ГО́ЛЬДФЕЛЬД Віктар Маркавіч

(6.1.1894, г. Кіраваград, Украіна — 19.12.1982),

украінскі і бел. скрыпач, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Праф. (1935). Вучыўся ў Брусельскай (1908—09), скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас Л.Аўэра). У 1917—41 педагог Харкаўскага муз.-драм. ін-та. Адначасова канцэртмайстар сімф. аркестра, вёў канцэртную дзейнасць (выступаў у ансамблях з К.Шыманоўскім, Г.Нейгаўзам, У.Горавіцам). Арганізатар і 1-ы скрыпач (1920—27) вядомага Квартэта імя Ж.Б.Вільёма. З 1944 праф. і заг. кафедры Кіеўскай кансерваторыі. З 1958 праф. Бел. кансерваторыі па класах скрыпкі і камернага ансамбля, кіраваў (з М.Браценнікавым) ансамблем скрыпачоў кансерваторыі. У пед. дзейнасці спалучаў традыцыі школы Аўэра з сучаснымі выканальніцкімі прынцыпамі.

Літ.:

Юзефович В. Наследник славных традиций // Сов. Музыка. 1978. № 3.

А.А.Саламаха.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)