ГО́РЦАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.​Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.​Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.​Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.​Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.​Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.​Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Маша («Чайка» А.​Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.​Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.​Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.​Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.

Дз.​І.​Стэльмах.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)