы, раздзеленыя паніжэннямі: міжгорнымі ўпадзінамі, горнымі далінамі. Іх спалучэнне дае розныя тыпы расчлянення гор у плане: паралельнае (Каўказ), радыяльнае (Хан-Тэнгры, пік Перамогі ў Цянь-Шані), перыстае, або папярочнае (Высокі Таўэрн у Альпах), крацістае (Паўд. Урал, Усх. Цянь-Шань), расчлянёнае з кулісападобным размяшчэннем хрыбтоў (Зах. Закаўказзе, Паміра-Алай). У марфал. адносінах горы падзяляюцца на нізкагор’і (да 1000 м), сярэднягор’і (да 2000 м), высакагор’і (вышэй за 2000 м). Нізкагор’і ўтвараюцца, калі пераважаюць працэсы разбурэння (выветрыванне, эрозія, схілавы перанос матэрыялу і інш.), вызначаюцца мяккімі, акруглымі профілямі, шырокімі далінамі рэк (Бадхыз, Казахскі драбнасопачнік). Сярэднія горы (Вагезы, Капетдаг, Сярэдні Урал, Шварцвальд) маюць спадзістыя схілы, авальныя перагіны, купалападобныя вяршыні, шырокія даліны рэк. Высокія горы (Анды, Альпы, Гімалаі, Памір, Цянь-Шань і інш.) характарызуюцца глыбокім расчляненнем, стромкімі схіламі, наяўнасцю пірамідальных вяршынь і высокіх грабянёў (гл. Нізкагорны рэльеф, Сярэднегорны рэльеф, Высакагорны тып рэльефу). Паводле паходжання горы ўмоўна падзяляюць на: тэктанічныя са складкавай (Альпы, Анды, Гімалаі), або складкава-глыбавай структурай (Апалачы, Урал, Цянь-Шань), паднятыя на некалькі тысяч км, якія вылучаюцца разнастайнасцю рэльефаўтваральных працэсаў і глыбокім расчляненнем; эразійныя — высокаўзнятыя платопадобныя паверхні з гарызантальнай геал. структурай, якія пазней апынуліся пад уплывам навейшых (неатэктанічных) падняццяў і расчлянёны далінамі рэк і часовых патокаў (плато Каларада); вулканічныя, конусы вулканаў, высакагорныя лававыя покрывы (Армянскае нагор’е). Адрозніваюць геал. ўзрост (час першага падняцця гор з геасінкліналі) і геамарфалагічны (час апошняга ўтварэння горнага рэльефу). Напр., Цянь-Шань пачаў фарміравацца ў каледонскую эпоху арагенезу, сучасныя марфал. рысы склаліся ў кайназоі. Найважнейшыя паверхневыя (экзагенныя) працэсы ў гарах — выветрыванне, эрозія, ледавіковыя працэсы, схілавы перанос матэрыялу і інш. Асноўная геагр. заканамернасць горных тэрыторый — праяўленне вышыннай пояснасці. Гл. таксама Горныя ландшафты, Горны клімат.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987;

Леонтьев О.К., Рычагов Г.И. Общая геоморфология. 2 изд. М., 1988.

Л.У.Мар’іна.

т. 5, с. 367

ГО́РЫ,

археалагічныя помнікі каля в. Горы Горацкага р-на. Гарадзішча зарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя. Пляцоўка авальная, памерам 180×70 м. Культурны пласт 0,8—1,2 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, касцяныя арнаментаваныя пласціны, медныя скроневыя кольцы, медны і каменны абразкі. Замчышча на ПдУ ад гарадзішча (гл. Горскі замак).

А.А.Мяцельскі.

т. 5, с. 367

ГО́РЫ,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.Д.Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. З пач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ. З 1924 у БССР. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.

Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.

В.М.Князева.

т. 5, с. 367