ГО́ЛЬДЖЫ
(Golgi) Каміла (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),
італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв. клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоід — Гольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС,
Гольджы апарат, Гольджы зона, унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬДФЕЛЬД Віктар Маркавіч
(6.1.1894, г. Кіраваград, Украіна — 19.12.1982),
украінскі і бел. скрыпач, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Праф. (1935). Вучыўся ў Брусельскай (1908—09), скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас Л.Аўэра). У 1917—41 педагог Харкаўскага муз.-драм. ін-та. Адначасова канцэртмайстар сімф. аркестра, вёў канцэртную дзейнасць (выступаў у ансамблях з К.Шыманоўскім, Г.Нейгаўзам, У.Горавіцам). Арганізатар і 1-ы скрыпач (1920—27) вядомага Квартэта імя Ж.Б.Вільёма. З 1944 праф. і заг. кафедры Кіеўскай кансерваторыі. З 1958 праф. Бел. кансерваторыі па класах скрыпкі і камернага ансамбля, кіраваў (з М.Браценнікавым) ансамблем скрыпачоў кансерваторыі. У пед. дзейнасці спалучаў традыцыі школы Аўэра з сучаснымі выканальніцкімі прынцыпамі.
Літ.:
Юзефович В. Наследник славных традиций // Сов. Музыка. 1978. № 3.
А.А.Саламаха.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬДШМІТ
(Goldschmidt) Віктар Морыц (27.1.1888, г. Цюрых, Швейцарыя — 20.3.1947),
нарвежскі геахімік, адзін з заснавальнікаў геахіміі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў ун-тах Вены, Мюнхена і Осла (1905—11). З 1914 праф. і дырэктар Мінералагічнага ін-та ў Осла. З 1928 у Гётынгенскім ун-це, у 1935—42 і з 1946 дырэктар Геал. музея ў Осла. Навук. працы па фіз. хіміі мінералагенезісу, крышталяхіміі і хіміі мінералаў, горных парод і зямной кары. Сфармуляваў «мінералагічнае правіла фаз» (1911), законы ўтварэння крышт. структур, асновы тэорыі геахім. пашырэння элементаў (1923). Распрацаваў геахім. класіфікацыю хім. элементаў, даследаваў распаўсюджанне рэдкіх элементаў у зямной кары.
А.П.Чарнякова.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬМАН Міхаіл Барысавіч
(29.10.1894, г. Кабялякі, Украіна — 27.12.1937),
удзельнік рэв. руху, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1916), Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1927). З 1914 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. З 1916 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага Савета, з мая 1917 старшыня Магілёўскага Савета сял. дэпутатаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 левы эсэр, старшыня выканкома Савета рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Магілёўскай губ., нам. старшыні Бел. абл. к-та. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 чл. РКП(б). З 1918 нам. старшыні Сімбірскага губ. выканкома і ваенкома, старшыня рэўтрыбунала. У 1921—23 супрацоўнік Усх. сектара Выканкома Камінтэрна, старшыня Камісіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1924—25 у Дзяржплане СССР і ў аддзеле друку ЦК ВКП(б). З 1927 дацэнт БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Аўтар прац па эканоміцы. У ліп. 1927 за ўдзел у т.зв. трацкісцка-зіноўеўскім блоку выключаны з ВКП(б); у 1929 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў ссылкі. У 1936 паўторна асуджаны на 5 гадоў зняволення, пазней — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.
Т.Р.Воранава, У.В.Ляхоўскі.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬМІЙ
(лац. Holmium),
Но, хімічны элемент III групы перыяд, сістэмы, ат. н. 67, ат. м. 164,9304, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 165Ho. Адкрыты швед. хімікам П.Клеве ў 1897.
Метал светла-шэрага колеру, tпл 1470 °C, шчыльн. 8799 кг/м³. Лёгка паддаецца мех. апрацоўцы. У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (акрамя фторыставадароднай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў, спец. шкла, актыватар люмінафораў.
т. 5, с. 328
ГОЛЬФ
(англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой гумы (вес 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
т. 5, с. 328
ГОЛЬЦ Георгій Паўлавіч
(6.3.1893, Масква — 27.5.1946),
рускі і бел. архітэктар і тэатр. мастак. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1922) у Маскве. Сярод ранніх работ у стылі канструктывізму — Дзярж. банк у Мінску (1927; у сааўт.; не захаваўся). У Віцебску ў БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа) аформіў спектаклі: «Разлом» Б.Лаўранёва (1928), «Горад вятроў» У.Кіршона, «Авангард» В.Катаева (абодва 1930), «Качагары» І.Гурскага (1931), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1933) і інш. Сярод работ у Маскве: жылыя дамы на Ленінскім і Кутузаўскім праспектах, вул. М.Горкага (1939—40). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Літ.:
Быков В.Е. Георгий Гольц. М., 1978.
Л.А.Воінаў.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬЦБЛАТ Аляксандр Ісакавіч
(12.3.1932, Масква — 1996),
бел. вучоны ў галіне авечкагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1980). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1955). З 1961 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1983 у Вышэйшай селекцыйнай дзярж. школе (пас. Быкова Маскоўскай вобл.), Навук. працы па пытаннях селекцыі авечак і тэхналогіі танкаруннай авечкагадоўлі, стварэнні шматплоднай паўтанкаруннай пароды авечак з выкарыстаннем парод, якіх гадуюць на Беларусі; па ўдасканаленні сістэмы інтэнсіўнай вытворчасці прадуктаў авечкагадоўлі дастасавальна да ўмоў Беларусі.
Тв.:
Повышение продуктивности овец. Л., 1982 (разам з А.Д.Шашам);
Селекционно-генетические основы повышения продуктивности овец. Л., 1988 (разам з А.І.Ярохіным, А.М.Ульянавым).
т. 5, с. 329